Немагчыма ўявіць зладжаны сельскагаспадарчы канвеер без належнай работы аўтатранспарту. Грузавікі падвозяць адборнае насенне на падрыхтаваныя палі ў напружаны час сяўбы, адвозяць з сенажацяў назапашаныя кармы для жывёлы, багаты ўраджай ад магутных камбайнаў з залатых ніў, наш “другі хлеб” і салодкія карані… І кожны раз праца вадзіцеля пры гэтым незаменная. Не толькі яго прафесійнае майстэрства пры рабоце ў няпростых умовах цэніцца, але яшчэ і ўмелыя рукі пры рамонце тэхнікі, пастаянная адказнасць пры эксплуатацыі аўтатранспарту.
Герой нашай сённяшняй публікацыі – сапраўдны прафесіянал, пра яго мне давялося пачуць у СВК “Малабераставіцкі элітгас” самыя добрыя словы. Вадзіцель Андрэй Анішчык прафесію сабе выбраў, безумоўна, па прызванні. Ён мясцовы, з дзяцінства марыў атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, каб потым сесці за руль аўтамабіля. Таму дакументы падаў у Бераставіцкае прафтэхвучылішча, як зрабілі гэта і многія яго юныя аднавяскоўцы, і вучыўся там з ахвотай. Педагогі гэтай навучальнай установы не толькі далі яму трывалыя веды і сапраўдную “пуцёўку ў жыццё”, але і навучылі адказнасці на дарогах. Такая адказнасць і стала яго сапраўдным крэда на ўсё жыццё. Не сакрэт, што вадзіцелі – розныя людзі, кожны са сваім характарам. Напрыклад, некаторыя жыць не могуць без песень з магнітолы, іншыя любяць пагутарыць з пасажырам, каб абстрагавацца ад манатоннасці доўгай шэрай стужкі аўтамабільнай трасы. А вось наш непрыкметны герой – чалавек зусім не такі, а з вельмі строгімі правіламі, што выклікае вялікую павагу. На маё пытанне пра музыку ў кабіне Андрэй адказаў так:
— Не, музыку ніколі не ўключаю, яна перашкаджае вадзіцелю быць уважлівым на дарозе. А дарога – гэта сур’ёзна, гэта зона павышанай небяспекі. На чалавека за рулём і без таго ўплывае шмат фактараў. Упусціць тут нешта нельга, трэба быць пільным.
Успамінаючы свае першыя крокі ў самастойнае жыццё, вопытны вадзіцель расказвае, як пасля заканчэння вучобы ў Бераставіцкім прафтэхвучылішчы адслужыў у арміі ў Гродне. Атрыманая спецыяльнасць там вельмі згадзілася маладому бязвусаму салдаціку. Пасля давялося яму папрацаваць у абласным цэнтры вадзіцелем. Але хлопец хутка зразумеў, што вялікі горад і тлумнае жыццё там, гэта “не яго” і вярнуўся на сваю малую радзіму. Ён сапраўдны вясковец, яму тут камфортна. Працаваў у роднай гаспадарцы Андрэй спачатку вадзіцелем аўтобуса, развозіў людзей, абеды працаўнікам. Зараз ён прывозіць з Айцова барду для патрэб жывёлагадоўлі. У дзень вопытны вадзіцель робіць нават і па 8 рэйсаў.
Ці не стамляецца чалавек?
На гэтае пытанне мой субяседнік адказаў шчыра, што так, але ён ужо прывык. Спачатку было значна цяжэй. Машыну сваю вадзіцель добра даглядае і беражэ, каб не падводзіла. Новую тэхніку купіць зараз няпроста, трэба шанаваць тое, што ёсць. Кожны раз перад чарговым рэйсам Андрэй свой грузавік надзейна праверыць, яго чулыя рукі і вострае пільнае вока адразу могуць вызначыць якую-небудзь непаладку і справіцца з ёй. Дапамагаюць яму, калі трэба, і калегі.
У дарозе не ўсё аднастайна, часам здараюцца і цікавыя выпадкі. Напрыклад, аднойчы перад “самым носам” вадзіцеля трасу ўздумаў перайсці лясны жыхар — магутны лось, але ў апошні момант усё ж “перадумаў”. Часта сустракаюцца ў нашых маляўнічых мясцінах зайцы, лісы. Кожная такая нечаканая сустрэча з жывой прыродай асвятляе дзень, радуе сэрца нераўнадушнага чалавека.
У Андрэя з жонкай дом у Паплаўцах, у сям’і трое сыноў. Самаму малодшаму хлопчыку тры гады, бывае, што ён просіцца пасядзець за рулём аўтамабіля. Бацька дазваляе, разумее, якая гэта для дзіцяці радасць, але вядома, “толькі не пад час руху”. Андрэй – вадзіцель вельмі адказны і для хлопчыкаў яго аўтарытэтнае бацькоўскае слова – закон.
Прыемна было пагутарыць з такім цікавым чалавекам і мнагадзетным бацькам. У яго ёсць усё, што трэба для шчасця – любімая работа, утульны дом на зямлі з дагледжаным прысядзібным участкам і невялічкай хатняй гаспадаркай, дружная сям’я і трое сыноў. Яны – яго сапраўднае багацце, бо род разрастаецца. Дай Бог і кожнаму з нас радавацца любімаму занятку, які дае нам хлеб надзённы, пяшчотнаму цяплу дамашняга ачага, звонкаму дзіцячаму смеху і простым чалавечым радасцям.
Ніна Наддэ,
фота аўтара