Спакон вякоў так павялося, што прызначэннем жанчыны было і ёсць выхаванне дзяцей. А для Аксаны ШАХНАЗАРАВАЙ (на здымку) — выхавальніцы Вялікабераставіцкага дзіцячага ясляў-сада — гэта справа стала сапраўдным прызваннем…
Пагутарыць з ёю я прыйшла пад заканчэнне дзіцячага ранішніка, прымеркаванага да 8 Сака-віка. У актавай зале панавала святочная атмасфера, гучалі песні і смех, сцяну ўпрыгожвалі партрэты матуль, намаляваныя дзіцячай рукой — адразу стала зразумела, што тут працуюць людзі творчыя і вынаходлівыя. Аксана Валер’еўна пацвердзіла маю думку:
— У дзіцячым садку здольныя працаваць толькі сапраўды творчыя людзі, якія шчыра любяць сваю работу, — адзначае яна. — Іншыя ж тут проста не затрымліваюцца! Дзеці не ўмеюць хлусіць і прытварацца, яны шчырыя ў праяўленні сваіх эмоцый і пачуццяў: калі ты ім не падабаешся, яны не стануць хаваць гэтага.
Між іншым, нярэдка сустракаюцца і “складаныя” бацькі. У адносінах да іх Аксана Валер’еўна лічыць самым мудрым праяўляць цярпенне і вытрымку. А яшчэ — старацца знайсці да кожнага індывідуальны падыход.
На работу ў садок жанчына прыйшла адразу пасля школы — зусім “зялёнай” і нявопытнай. Па яе словах, напачатку многае было невядомым, таму пастаянна адчувала страх зрабіць штосьці не так. З цягам часу вопыт прыйшоў, але занепакоенасць засталася — толькі цяпер яна іншага характару:
— Калі рабочы на заводзе робіць дэталь з бракам, гэта адразу бачна. Мае ж недахопы ў працы стануць відавочны толькі праз шмат гадоў, і гэта прымушае мяне не забываць пра сваю асабістую меру адказнасці.
Акрамя выхавання дзетак, Аксана Валер’еўна вядзе ў садку гурток “Умелыя ручкі”, на якім маленькія выхаванцы з захапленнем лепяць вырабы з салёнага цеста, “эксперыментуюць” з прыроднымі матэрыяламі і крупамі, засвойваюць тэхніку арыгамі. Некаторыя са сваіх вырабаў яны з энтузіязмам прадэманстравалі мне пасля ранішніка.
Назіраючы за Аксанай Валер’еўнай, я заўважаю, што адкрытая ўсмешка амаль не сыходзіць з твару гэтай абаяльнай жанчыны, і таму я цікаўлюся, як ёй ўдаецца захоў-ваць добры настрой:
— Сапраўды, да маленькіх “псіхолагаў” нельга прыходзіць без настрою, бо яны тонка адчуваюць твой унутраны стан. А увогуле, кожны спецыяліст мусіць валодаць сваімі перажываннямі і не выносіць іх “на публіку”. Таму я стараюся прытрымлівацца распаўсю-джанай парады псіхолагаў — думаць аб нечым прыемным.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
фота аўтара