СВК “Цецяроўка”: cучасныя тэхналогіі – гэта новыя магчымасці

Лента новостей

IMG_0025У Беларусі робіцца стаўка на сучасныя тэхналогіі ў малочнай жывёлагадоўлі. Дзяржава зацікаўлена ў нарошчванні выпуску запатрабаванай сыравіны. У нашым раёне таксама ёсць значныя здабыткі ў гэтай галіне.
Гаспадаркі Бераставіччыны паказваюць сябе з самага лепшага боку на ўзроўні вобласці і рэспублікі. За мінулы год на 440 тон узрос валавы надой і склаў 4381 тону малака на новым малочнатаварным комплексе “Рудаўляны” СВК “Цецяроўка”. Ён радуе сваім сучасным выглядам. На комплексе ёсць выдатныя магчымасці нарошчваць выпуск каштоўнай сыравіны. А ўтрымліваецца тут 786 кароў. Дагледзець іх няпроста, “чалавечы фактар” на такой вытворчасці вельмі важны.
Як і ўсюды, добрае здароўе рагулі на гэтым комплексе пачынаецца са здаровага цяляці. У першыя дзве гадзіны пасля нараджэння яно абавязкова павінна атрымаць першую порцыю малодзіва. Калі гэтага не зрабіць, імунная сістэма не будзе фарміравацца належным чынам. Працаўнікам растлумачана важнасць выпайкі нованароджаным цялятам малодзіва. Іх навучылі таксама, як правільна размарожваць яго. А для кантролю за тым, як выконваюцца патрабаванні, у гаспадарцы прымаюцца адпаведныя меры. Напрыклад, у цялят бяруцца аналізы крыві на імунаглабуліны. Калі яны атрымалі дастаткова малодзіва, аналіз гэта пацвердзіць. Ця­ля­ты ўтрым­лі­ваю­ц­ца спа­чатку ў інды­ві­дуальных доміках, затым у групавых. Нават прышчэпкі супраць захворванняў больш эфектыўныя, калі ў жывёлы моцная імунная сістэма. Даюць цялятам і адвары лекавых траў, гэта таксама ўмацоўвае здароўе. П’юць яны такі “чай” ахвотна.
Кармы ў СВК “Цецяроўка” добрай якасці, камбікорм гатуецца свой. Рацыёны разлічваюцца згодна з фізіялагічнымі патрэбамі жывёлы. Каровы ўтрымліваюцца па секцыях. Высокаўдойныя даюць у сярэднім па 25,6 кілаграма малака.

Валянціна Яроменка і Алена Валько
Валянціна Яроменка і Алена Валько

Каб была добрая аддача, трэ­ба строга прытрымлівацца новых тэхналогій. Праводзіцца дэзінфекцыя дыванкоў, на якіх спяць рагулі. Увага надаецца таксама стану капытоў. Жывёла на стойлавым утрыманні шмат часу знаходзіцца на нагах. Два разы ў год капыты абрэзваюць, ёсць і свой спецыяльны станок. Існуюць і спецыяльныя правілы абрэзкі, якія неабходна выконваць. Ад стану капытоў залежыць не толькі “добрая паходка”, але і тое, як увогуле сябе адчувае жывёла.
Аператары машыннага даення працуюць у аднаразовых пальчатках. Шмат залежыць ад майстэрства і добрасумленнасці даярак, жывёлу трэба любіць і шкадаваць. Раўнадушны чалавек не затрымаецца ў такой важнай прафесіі. Калі карова брудная, яе мыюць. Калі вымя чыстае, яго праціраюць вільготнай сурвэткай, затым апрацоўваюць спецыяльнай пенкай. Меры гэтыя накіраваны на прафілактыку мастытаў. Першыя пырскі малака здойваюцца ў спецыяльныя кубкі. Ужо па колеру і кансістэнцыі можна вызначыць, што рагуля захварэла. Яе будуць даіць асобна і лячыць. Сучасныя лекі эфектыўныя. Яны новага пакалення. Пасля лячэння некаторы час малако не здаецца.
У даільнай зале “Вестфалія” дояць адразу 36 кароў. Вопытныя аператары Валянціна Яроменка і Алена Валько ў сваёй прафесіі больш за 10 гадоў. Новым комплексам жанчыны задаволены, працаваць тут камфортна.
Пачаўся новы год. Хочацца спа­дзявацца, што ён будзе спрыяльны для нашых жывёлаводаў. Пажадаем ім малочных рэк і моцнага здароўя!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *