«Самая лепшая ў свеце мама мая!”

Актуально Лента новостей

Мама… Самае першае і самае галоўнае слова ў жыцці кожнага чалавека.
У гэтыя восеньскія дні, калі мы ўспамінаем нашу нябесную Маці – Прасвятую Багародзіцу, адзначаецца і свята ўсіх зямных матуль. Дзень маці дае нам яшчэ адну нагоду выказаць словы любові, удзячнасці і павагі тым, што далі нам жыццё, і чыё сэрца пастаянна сагравае нас сваёй любоўю.
Мама – самы родны і самы дарагі чалавек. І кожнае дзіця лічыць, што яго мама самая лепшая ў свеце.
Упэўнены ў гэтым Валодзя і Данііл Макавеі, яны таксама называюць сваю маму, Наталлю Валер’еўну, самай прыгожай, самай добрай і самай ласкавай. Яна, у сваю чаргу, робіць усё магчымае, каб вырасціць сваіх хлопчыкаў годнымі людзьмі, прывівае ім асновы дабра, справядлівасці, чалавечнасці, на прыкладзе сваёй сям’і вучыць будаваць адносіны з іншымі людзьмі.
Сям’я Наталлі і Юрыя Макавеяў жыве ў Кватарах. Юрый Іванавіч працуе вядучым інжынерам-механікам у СВК “Цецяроўка”, а Наталля Валер’еўна – настаўніцай музыкі і працоўнага навучання ў Кватарскім яслях-садзе-базавай школе, таксама адказвае за работу з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі. Нягледзячы на пастаянную занятасць у школе, Наталля Валер’еўна не пераносіць працоўныя праблемы на сваіх родных, а стараецца стварыць у сям’і атмасферу добразычлівасці і ўзаемаразумення, каб яе мужу і сынам было камфортна і ўтульна дома. Яна вучыць сваіх хлопчыкаў быць дружнымі, заўсёды падтрымліваць адзін аднаго. Старэйшаму, Уладзіміру, ужо амаль восем гадоў, ён вучыцца ў другім класе, а Даніілу – чатыры, ён наведвае дзіцячы сад. Хлопчыкі яшчэ невялікія, але растуць памочнікамі, гатовымі заўсёды прыйсці на дапамогу сваёй любай матулі.
Шчасце кожнай жанчыны — у мацярынстве, лічыць Наталля Валер’еўна. Быць маці – гэта вялікая радасць і ў той жа час пастаянная адказнасць. Бо ўзяўшы на рукі дзіця, маці бярэ адказнасць за яго лёс і яго будучыню, і яе сэрца заўсёды будзе поўніцца любоўю да сваёй крывіначкі, нягледзячы на гады і адлегласці.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *