Рэспубліканскі семінар прайшоў на базе Бераставіцкага раёна

Лента новостей

“Бераставіччына – жамчужына краіны…” — менавіта такія прачуленыя і цёплыя словы ў адрас нашай роднай бераставіцкай зямлі і яе добрасумленных працаўнікоў прагучалі на рэспубліканскім мерапрыемстве, якое адбылося 30 студзеня на базе двух раёнаў. На Мастоўшчыне і Бераставіччыне пабывалі аграрыі з самых розных месцаў рэспублікі. Два гэтыя раёны былі выбраны не выпадкова. Тут можна многаму павучыцца, каб укараніць нешта ў сябе, што і адзначалі ўдзельнікі мерапрыемства.
Пачаўся апошні месяц зімы, хутка зноў вясна і гарачая пара. Рэспубліканскі семінар — нарада быў пры-свечаны важнаму пытанню – падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенніх палявых работ і нарыхтоўцы кармоў у 2013 годзе. У мерапрыемстве прыняў удзел першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Марыніч.
Цікавай была практычная частка семінара. Перад аграрыямі пастаўлена актуальная задача – своечасова адрамантаваць тэхніку, каб потым не траціць на гэта дарагі час. У УП “Мастоўская сельгастэхніка” і УП “Мастоўскі рамонтны завод” прайшло азнаямленне з арганізацыяй тэхнічнага абслугоўвання і рамонту паўнакамплектнай сельскагаспадарчай тэхнікі, яе вузлоў і агрэгатаў. Працуюць гэтыя прадпрыемствы паспяхова. У “Сельгастэхніцы” не толькі рамантуюць трактары, але яшчэ і ўстанаўліваюць каркасы на кабіны трактароў К – 700, каб пры трамбоўцы сенажу пазбегнуць няшчасных выпадкаў. Прадпрыемства таксама выпускае прычэпы і нават тэлефонныя апараты. Там імкнуцца зарабляць грошы. А на рамонтным заводзе рамантуюцца трактары МТЗ – 80, 82, 1221. Працуюць там каля ста чалавек. Сярэдняя зарплата за мінулы год склала 3 мільёны 200 рублёў.
У Бераставіцкім раёне для ўдзельнікаў семінара былі распрацаваны два маршруты. Прысутныя змаглі паглядзець, як добраўпарадкавалі мех-двары ў СВК “Алекшыцы” і “Пархімаўцы”, а таксама ў РУСП “Масаляны” і СВК імя Варанецкага, азнаёміліся там з умовамі працы. Ва ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара склалася добрае ўражанне ад наведвання нашага раёна.
А рашэннем Гродзенскага аблвыканкама ад 15 студзеня 2013 года наш раён і СВК “Алекшыцы” прадстаўлены прэтэндэнтамі ў пераможцы ад Гродзенскай вобласці ў рэспубліканскую камісію па падвядзенні вынікаў агляду па добраўпарадкаванні машынных двароў і гатоўнасці рамонтна — абслуговай базы сельгасарганізацый для работы ў зімовых умовах і па падрыхтоўцы машынна – трактарнага парка да вясенніх палявых работ. У абласным агля-дзе першае месца сярод сельгасарганізацый прысуджана СВК “Пархімаўцы” з уручэннем прэміі 150 базавых велічынь і трактара “Беларус” на ўмовах лізінгу, трэцяе – СВК імя Варанецкага (прэмія 100 базавых велічынь і таксама трактара “Беларус” у лізінг).
У раённым Доме культуры адбылося падвядзенне вынікаў. Аб ходзе выканання загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь «Аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ у 2013 годзе» і абласных праграм расказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення механізацыі і тэхнічнага прагрэсу Міністэрства Уладзімір Бурдыка. Вызначаны канкрэтныя тэрміны, парушаць якія недапушчальна. Былі заслуханы справаздачы прадстаўнікоў з розных мясцін, прааналізаваны прычыны, якія перашка-джаюць зладжанай рабоце. Адна з асноўных – недахоп сродкаў, несвоечасовыя разлікі.
Цікавым было выступленне генеральнага дырэктара РА “Белаграсервіс” Мікалая Лабушава. Ён расказаў, што ў наш век развіцця тэхналогій можна атрымаць самую апошнюю і змястоўную інфармацыюў Інтэрнэце і неадкладна вырашыць нават складаныя праблемы. Ён заклікаў да больш эфектыўнага ўзаемадзеяння і су­працоўніцтва, таму што набірае сілу прыватны сектар, узрастае канкурэнцыя. Трэба падтрымліваць, па яго словах, тое, што напрацавана гадамі і дае належную якасць работ. Выгадна і тое, што плаціць можна не адразу ўсю суму, даецца растэрміноўка.
Затым гутарка вялася аб правядзенні штогадовага дзяржаўнага тэхнічнага агляду сельскагаспадарчай тэхнікі, забеспячэнні яе надзейнасці. Пра гэта расказаў кансультант Галоўдзяржтэхнагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Пётр Вольскі. Нашай вобласці вызначаны тэрмін — да 10 сакавіка завяршыць тэх­агляд трактароў.
І зразумела, што ніякія дасягненні не вартыя самага дарагога — чалавечага жыцця. Аб стане аховы працы, вытворчай і пажарнай бяспекі ў сельгасарганізацыях рэс­публікі паведаміў начальнік аддзела аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі Міхаіл Жукоўскі. Ён падкрэсліў, што асаблівую ўвагу трэба звярнуць на прафілактыку п’янства і алкагалізму, недапушчэнне няшчасных выпадкаў. Толькі адказным людзям можна даверыць складаную сучасную тэхніку і матэрыяльныя каштоўнасці, і за гэтым павінен ажыццяўляцца строгі кантроль.
Я пацікавілася ва ўдзельнікаў семінара, ці спадабалася ім у нашым раёне. Усе адказы былі вельмі станоўчыя, а адзін нават жартаўлівы: “Далучыце нас да сябе!”

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *