СВК імя Варанецкага на Рэспубліканскай дошцы Гонару

Лента новостей

СВК імя Варанецкага– адметная гаспадарка, такіх няшмат у рэспубліцы. У гады Савецкага Саюза слава аб калгасе імя Варанецкага грымела далёка за межамі Беларусі. Падзівіцца знакамітай калектыўнай гаспадаркай прыязджалі нават з Масквы. Шмат было зроблена для развіцця вытворчасці тут былым старшынёй Мікалаем Зданчуком, і добрыя традыцыі працягваюцца. Гэты таленавіты чалавек дбаў не толькі пра рост намалотаў і надояў, але яшчэ і стараўся, каб людзі багацелі, каб ім было камфортна жыць і адпачываць, каб дзеці іх стваралі слаўныя дынастыі і захоўвалі вернасць вёсцы і малой радзіме. З года ў год прымнажаюцца тут поспехі. Моцны “чалавечы фактар”, развітая культура земляробства, новыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі дазваляюць упэўнена рухацца наперад. Напрыклад, калі ў 1953 годзе ў тагачасным калгасе “Гвардыя” збіралі па 17 цэнтнераў збожжавых з гектара, дык зараз паказчык павялічаны ў шмат разоў! Можна сказаць, што хлебаробам з СВК імя Варанецкага цяжка саставіць канкурэнцыю! Мы можам шчыра павіншаваць працаўнікоў і з яшчэ адным важкім здабыткам – гаспадарка прызнана пераможцай спабор-ніцтва 2011 года і занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару. СВК імя Варанецкага прысуджана пачэснае другое месца. Гэта заканамерны вынік руплівай працы ўсяго калектыву і прадуманага клопату аб людзях.
У мінулым годзе тут перавыканалі прагнознае заданне па тэмпе росту аб’ёму вытворчасці прадукцыі ў параўнанні з 2010 годам. Пры задачы 109% рэальны паказчык атрымаўся 110,4%. Больш чым у два разы было прыцягнула інвестыцый у асноўны капітал. Вялікая ўвага надавалася энергазберажэнню і павышэнню эфектыўнасці вытворчасці. Узрасла прывага буйной рагатай жывёлы, свіней. Да прагнознага задання было атрымана ў 2,4 разы больш прыбытку па канчатковым фінансавым выніку.
Парадавала і першае паўгоддзе гэтага года. Прыбытак па канчатковым выніку дасягнуў 14,6 мільярда рублёў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі вырасла прыкладна ў 2 з паловай разы ў параўнанні з адпаведным часам мінулага года. Тэмп росту валавой прадукцыі дасягнуў 106,3% пры заданні 104,5%.
Зразумела, што такія крокі наперад не былі б магчымыя без зладжанай працы ўсяго калектыву. Рэкордная ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых у гэтым годзе звыш 93 цэнтнераў з гектара была здабыта мэтанакіраванай карпатлівай работай. Стараюцца ўсе, пачынаючы ад “ранняга жаўранка” старшыні Іосіфа Коласа і да радавых працаўнікоў. А галоўны інжынер Генадзь Аксаміт у той дзень, калі я прыехала ў сельгаскааператыў, разам з камбайнерам Аляксандрам Шумілам займаўся тэрміновым рамонтам. Стараліся яны зрабіць усё дасціпна, каб не прыйшлося больш у сувязі з гэтым турбавацца ў гарачую пару.
Звыш 30 гадоў аддаў працы галоўны заатэхнік гаспадаркі Вікенцій Адамчук. Поспехі ў жывёлагадоўлі СВК імя Варанецкага відавочныя, за гэты час надой на карову з той пары вырас амаль удвая. Генетычны патэнцыял буйной рагатай жывёлы звыш 9,5 тысяч кілаграмаў. Рэзервы росту ёсць. Аператар машыннага даення Жанна Цыганоўкіна ў мінулым го-дзе надаіла ад каровы 7897 кіла-грамаў малака і стала адной з лепшых у раёне і вобласці. У перспектыве ў СВК імя Варанецкага будуць старацца мець малако гатунку “экстра”.
Робіцца стаўка ў гаспадарцы і на вытворчасць свініны. Мясная свініна запатрабаваная, гэта “жывыя грошы”.

Вуліца Дружбы ў аграгарадку Вялікія Эйсманты, цэнтральнай сядзібе гаспадаркі, звініць дзіцячымі галасамі. Аб маладых сем’ях клапоцяцца, ім прадастаўляецца добраўпарадкаванае жыллё. Каля дамоў кветкі, кожныя гаспадары стараюцца ўпрыгожыць свой падворак. Дзецям ёсць чым заняцца ў вольны час, напрыклад, наведваць дзіцяча-юнацкую школу прафсаюзаў, дзе трэнер Марыя Кулікоўская вучыць іх коннаму спорту. У яе самой шмат узнагарод, і захапляецца яна гэтым з дзяцінства. Закончыла Марыя Ваўкавыскі аграрны каледж і вярнулася на сваю малую радзіму.
Шмат можна расказваць пра “флагман” раёна і яго незвычайных людзей, сціплых герояў, работа якіх, здаецца, і непрыкметная, і не заўсёды прэстыжная, але такая важная для ўсіх нас. Таму што няма жыцця без першаасновы — духмянага хлеба і таго, што “да хлеба”… Нізкі паклон вам, землякі, няхай і далей благаславёнай і ўрадлівай будзе родная зямля, дзе, па словах паэта, разам з нялёгкай працай і “так шчасця многа выпала на долю”.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *