З той пары, як пад сваё крыло ў 2004 годзе, тады яшчэ СПК “Бераставічанка”, узяло ААТ “Малочны Мір”, змянілася многае. Значна ўмацавалася матэрыяльна-тэхнічная база, павялічыліся вытворчыя паказчыкі і іншае. Усё гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Малочны Мір” Марыны Анікеевай, якая заўсёды адкрыта для новых ідэй дзеля ўдасканалення вытворчасці.
Па словах выконваючага абавязкі дырэктара СВП “АграМір” Мікалая Гуза, у цэлым у вытворчасці практычна ўсіх відаў сельскагаспадарчай прадукцыі дасягнуты добрыя вынікі, нават нягледзячы на тыя капрызы надвор’я, якія яно “падаравала” у гэтым годзе.
Сёння, дзякуючы намаганням усіх працаўнікоў, у сельгаспрадпрыемстве павялічваецца вытворчасць прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, паляпшаецца яе якасць.
СВП “Аграмір” багатае на людзей з высокім пачуццём адказнасці, з любоўю да справы, якую выконваюць. Так, прыкметны ўклад у вытворчасць малака ўносяць аператары машыннага даення Данута Сапожнікава і Марына Марынава, а таксама жывёлаводы Андрэй Мазола і Уладзімір Богуш. Галоўнай крыніцай даходаў у СВП «АграМір» па-ранейшаму з’яўляецца малако, якое сельгаспрадпрыемства вырабляе для перапрацоўкі і атрымання малочнай прадукцыі на прадпрыемствах ААТ «Малочны Мір». Толькі за 9 месяцаў бягучага года валавы надой склаў каля 4000 тон малака.
Дамагчыся ж высокіх надояў дапамагае і добрая кармавая база. У гэтым годзе сельгаспрадпрыемствам было нарыхтавана звыш 8000 тон сенажу, з іх больш за 1000 тон заклалі ў палімерны матэрыял. Сіласу нарыхтавалі амаль 13500 тон. Кукуруза на зерне была скошана на 185 гектарах, пры ўраджайнасці 102 цэнтнеры з гектара, валавы збор зерня склаў каля 2000 тон.
Вялікая адказнасць лягла на плечы тых работнікаў, што былі задзейнічаны на ўборцы збожжавых і зернебабовых. З уборкай гэтых культур у СВП “Аграмір” справіліся раней вызначанага тэрміну і нарыхтавалі на 2000 тон збожжа больш, чым у мінулым годзе. Агульныя намалоты склалі звыш 5000 тон збожжа пры ураджайнасці 57,1 ц/га.
Дзеля гэтага выніку сёлета добрасумленна працавалі галоўны аграном Павел Канеўскі, загадчык участка Чэслаў Лісоўскі, загадчык зернясклада Іван Барташэвіч, а таксама механізатары Віктар Каваленя, Мікалай Ісар, Анатоль Жыдок, Сяргей Томары, Віталь Шульц, Юрый Багдзей, вадзіцелі Андрэй Вабішчэвіч, Яўген Дуткоўскі.
Увогуле, з асноўнай задачай – нарыхтоўкай кармоў, збожжавых і зернебабовых культур – у сельгаспрадпрыемстве справіліся паспяхова.
Неблагі ўраджай даў і сад. Тут атрымалі каля 300 тон добрых па якасці, сакавітых яблыкаў. Са зборам садавіны справіліся ў вызначаны тэрмін і з найменшымі працавыдаткамі. Зараз вядзецца частковае абнаўленне саду, пасадка маладых дрэўцаў ажыццяўляецца на 10 гектарах.
Мікалай Мікалаевіч спадзяецца, што дзякуючы новым спецыялістам, а гэта начальнік участка Андрэй Кучун, аграномы-садаводы Антон Вярышка і Яўген Масюкевіч, зменіцца і агульны падыход да саду.
Правядзенне эфектыўнай селекцыйнай працы, кваліфікаванае штучнае асемяненне кароў, прафілактыка і лячэнне захворванняў жывёл – усе гэтыя задачы леглі на плечы заатэхніка-селекцыянера Ірыны Пужаль, аператара па штучнаму асемяненню Уладзіміра Кліменкі і ветурача-гінеколага Сяргея Гутоўскага.
У ліку лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства і аператары па вырошчванні маленькіх цялят Галіна Міцкевіч і Сяргей Канецкі.
З усёй самааддачай выконваюць свае абавязкі галоўны інжынер Віктар Шымчук, загадчык майстэрняў Віктар Вялесік, загадчык машыннага двара Віталь Суета, загадчык склада гаруча-змазачных матэрыялаў і запчастак Наталля Шульц.
Проста не прадстаўляецца магчымым пералічыць кожнага працаўніка, але дакладна вядома, што ад самаадданай працы кожнага члена калектыву залежаць поспехі ўсяго сельгаспрадпрыемства.
У цэлым вынікамі гэтага года задаволены не толькі ў СВП “АграМір”, але і ААТ “Малочны Мір”.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара
***
Паважаныя працаўнікі
СВП “Аграмір”, ветэраны
сельскагаспадарчай вытворчасці!
Прыміце самыя шчырыя і сардэчныя віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу!
Вялікі дзякуй вам за нялёгкую працу і за поспехі, якіх удалося дасягнуць у 2017 годзе, за адданасць сваёй справе, беражлівае і руплівае гаспадаранне на роднай зямлі. Шчыра жадаю поспехаў у вашай нялёгкай працы, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту вам, вашым родным і блізкім.
Выконваючы абавязкі дырэктара сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства “АграМір”
Мікалай Гуз