Свет захапленняў Наталлі Панкевіч

Лента новостей

Калі судзіць аб чалавеку па тым, як ён бавіць свой вольны час, дык Наталля Панкевіч — асоба ў гэтым плане сапраўды неардынарная. У той час, як некаторыя яе равеснікі не грэбуюць распіццём піва і іншымі спосабамі падняць свой настрой, яна часу дарэмна не траціць…
Ці ж жарты? Калі я пачула пра ўсе яе захапленні і дасягненні, у мяне літаральна адняло мову ад здзіўлення! Перш за ўсё таму, як аднаго чалавека можа на столькі хапаць? А па-другое, адкуль яна знаходзіць на ўсё час? Асабліва ўлічваючы тыя абставіны, што гэты год стаў для Наталлі сапраўды лёсавызначальным: яна заканчвала навучанне ў школе і рыхтавалася да паступлення ва ўніверсітэт. І, прыемна, што яе намаганні не засталіся марнымі: дзяўчына стала студэнткай філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яна хоча стаць выкладчыцай нямецкай мовы.
Выбар спецыяльнасці аказаўся не выпадковым: ужо зараз Наташа можа пахваліцца выдатным веданнем абранай мовы навучання, аб чым сведчаць яе паспяховы ўдзел у абласной алімпіядзе, з якой Наташа вярнулася з Дыпломам III ступені, ды і наогул высокія рэзультаты са штогадовых школьных і раённых алімпіяд.
Між іншым, Наташа выдатна паспявала і па другіх школьных прадметах: Макараўскую школу дзяўчына скончыла з залатым медалём. І, як адна з лепшых вучаніц вобласці, на маладзёжным форуме “Дорогу осилит идущий” сёлета атрымала спецыяльную стыпендыю Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага Фонду міру для таленавітай і адоранай моладзі.
У гэтым жа годзе ў “скарбонку” Наташыных узнагарод трапіў і Дыплом II ступені за ўдзел у літаратурным конкурсе імя У.У.Караткевіча “Бацькаўшчына светлая мая”. Паспрабаваць свае сілы ў конкурсе ёй параіў бацька. Павел Мікалаевіч — дырэктар Макараўскага ДС-СШ — педагог са стажам, і каму, як ні яму, лепш за ўсіх ведаць, як натхніць дзіця і раскрыць ў ім яго лепшыя якасці! Менавіта бацькі, па словах Наташы, — яе самая надзейная апора і падтрымка, крыніца самых карысных парад і ідэй. Яны заўсёды падтрымлівалі любое творчае пачынанне дачкі і ішлі ёй насустрач.
Яшчэ будучы малодшай школьніцай, Наташа адчула ў сабе прагу да выражэння сваіх думак і эмоцый праз паэзію. З тых пор напісанне вершаў стала яе сапраўдным захапленнем (а можа — і жыццёвым шляхам), па якім яна збіраецца крочыць і далей. У сваіх творчых пошуках дзяўчына аддае перавагу любоўнай і пейзажнай лірыцы, а арыентавацца імкнецца на прызнаных класікаў беларускай літаратуры — Янку Купалу і Якуба Коласа. Хтосьці скажа: ці не занадта высокая планка? І дарма: Наташа верыць у сябе і спыняцца на дасягнутам не збіраецца.
Акрамя таго, дзяўчына вучыцца іграць на гітары і малюе ў стылі “анімэ”. Падчас навучання ў школе спявала ў хоры, удзельнічала ў раённым конкурсе малюнкаў на сацыяльную тэматыку, здымала ўласны відэафільм на тэму добраўпарадкаванасці сядзіб у Макараўцах. Адным словам, чалавек шматгранных талентаў! Не за гарамі ўжо ўніверсітэт, і, хочацца спадзявацца, што Наташа і там знойдзе прымяненне сваім шматлікім здольнасцям.
А пакуль у сваіх снах дзяўчына бачыць землі Туманнага Альбіёна: Наташа марыць аб вандроўцы ў Лондан і, канешне, у краіны вывучаемай мовы — Германію і Аўстрыю. Упэўнена, аднойчы яе мары стануць рэальнасцю…. Асабіста ж я хацела б напаткаць Наташу праз гадоў гэдак з дзесяць (а то і раней) — на прэзентацыі яе ўласнага зборніка вершаў…
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *