Тое, што ў СВП “АграМір” ёсць сад, вельмі добра для нашага раёна. Лета ўжо перайшло на другую палову. А восенню на традыцыйных кірмашах і на аб’ектах выязнога гандлю мы зможам пачаставацца яблыкамі з гэтага сада. Іх можна будзе выбраць на любы смак – і салодкія, і кіславатыя. А ў сховішчы для яблык на 600 тон ужо вядуцца ўнутраныя работы. Выконваючы абавязкі начальніка ўчастка “АграСад” Сяргей Агнеўскі – сапраўдны “фанат” сваёй справы. Можна сказаць, што чалавек прысвяціў пладаводству ўсё сваё жыццё. Ён супрацоўнічае з вучонымі, бывае на рэспубліканскіх семінарах. Чалавек пастаянна падтрымлівае сувязь з калегамі, цікавіцца ўсім новым і перадавым, стараецца, каб праца была эфектыўнай. Спецыяліст зацікаўлены ў тым, каб сад сапраўды быў дагледжаны, даваў шчодры ўраджай, радаваў людзей.
Агульная плошча яго – 138 гектараў, з якіх 80 займаюць яблыні, 40 – чорныя парэчкі, 17 – чарнаплодная рабіна і іншае.
Сад сапраўды радуе вока. Як пчолкі, тут рупяцца людзі. Ідуць яны сюды ахвотна. Калі я паглядзела на буйныя чорныя парэчкі сваімі вачамі, дык упэўнілася, што збіраць іх не так цяжка, як дробныя дамашнія. Сяргей Іванавіч ведае толк у гатунках! Ягады сапраўды вялізныя! Такую ж задаволенасць сваім заняткам выказалі і людзі. Тыя, што рашыліся сюды прыйсці падзарабіць, не шкадуюць аб гэтым. Так, напрыклад, жыхарка Гродна Вольга Вайтухевіч расказала, што збірае да васьмідзесяці кілаграмаў у дзень і аплатай задаволена. За кілаграм плацяць 2 тысячы, і гэта не так мала, як здаецца, таму што работа спорыцца. Вельмі радуюцца магчымасці падзарабіць і школьнікі. Працуюць яны не поўны дзень, вядома, але цешацца магчымасці адчуць сваю карысць, стаць самастойнымі, зарабіць уласны рубель. Разам з імі працуе і старэйшы сын Сяргея Іванавіча Уладзіслаў, а ўсяго ў яго трое сыноў. Выдатна, што хлопец прывучаецца да работы, бачыць перад вачамі добры прыклад бацькі.
Урадзіла ў гэтым годзе і чарнаплодная рабіна, ураджай яе спее прыкладна ў два з паловай разы багацейшы, чым мінулагодні. А дапамаглі ў гэтым пчолы, паблізу тут і пасека. Займаецца імі таксама Сяргей Іванавіч. Дарэчы, калі яны апыляюць аронію, дык ачышчаюцца ад кляшча.
Паміж радамі раслін пасеяна меданосная белая канюшына, яна таксама дае нектар пчолам. Ды і выгляд стварае прыгожы, ахайны, залюбуешся!
Пагаварыла я і са столінцамі на праполцы. Работа гэтая вельмі нялёгкая. Прыехалі жанчыны з вёсак Струга, Белавуша і Альманы Столінскага раёна. Наталля Гудзько, Марына Сімончык, Кацярына Мельнік, Святлана Дзямянік і Ніна Хоміч расказалі, што яны задаволены і адносінамі да іх мясцовых людзей, і аплатай, і ўмовамі працы. Два разы на дзень жанчын кормяць. На ранак даюць паёк. Некаторыя з іх ужо на пенсіі, але хочуць падзарабіць яшчэ, іншыя трымаюць у сваіх вёсках хатнюю гаспадарку, вырошчваюць агародніну. Нікому капейка не лішняя, тым больш мамам сямействаў. Наперадзе навучальны год, трэба сабраць дзяцей у школу. Кажуць, што прыедуць яшчэ. Здавалася, што і само надвор’е ім спрыяе – спякоты няма, ліпень лагодны.
Парадавала і тое, што Сяргей Агнеўскі стараецца як мага менш ужываць “хіміі” ў пладаводстве на бераставіцкай зямлі. Напрыклад, ён расказаў, што выкарыстоўвае экапрыл – рассякальнік капляў, і мікраэлементы затрымліваюцца на раслінах, не сцякаюць. Гэта беражэ мінеральныя ўгнаенні. Пра свой вопыт у Год беражлівасці, аб’яўлены ў краіне, ён збіраецца расказаць калегам на рэспубліканскім семінары, які хутка адбудзецца ў Мінскай вобласці.
Парэчкі зараз здаюць на перапрацоўку. Яны нават ідуць на дзіцячае харчаванне. Бераставіцкімі ягадамі цікавіліся расіяне. Замарожаныя можна прадаваць у супермаркетах, тады ў вытворцаў з’явіцца і валюта.
Сяргей Агнеўскі ўдзячны ўсім, хто разам з ім робіць такую важную справу, дапамагае забяспечваць насельніцтва каштоўнай вітаміннай прадукцыяй. Ён выказаў добрыя словы і ў адрас тых, хто ўнёс сваю лепту ў тое, каб сад квітнеў.
Наперадзе збор ароніі. Пачнецца ён прыкладна ў сярэдзіне жніўня. Тых, хто захоча паспрабаваць свае сілы на зборы ягад, суцешу: гронкі чорнаплоднай рабіны рваць лягчэй, чым ягады парэчкі. Да таго ж праца на свежым паветры вельмі карысная для здароўя.
Ніна Наддэ,
фота аўтара
На здымках: На праполцы – столінцы;
за зборам парэчкі Вольга Вайтухевіч, школьнікі Сяргей Андрушка, Алег Шульц, Уладзіслаў Агнеўскі і выконваючы абавязкі начальніка ўчастка Сяргей Агнеўскі