“Салодкія” рэйсы Васіля Кажуры

Сельское хозяйство Человек и его дело

IMG_4604Па тры рэйсы ў дзень і па 33 тоны “салодкага грузу” запар прывозіць на сваім магутным грузавіку МАЗ з прычэпам на Бераставіцкі буракапрыёмны пункт вадзіцель СВК “Макараўцы” Васіль Кажура (на здымку). У гэтай гаспадарцы трэба ўбраць 600 гектараў цукровых буракоў, убрана ўжо на 4 лістапада 485 гектараў. Буракі прымаюць па квотах, здача ідзе па спецыяльным графіку. Высокія “піраміды” салодкіх каранёў на буракапрыёмным пункце растуць з кожным днём.
Васіль Кажура — чалавек не мясцовы, ён прыехаў з Украіны, з Чарнігаўскай вобласці ў далёкім ужо 1980 годзе. Брат яго служыў на мяжы, і хлопец прыехаў яго адведаць. У нашых прыгожых маляўнічых мясцінах яму вельмі спадабалася. Спадабаліся і людзі, іх добразычлівасць і памяркоўны характар. Да таго ж сустрэў Васіль на Бераставіччыне сваё каханне, ажаніўся з нашай мясцовай дзяўчынай. Сям’я ў іх шчаслівая, у бабулі з дзядулем ужо тры ўнукі.
Вадзіцель любіць сваю работу, а буракі возіць на прыёмны пункт ужо 35 сезонаў — з самага пачатку свайго працоўнага шляху. Спачатку ў яго была машына ГАЗ-52, потым ГАЗ-53, затым больш магутная. Тэхніку Васіль Аляксеевіч беражэ, добра даглядае, таму і служыць яна доўга і надзейна.
— Ці цяжка везці такі шматтонны груз? – цікаўлюся.
— З гадамі ўменне “адточваецца”, удасканальваецца, — гаворыць вадзіцель. – Машына “прывыкае” да рук, слухаецца. А ўважлівым трэба быць заўсёды, асабліва з такім грузам. Дарога ж – гэта зона павышанай небяспекі, расслабляцца тут нельга.
З самага лепшага боку паказвае сябе гэты адказны чалавек і на жніве, ён 18 сезонаў адпрацаваў на камбайне.
У раёне на 4 лістапада дзяржзаказ па цукровых бураках выкананы на 75 працэнтаў, у заліковай вазе здадзена 79580 тон “салодкіх каранёў”.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *