Гэтыя словы ў поўнай меры можна аднесці да Аляксандры Міцкевіч, Веранікі Хлястоўскай, Алёны Варонік і Таццяны Панасюк, якіх вы бачыце на гэтым фотаздымку. Усе яны працуюць у раённым Доме культуры, і Дзень моладзі для іх – гэта сапраўднае свята. Мала таго, што яны самі – маладыя, прыгожыя, дык і ў большасці сваёй іх прафесійная дзейнасць звязана з моладдзю. Праўда, Таццяна толькі кіруе хорам ветэранаў, хоць, як кажуць, і яны не старэюць душой, а вось Аляксандра і Алёна нават у аддзеле працуюць, які так і называецца: па рабоце з моладдзю. Усе трое яны – маладыя спецыялісты, і яшчэ не прайшло нават года, калі дзяўчаты былі накіраваны на работу ў раённы Дом культуры. Але і за такі кароткі час яны змаглі праявіць сябе, дабіліся пэўных вынікаў. Аляксандра – рэжысёр, і сцэнарыі большасці святаў і мерапрыемстваў рыхтуюцца з яе ўдзелам. Вось і нядаўняе свята дзяцінства прайшло цікава ў многім дзякуючы яе творчым задумкам і намаганням.
Алёна выдатна спраўляецца з функцыямі культарганізатара. Яна добра танцуе і вучыць дзяцей танцам. З яе ўдзелам прайшлі выпускныя ранішнікі ў дзіцячым садзе і ў чацвёртых класах школы ў Вялікай Бераставіцы.
Вераніка Хлястоўская з’яўляецца мастацкім кіраўніком раённага Дома культуры. Акрамя гэтага яна вучыць дзяцей сольным спевам у гуртках “Салавейкі” і “Вясёлка”. Застаецца дадаць толькі, што Вераніка ў адрозненне ад сваіх сябровак прайшла прыступку “маладога спецыяліста”. Яна працуе ў РДК ужо амаль тры гады.
Усім маладым з нагоды свята хочацца пажадаць шчасця, кахання, невычарпальнай энергіі, аптымізма і ўдачы ва ўсіх пачынаннях.
Сяргей Хілюта
Фота аўтара