Раённае свята да Міжнароднага дня абароны дзяцей прайшло 31 мая ў Вялікай Бераставіцы.
На пляцоўцы летняга амфітэатра сабраліся дэлегацыі з усіх школ раёна і самыя маленькія жыхары гарадскога пасёлка. Надвор’е, якое з раніцы палохала дажджом, на час мерапрыемства адарыла ўсіх ласкавым сонейкам, каб далучыць такім чынам і свае віншаванні да дзіцячага свята.
Адкрываючы мерапрыемства, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Алена Буткевіч павіншавала хлопчыкаў і дзяўчынак з Днём дзяцінства, які супадае з пачаткам летніх канікулаў, і пажадала, каб гэты час у іх быў напоўнены цікавымі і карыснымі справамі.
Алена Рыгораўна падзякавала і дарослым, якія прыкладаюць намаганні, каб зрабіць шчаслівымі тых дзяцей, што знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, і ўручыла шэрагу кіраўнікоў устаноў і прадпрыемстваў раёна Падзячныя пісьмы за ўдзел у дабрачыннай акцыі да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Больш за 30 школьнікаў – пераможцы і ўдзельнікі раённых і школьных конкурсаў, аглядаў і спартыўных спаборніцтваў — атрымалі памятныя падарункі. Салодкія пачастункі былі падрыхтаваны таксама для кожнай дэлегацыі і ўдзельнікаў конкурснай праграмы. Сродкі на правядзенне мерапрыемства выдзелілі райвыканкам і раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду.
Цудоўны настрой ва ўсіх удзельнікаў свята стварыў канцэрт, які быў насычаны яркімі нумарамі, а таксама разнастайнымі гульнямі, што праводзілі з дзіцячай аўдыторыяй казачныя героі.
Затым забаўляльная праграма працягнулася на тэматычных пляцоўках, а яны ў гэтым годзе былі вельмі разнастайнымі. Конкурс малюнкаў на асфальце праводзілі супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра абароны насельніцтва, казачную літаратурную віктарыну падрыхтавалі работнікі дзіцячай бібліятэкі. Шмат цікавых гульняў і конкурсаў чакала на пляцоўках ААТ “Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”, арганізатары якіх падрыхтавалі свае прызы і сувеніры для іх ўдзельнікаў.
Вялікае захапленне, асабліва ў хлопчыкаў, выклікалі пляцоўкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзялення дзяржаўтаінспекцыі РАУС, на якіх была прадстаўлена службовая тэхніка, абсталяванне, сродкі аховы і службовая форма. У кожнага была магчымасць прымераць касцюм выратавальніка ці бронежылет, пасядзець за рулём пажарнай машыны ці машыны ДАІ і нават падаць у іх спецыяльны сігнал або сфатаграфавацца на памяць у выглядзе самага сапраўднага выратавальніка ці міліцыянера.
Дапаўнялі атмасферу свята ўсімі любімыя атракцыёны і гандлёвыя кропкі з разнастайнымі цацкамі, з салодкай ватай, поп-корнам і іншымі прысмакамі, якія так падабаюцца дзецям.
Дарослыя пастараліся, каб падарыць хлопчыкам і дзяўчынкам сапраўднае свята. І пацвярджэннем, што гэта ўдалося, сталі радасныя ўсмешкі, якія на кожным кроку расцвіталі на тварах маленькіх жыхароў Бераставічыны.
Ірына Міклаш, фота аўтара