Рэха Магдэбургскага прывілея Вялікай Бераставіцы

Из истории земли Берестовицкой Культура

175 гадоў таму жыхары Вялікай Бераставіцы былі пазбаўлены правоў на самакіраванне і гандлёвыя стасункі. Прычынай гэтаму стаў візіт у мястэчка гродзенскага павятовага іспраўніка і калежскага асэсара Васілія Фёдаравіча Юдзіна.

Васілій Юдзін працаваў у Гродзенскім земскім судзе павятовым іспраўнікам – начальнікам паліцыі Гродзенскага павета. Ён, патомны дваранін, пражываў у Гродне разам з жонкай і сынам Канстанцінам, паручыкам на вайсковай службе. Спраў у губернскім Гродне яму хапала. Але на асобыя справы свайго павета Васілій Фёдаравіч меў асабісты позірк і выконваў іх дасканала. Вось прыклад з гісторыі Гродзенскай губерні 2-й чвэрці ХІХ ст., калі была выяўлена копія Прывілея Вялікай Бераставіцы на самакіраванне.

23 лютага 1842 г. на імя Гродзенскага губернатара Рыгора Гаўрылавіча Дапельмайера паступіла Прапанова ад Віленскага ваеннага губернатара і начальніка Паўночна-Заходняга краю Марковіча, ў якой ён просіць даставіць яму на кароткі час малюнкі гербаў Гродзенскай губерніі і яе паветаў. У Гродзенскім губернскім праўленні малюнкаў з гербамі гарадоў не аказалася. Меліся толькі апісанні гербаў ад 1838 г., па якіх губернскі каморнік Панюрык зрабіў копіі праектаў. Гэта былі гербы гарадоў Гродна, Кобрына, Брэста, Навагрудка, Слоніма, Ліды, Пружан і Ваўкавыска. Малюнкі гербаў гэтых гарадоў 15 чэрвеня 1843 г. былі прадстаўлены Віленскаму генерал-губернатару.

Вясной 1843 г. генерал-губернатар таксама звяртаецца з вышэй названай просьбай да Правіцеля скасаванай Беластоцкай вобласці, які адправіў у Гродзенскае праўленне апісанне гербаў гарадоў Беластока, Бельска, Драгічына і Саколкі. Так, у пачатку 1844 г. завяршылася справа “Аб дастаўленні генерал-губернатару Паўночна-Заходняга краю ўзораў гербаў гарадоў Гродзенскай губерні”, якая захоўваецца ў Гродзенскім гістарычным архіве. Змест гэтай справы адкрывае даследчыкам цікавую падзею – збор Гродзенскім губернскім праўленнем малюнкаў гарадскіх гербаў і прывілеяў на іх карыстанне. У 1837 г. выйшла пастанова Гродзенскага праўлення аб скасаванні гарадскіх магістратаў, ратуш і перадачы спраў у павятовыя суды. Толькі вышэй пералічаным гарадам з 1838 г. дазвалялася мець магістраты і павятовыя гербы. А ў пачатку 1842 г. начальнік Паўночна-Заходняга краю вырашыў азнаёміцца з сімваламі паветаў Гродзенскай губерні.

Вялікая Бераставіца адносілася да Гродзенскага павета. З 1754 г. мела сімвалы самакіравання: ратушу, герб, пячаць бургамістра і Прывілей. Бераставіцкі магістрат дзейнічаў да 1838 г. пад уплывам уладальнікаў мястэчка: Мнішкаў, Патоцкіх, Касакоўскіх. Пасля скасавання самастойнасці ўсе свае справы Бераставіцкі магістрат павінен быў аддаць у Гродзенскі земскі суд. Яго начальніку калежскаму асэсару Васілію Фёдаравічу Юдзіну прыйшлося доўга чакаць, бо ён адправіў у Бераставіцу прыстава І-га Стану Якава Рамановіча. Але безвынікова…

26 красавіка 1842 г. Васілій Юдзін сам наведаў Вялікую Бераставіцу. Пасля праверкі гарадской управы ён выявіў, што мясцовыя сяляне называюць сябе мяшчанамі, выкарыстоўваюць пячатку бургамістра дзеля гандлёвых пагадненняў, а вольнасць сваю пацвярджаюць копіей Прывілея на самакіраванне, выданай Гродзенскім магістратам у 1797 г. Пры тым, што сяляне належаць графіні Людвіцы Касакоўскай (1778-1850), якая з’яўляецца ўладальніцай Вялікай Бераставіцы. Пажылая графіня не магла сачыць за гэтымі справамі, і вольнае грамадства сялян рашыў разагнаць гродзенскі іспраўнік В.Юдзін. Ён канфіскоўвае копію Прывілея і гарадскую пячаць, праводзіць размову з сялянамі аб пакаранні за самаўладдзе, назначае Якава Рамановіча, прыстава І-га Стану Гродзенскага земскага суда, назіраць за парадкам у мястэчку. Вярнуўшыся ў Гродна, 27 красавіка 1842 г. Васілій Юдзін піша рапарт на імя Гродзенскага губернатара Р.Г. Дапельмайера, якому прадстаўляе копію Прывілея з пячаццю, і просіць учыніць распараджэнне аб скасаванні Магдэбургскіх правоў Вялікай Бераставіцы. Паводле рапарта В.Ф.Юдзіна ў Гродзенскай канцылярыі была заведзена справа аб пазбаўленні жыхароў Бераставіцы Магдэбургскага права. 11 снежня 1842 г. Гродзенскае губернскае праўленне прыняла пастанову аб скасаванні гарадскіх правоў у Вялікай Бераставіцы.

Што датычыцца герба Вялікай Бераставіцы, то ён захаваўся ў выглядзе адбітка гарадской пячаці, якую прыклаў В.Ф.Юдзін у копію Прывілея 1797 г. (на фота). З апісання герба вынікае, што на лістах таго мястэчка вавёрка сядзіць. Аб існаванні каляровага малюнка ў першым Прывілеі 1754 г. не ўзгадваецца ў захаванай копіі. У ёй апісана ўсё, што мелася на арыгінале, і нават віслая пячаць, якая мела тэкст з двух бакоў. Таму размова аб вышытым гербе на гарадской харугве Бераставіцы ў часы Рэчы Паспалітай сярэдзіны ХVІІІ ст. набывае сэнс. Такой падачы гарадскіх сімвалаў спрыяў Ежы Аўгуст Мнішак (1715-1778), маршалак надворны каронны. Імя Е.А. Мнішка двойчы ўзгадваецца ў копіі Прывілея: як уладальніка Вялікай Бераставіцы і як ініцыятара надання Магдэбургскага права гэтаму мястэчку. Яму таксама належыць тэматыка бераставіцкага герба, выкананага з каштоўных матэрыялаў. Таму і герб у 1842 г. ужо адсутнічаў у бераставіцкім магістраце. А гродзенскі іспраўнік В.Ф.Юдзін канфіскаваў у бераставічан апошнія сляды самакіравання – копію Прывілея і гарадскую пячаць.

Андрэй Втарушын, па матэрыялах Гродзенскага гістарычнага архіва



1 комментарий по теме “Рэха Магдэбургскага прывілея Вялікай Бераставіцы

  1. Интересная статья. Возможно нужно было связать лишение привилегий с ноябрьским восстанием? Хотя прошло 12 лет. Но отмена магдебургского права видимо следствие политики деполонизации принятой царем после восстания.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *