Рэха вайны ў лёсе Ніны Марцуль

Лента новостей

Пра Ніну Емяльянаўну Марцуль з вёскі Плюскалаўцы я пісала шэсць гадоў таму. Расказвала, якая гэта руплівая, працавітая жанчына, як любіць вырошчваць гародніну, які лёс выпаў ёй самой і яе сям’і—бацьку, маці, сястры і братам у гады вайны. У Ніны Емяльянаўны дзве дачкі, трое ўнукаў і пяць праўнукаў. Муж памёр, яна цяпер у вялікай хаце адна і, нягледзячы на свае 85 гадоў, па-ранейшаму садзіць і даглядае вялікі агарод, нават здае ўраджай у магазіны, нарыхтоўчую кантору. Шматлікімі граматамі ўзнагароджана за добрасумленную працу ў калгасе. Пасля той колішняй публікацыі ў газеце Ніна Емяльянаўна—дарэчы, пастаянная падпісчыца “раёнкі”, падчас тэлефануе ў рэдакцыю, дзеліцца сваімі навінамі. Апошнім разам старая жанчына была вельмі ўзрушанай, і адразу стала зразумела, што хоча паведаміць пра нешта вельмі важнае для яе.
—Ведаеце, атрымала я “вестачку з вайны”,—вобразна казала.—Пра Шуру, брата майго, які загінуў у 45-м. Помніце, расказвала вам пра яго? І вы пісалі крышку пра гэта ў той газетнай заметцы.
Я ж, да ўсяго, помню, як плакала тады Ніна Емяльянаўна, прыгаворваючы: “Каб хоць ведалі, дзе пахаваны наш Шурачка. Маці, калі памірала, казала: спадзяюся, мо хто з вас, маіх дзяцей, даведаецца калі, дзе магілка Шурачкі ды з’ездзіць, паплача на ёй. Адзін ён там ляжыць у чужой старане…”
І вось праз 66 гадоў Ніна Емяльянаўна трымае ў руках паперку з райваенкамата. Яна трымціць у руках бабулі, па шчоках якой адна за адной коцяцца слёзы. Мы сядаем на высокі ганак прасторнай драўлянай хаты, якую сялянка збудавала з мужам Аляксандрам. І яна пачынае свой аповед-успамін, які ўскалыхнула ў яе сэрцы рэха той далёкай вайны. Хаця далёкая яна, вайна, для таго, хто нарадзіўся пазней. А таму, хто сам перажыў той суровы час, падчас здаецца: усё было зусім нядаўна, варта толькі працягнуць руку… Настолькі балюча-яркія тыя ўспаміны.
***
…Шурачка наш рос разумным, кемлівым. Я з дзяцінства ганарылася ім. Жылі мы ў Леснявічах, яшчэ да вайны, у 40-м, помню, хадзілі ў школу ў Вялікую Бераставіцу. Шура надта добрым быў вучнем. Настаўніца—усе ў пасёлку называлі яе чамусьці Малынічыха—вельмі любіла яго, усім ставіла ў прыклад. Нават у Варшаву на нейкі конкурс адпраўляла. Потым, на бацькоўскім сходзе, вельмі хораша і цёпла пра нашага Шурку гаварылі. Помню, маці з гонарам расказвала, як настаўніца і іх, бацькоў, таксама хваліла, казала: “Паглядзіце, які ў простых сялян разумны, выхаваны і старанны да навукі сын расце”. І дзякавала ім за яго выхаванне. Каб не вайна, то мой брат, я думаю, стаў бы вялікім чалавекам. Можа, якім вучоным. Малодшы, дарэчы, вывучыўся на лётчыка.
Ніна Емяльянаўна прыпыняе гутарку, пераводзіць дух. Нялёгка ўсё ж даюцца ёй тыя ўспаміны, крыўда на вайну да гэтага часу вярэдзіць сэрца.
—Ведаеце,—кажа,—я ўсё жыццё, да гэтай пары, не магу глядзець ваенныя фільмы. Як быццам пра нашу сям’ю ў іх расказваецца, пра родную вёску Леснявічы. Наплачуся, бывала, не раз.
…Неяк ноччу ў акно іхняй хаты пастукалі партызаны. Папрасілі хлеба. Татка, як было ўжо не адзін раз, даў ім і хлеб, і да хлеба. А назаўтра каля хаты спыніліся немцы.
—Данесці ім было каму,—гаворыць мая суразмоўца.—Надта паганы і помслівы быў у нас стараста, ці, як па-вясковаму, солтыс. Немцы пад дулам аўтаматаў вывелі татку на вуліцу і павезлі з сабою. Аказалася, у Беласток, у турму. А нас, як тых птушанят, пяцёра ў маці засталося. Шура быў старэйшы, а мне шаснаццаты год ішоў.
Татка наш як пайшоў тады з хаты, так і прапаў. З Беластоку яго разам з іншымі вязнямі немцы павезлі эшалонам кудысьці ў канцлагер. Але не давезлі: той цягнік чэхі-партызаны перапынілі, вызвалілі ўсіх. Многія там жа, у лясах, “у партызаншчыну” падаліся. Татка быў ужо старэйшы чалавек, хворы, куды яму ваяваць? Дабіраўся дахаты. Ох і доўга дабіраўся, хаваючыся ад немцаў. Апух ад голаду, прыйшоў ледзь не босы. Маці казала, што ледзьве пазнала яго…
Але гэта было ўжо потым. А тады, у 43-м, мы нічога пра татку не ведалі. Маці ўсё плакала, выпраўляючы нас у поле сеяць ці жаць.
***
Аднойчы фашысты арыштавалі і брата Ніны Емяльянаўны, Шуру. А было так.
—Ноччу пільнаваць вёску солтыс выдзяляў чатырох мужчын,—успамінае яна.—На тую варту адпраўляліся мужчыны сталыя, гаспадары з хат. А паколькі ў нас таткі не было, замест яго ішоў са старэйшымі дзядзькамі Шура. І вось аднойчы ўвечары вартаўнікі сышліся ў суседняй з намі хаце, каб дамовіцца, хто будзе вёску вартаваць, а хто самога солтыса—а як жа, немцы для яго персанальна варту прызначылі! Ну і во: сядзяць гэта мужчыны, раяцца, а тут стукае нехта ціхенька ў акно. Аказалася, партызаны.
Ну і што вы думаеце? Зноў нейкі “дабрадзей” данёс ці мо сам стараста бачыў. Забралі дзядзькаў і нашага Шуру ў камендатуру ў Вялікую Бераставіцу. Там іх доўга і моцна білі. Помню, маці пайшла прасіць у немцаў, каб адпусцілі сына, ці каб якой-небудзь ежы яму перадаць. Дзе там?! Паліцаі, рагочучы, кажуць: “Якая яму ежа? Падстаўляй прыпол і збірай кроў!”
Так вось было, мая мілая. У вялікім страху людзі жылі пад той акупацыяй. Шуру, урэшце, усё ж адпусцілі. Помню, як залечвалі мы яго раны ад пабояў.
Але на гэтым нашы пакуты не скончыліся. У шаснаццаць гадоў забралі ў нямеччыну мяне. Паслухайце, як тое здарылася. Немцы звярэлі ўжо, ледзь не дзяцей хапалі. Перад самай вайной да нашага суседа прыехаў брат з Ленінграда з дзвюма дачушкамі—Мусяй і Валяй. А назад вярнуцца яны ўжо не паспелі. Дык вось зімой 43-га нас з Мусяй і ўхапілі немцы. Як мы плакалі, едучы з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі ў тым вагоне-цялятніку! Мусю вырвалі з вагона раней, каля Інстэнбурга. Я ж ехала яшчэ доўга. Парабкавала ў баўэра ва Усходняй Прусіі. І ў полі працавала, і кароў даіла. Як успомню, чым кармілі, дзе мы жылі і на чым спалі, то дзіўлюся, адкуль і сілы браліся. Але маладая была, цягавітая. Калі ж потым, як пачала наступаць наша армія, парабкаў па-гналі акопы капаць, то нават тое жыццё і праца ў баўэра раем здаліся. Спалі ў саломе, пад адкрытым небам, спачатку хоць каву гарачую пілі, пакуль палявую кухню не разбамбілі, а потым—хто што знойдзе. Многія млелі, падалі…
Калі нас вызвалілі, я з дзяўчатамі працавала нейкі час у адной з вайсковых часцей. А цяпер усё думаю: мо якраз была тая часць, у складзе якой ваяваў і загінуў мой брат Шура?
***
Юнак пайшоў на вайну, як і большасць нашых землякоў, летам 44-га. І маці, і вяскоўцы потым успаміналі, як хлопец сам рваўся на фронт. Казаў: “Мне трэба з фашыстамі расквітацца, вызваліць з няволі татку і сястру”.
—Спачатку брат недзе пад Разанню служыў, іх абучалі ваяваць,—апавядае мая суразмоўца.
—А потым—на фронт, ва Усходнюю Прусію. Мама казала, што адзін ліст толькі прыслаў. На жаль, не захаваўся ён, згубіўся. І фотаздымка ніводнага Шурынага не засталося. А так шкада, так шкада. Твар яго толькі ў памяці, а памяць слабее ад старасці.
Помню, калі дабралася з той нямеччыны дахаты, мяне сустракалі ўсе, акрамя старэйшага браціка.
—А дзе ж Шура?—пытаюся ў маці.—Яна ж ад жалю і слёз і гаварыць не можа, толькі хістае галавою…
“Пахаронкі” на брата ўсё не было, і мы жылі надзеяй: а раптам вернецца? Але ішоў час, а яго не было. Маці не раз у ваенкамат хадзіла, пыталася. Аднойчы там сказалі, быццам Шура наш быў паранены і памёр у шпіталі. Калі ставілі помнікі тым, хто не вярнуўся з вайны, у Карпаўцах, на тым помніку і яго прозвішча напісалі: Хілюта Аляксандр Емяльянавіч. Мы хадзілі туды, насілі кветкі. Але ўвесь час маці марыла адшукаць магілку, паехаць туды, дзе вечным сном спіць на чужыне наш Шурачка.
…І вось яна трымае ў руках паперку, якая—быццам пасланне з той далёкай вайны. Яе рэха. Бабуля чытае—перачытвае яе і зноў перажывае той боль страты. У паперы з пячаткай напісана, што яе брат, стралок 1233-га стралковага палка 371-й стралковай Віцебскай дэвізіі, яфрэйтар А.Е.Хілюта загінуў у баі 5 лютага 1945-га года ва Усходняй Прусіі ў раёне Пількалена, на ўсходняй ускраіне с.Зеенкамісн.
—Так хочацца пабываць на той зямлі, каля той братняй магілы,—гладзіць паперку бабуля.—Але гады і здароўе ўжо не дазваляюць. Мо, хто з дзяцей і ці ўнукаў калі паедзе…
Праўду кажуць, што з той ваеннай пары нішто не забыта і ніхто не забыты. Дзякуй добрым людзям, якія клапоцяцца, каб усе загінуўшыя салдаты былі вядомыя,—падагульняе нашу гутарку Ніна Емяльянаўна.
***
—Вядзецца пастаянная пошукавая работа,—удакладніла ў размове са мной супрацоўніца райваенкамата Ларыса Мікалаеўна Заянчукоўская.—Нам прысылаюць, па ўстаноўленых архіўных дадзеных, звесткі з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі г.Падольска. І на брата Ніны Емяльянаўны мы таксама атрымалі выпіску з архіўнай даведкі.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *