Сакрамэнт канфірмацыі ў Вялікай Бераставіцы

Лента новостей

Больш за 50 чалавек моладзі і дарослых людзей з парафіі Перамянення Пана г.п.Вялікая Бераставіца атрымалі 29 красавіка ў сакрамэнце канфірмацыі дары Святога Духа.

На працягу года вернікі рыхтаваліся да гэтай важнай падзеі ў сваім жыцці, каб годна пацвердзіць сваю хрысціянскую сталасць.
Урачыстую святую Імшу, якая распачалася ў 19 гадзін, узначаліў біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч, удзел у ёй прынялі шматлікія парафіяне і святары дэканата.
Біскупа шчыра прывіталі самыя маленькія вернікі з Вялікай Бераставіцы, выказалі ўдзячнасць за магчымасць атрымаць адзін з галоўных сакрамэнтаў і дарослыя з парафіі.
Канфірмацыя ўдасканальвае ласку хросту, з’яўляецца сакрамэнтам, які дае чалавеку Святога Духа. Яна ўзмацняе нашую сувязь з Касцёлам, больш цесна ўключае нас у хрысціянскую супольнасць і дапамагае сведчыць пра сваю веру і словамі, і ўчынкамі. Прыняцце сакрамэнту канфірмацыі адорвае чалавека дарамі Святога Духа, якія дапамагаюць яму ў розных жыццёвых сітуацыях рабіць правільны выбар. Той, хто прымае гэты сакрамэнт, павінен стаць сапраўдным рыцарам Хрыста, не саромецца сваёй веры, а таксама не баяцца абараняць яе і каштоўнасці, звязаныя з ёй.
Звяртаючыся да прысутных з пропаведзю, ксёндз Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі ў Вялікіх Эйсмантах, заклікаў маладых людзей бачыць у сваім жыцці Божую любоў і ласку і давяраць Хрысту. Ён прывёў прыклад хрысціянскага прапаведніка Ніка Вуйчыча, які нарадзіўся без рук і без ног, але нягледзячы на гэта змог знайсці сэнс свайго жыцця і цяпер дапамагае іншым людзям зразумець тое, што Бог усіх любіць і адкажа на любыя пытанні.
Вернікі, якія рыхтаваліся да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, аднавілі свае прысягі хросту і звярнуліся з просьбай да біскупа аб удзяленні сакрамэнту Святога Духа. Разам са сваімі сведкамі яны падыходзілі да біскупа і праз ускладанне рук і намашчэнне хрызмам атрымалі незнішчальны знак вызнаўцаў Хрыста.
У сваім звароце да маладых людзей біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што дары Святога Духа патрэбны для таго, каб чалавек не згубіўся ў хаосе сучаснага свету і заўсёды ўсведамляў, што з’яўляецца хрысціянінам і дзіцём самога Бога.
Айцец Вальдэмар Слота, про­башч парафіі ў Вялікай Бераставіцы, заклікаў моладзь любіць Хрыста і Касцёл і мець адвагу несці крыж Хрыста ў свае дамы, месцы вучобы і працы.
На заканчэнне святой Імшы маладыя людзі, якія атрымалі сакрамэнт духоўнай сталасці, выказалі ўдзячнасць усім, хто дапамагаў ім падрыхтавацца да прыняцця дароў святога Духа і паабяцалі, што будуць старацца падтрымліваць запалены ў іх сэрцах Божы агонь і самі будуць жывым Евангеллем для іншых людзей.
Каб гэта падзея засталася надоўга ў памяці маладых лю­дзей, а.Вальдэмар арганізаваў 1 мая для моладзі спецыяльную экскурсію па касцёлах горада Гродна і на Аўгустоўскі канал.

Фоторэпартаж Ірыны Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *