У чацвер, 21 ліпеня, у СВК “Алекшыцы” ўрачыста адсвяткавалі пачатак жніва. Вялікую карысць свайму народу прыносіць той, хто вырошчвае духмяны хлеб, які дае кожнаму з нас жыццёвую сілу. Нашы прашчуры ведалі, што перад жнівом трэба з любоўю дамовіцца з зямлёй-матухнай, ад сэрца падзякаваць ёй за шчодры ўраджай.
У СВК “Алекшыцы” шануюць даўнія традыцыі. У адрас земляробаў прагучалі цёплыя словы, шчырыя віншаванні з доўгачаканым святам і прыгожыя лірычныя песні. На ўскрайку поля быў пастаўлены каравай з былога ўраджаю, як даніна карміцельцы-зямлі і падзяка магутнаму Богу. Сярпамі, якія засталіся ад дзядоў, быў зжаты важкі першы сноп з новага ўраджаю. Настаяцель прыходу храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Алекшыцы протаіерэй Сергій Гмір і настаяцель прыходу Святога Антонія аграгарадка Малая Бераставіца ксёндз Андрэй Казлоўскі шчыра памаліліся за руплівых людзей, якія будуць працаваць на жніве, асвяцілі вытворчую тэхніку.
Цудоўнае свята для аграрыяў стварылі старшыня гаспадаркі Валерый Паўлюкевіч, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце і старшыня прафкама Ганна Міхаленка, загадчык філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аграгарадка Алекшыцы Уладзімір Макар, фальклорны гурток “Надзея”, дзіцячы фальклорны калектыў “Валошкі” і іншыя. Няхай спрыяе вам добрае надвор’е на хлебнай ніве, шаноўныя землякі!
Ніна Наддэ, фота аўтара