Правядзенне брэндавага “Свята беларускіх гаспадынь” у Малой Бераставіцы супала з Яблычным Спасам — старажытным земляробчым святам, звязаным з выспяваннем пладоў. У народзе Спас здаўна лічылі днём адлёту буслоў. Калі яны пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад Спасам, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна цяплейшая; калі ж пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная.
Адлёту буслоў у гэты дзень мы не засталі, а вось капрызы прыроды пабачылі. Яна ўсім паказала свой ганарлівы характар, абрушыўшы на зямлю суцэльную сцяну дажджавых кропляў.
Добра, што гасцей і ўдзельнікаў свята гэта не надта спалохала. І мерапрыемства распачалося з ушанавання лепшых хлебаробаў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”, якое затым плаўна “перацякло” ў свята прыгажосці, гасціннасці і шчырасці.
— “Свята беларускіх гаспадынь” мы плануем адзначаць штогод, — гаворыць Ганна Варанцова, загадчык філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Малая Бераставіца, — у нашай мясцовасці шмат добрых, працавітых і, галоўнае, таленавітых людзей. Тых, хто ўмее вышываць, ткаць, вязаць. Можа ўжо зараз і не ўсе з іх займаюцца рукадзеллем, але іх вырабы неаднаразова ўпрыгожвалі малабераставіцкае святочнае падвор’е ў раёне і вобласці. Дык чаму не пазнаёміцца з імі бліжэй, не расказаць пра іх захапленні, ды ўвогуле, як кажуць “не адкрыць іх свету”?
І сапраўды, а чаму б і не?! Яны вартыя ўвагі. Шчырыя словы падзякі ў гэты дзень гучалі ўдзельніцам у намінацыі “Лепшая рукадзельніца” – Ірыне Даўгучыц, Галіне Красоўскай, Ірыне Дзямідзік. Жанчыны былі ўзнагароджаны памятнымі падарункамі і Падзячнымі пісьмамі за захаванне і развіццё народнай творчасці.
У намінацыі “Лепшы падворак” былі адзначаны Марына Сяўко, Марына Кашчыц, Святлана Галай, Ала Бараноўская, Ірына Горбач, Людміла Кузьма, Людміла Каскевіч.
Удзельніцы ў намінацыі “Лепшая нацыянальная страва” – Надзея Сяўко, Ніна Сягоднік, Маргарыта Гарбацэнка, Марыя Богдан, Ала Ігнатовіч, Ганна Семянюк, Яўгенія Заміроўская — таксама не засталіся па-за ўвагай. На памяць аб гэтым незабыўным дні гаспадыні атрымалі падарункі і Падзячныя пісьмы за захаванне народных традыцый.
Як пасля прызналася адна з удзельніц свята Ніна Сягоднік, гатуе яна змалку, і як зазвычай бывае, навучылася ўсім тонкасцям ад матулі. Сёння адной з яе фірмовых страў з’яўляюцца наліснікі з тварагом.
Дарэчы, пасмакаваць усе стравы можна было адразу пасля заканчэння канцэртнай праграмы, якую падрыхтаваў народны ансамбль народнай песні “Беларускія музыкі” і артысты Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Акрамя гэтага на свяце дзейнічала выстава-продаж вырабаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Стварыць кнігу “Стравы нацыянальнай кухні”, кнігу рэкордаў “Сад-агарод”, прыдумаць і ўвесці сімвал свята – гэта толькі маленькая частка таго, што запланавана арганізатарамі мерапрыемства на наступны год. І я веру, што ўсё задуманае абавязкова здзейсніцца, бо ва ўсе часы знойдуцца людзі, не абыякавыя да свайго адметнага, нацыянальнага.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара