СВП “АграМір” развівае пладаводства

Лента новостей

IMG_5921Ніхто не застанецца раўна­душным да духмяных смачных яблыкаў, маліны, чорнай парэчкі, агрэсту і ароніі. Яны могуць стварыць нам сапраўднае “свята смаку”. Тое, што ў СВП “АграМір” ёсць такі адметны сад, вялікая ўдача для гаспадаркі.

Пладаводства – перспектыўная галіна ў айчыннай аграрнай вытворчасці. У краіне дзейнічала дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агароднінаводства і пладаводства на 2011 – 2015 гады, у рамках якой было шмат зроблена, і работа ў гэтым напрамку працягваецца і далей. Калі распрацоўвалі такую важную праграму, трымалі ў полі зроку шмат праблем, якія неабходна вырашыць. Напрыклад, “праблемнае” пытанне для нас – гэта тое, што сваё насельніцтва не забяспечваецца поўнасцю айчыннымі яблыкамі, іх увозяць у краіну за валюту. За патрэбную і высакародную справу запрашалі брацца і фермераў. Пры гаспадарчым падыходзе да справы ў нашым клімаце можна столькі вырошчваць такой смачнай запатрабаванай вітаміннай прадукцыі, што нават самім экспартаваць, напрыклад, у Расійскую Федэрацыю. Гэта ўмацуе айчынную эканоміку. Аднак, у рэспубліканскім друку, напрыклад, неаднаразова даводзілася чытаць, што некаторыя сельгаскааператывы браліся за садаводства, але не дасягнулі поспехаў. Каб сад прадуктыўна пладаносіў, трэба займацца ім з клопатам і любоўю. Нашым садаводам з СВП “АграМір” уласцівыя гэтыя добрыя якасці. Кожны год можна палюбавацца на прыгожыя плантацыі чорнай парэчкі, ароніі. Адразу відаць, што яны перспектыўных культурных гатункаў. Чорныя парэчкі такія буйныя, што нагадваюць па памеры нават вішні. Таму і збіраць іх няцяжка, не так, як на прысядзібных участках, дзе ягады значна меншыя, а расліны не такія ўрадлівыя і прыгожыя. Парэчкі ў садзе СВП “АграМір” пасаджаны на 84-х гектарах.
Аронія таксама каштоўная культура. Яна вельмі карысная для здароўя пры многіх захворваннях, хаця, безумоўна, перад яе ўжываннем трэба абавязкова параіцца з доктарам. Сакавітую смачную ягаду ахвотна прымаюць і на вінаробчыя заводы. Яна дае прыгожы натуральны колер і выдатны смак. Аронія расце ў садзе на 18-ці гектарах. Ёсць тут і сапраўды дэлікатэсная ягада – рэмантантная маліна. Яна займае адзін гектар. Такая далікатная ягада — сапраўдная скарбонка вітамінаў і мінералаў. А яблыні займаюць у садзе 76 гектараў.
Сад добра даглядаецца. Рас­ліны апрацоўваюцца ад захворванняў і шкоднікаў. Прэпараты выкарыстоўваюцца сучасныя. Пасля апрацоўкі праходзіць вызначаны тэрмін, пакуль яблыкі і ягады можна будзе ўжываць. Прадукцыя правяраецца ў лабараторыі, на яе выдаецца адпаведны сертыфікат. Яна з’яўляецца бяспечнай для здароўя дзяцей і дарослых.
Кожную вясну ў садзе гарачая напружаная пара. Віды на ўраджай добрыя, вільгаці пакуль хапае для добрага развіцця раслін. Калі летам не будзе спёкі, сад парадуе нас сваёй каштоўнай прадукцыяй.
На мінулым тыдні тут вялася праполка. Мне давялося пагутарыць з жанчынамі, якія працуюць на праполцы. Рабочыя ўчастка “АграСад” СВП “АграМір” Елізавета Уфімцава, Ала Бухмет, Валянціна Курмель, Людміла Гардзейка і Галіна Пруская расказалі, што гэта вельмі нялёгкі від работ, але такі патрэбны. Адзначылі яны, што найбольш ім падабаецца працаваць на зборы шчодрага ўраджаю, бо вынік напружанай працы відавочны.
Пройдзе зусім мала часу, і вітамінная прадукцыя зноў парадуе ўдзячных спажыўцоў!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *