Рэлігійнае выхаванне дзяцей і моладзі

Лента новостей

Хоць год школьны і катэхетычны ўжо заканчваецца, тым не менш, варта некалькі слоў сказаць аб каталіцкім выхаванні дзяцей і моладзі. Чым на самай справе з’яўляецца выхаванне?
Выхаванне ў шырокім сэнсе – гэта свядомы ўплыў на выхаванца з мэтай ўсебаковага развіцця асобы і падрыхтоўкі да жыцця згодна з прынятай мадэллю таго грамадства, у якім чалавек вырас.
Усе бацькі па-свойму выхоўваюць сваіх дзяцей. Гэта нялёгкая справа. Кожная маладая пара ў пачатку заўсёды выбірае ўзор, згодна з якім хацела б бачыць сваіх дзяцей. У гэтым выбары, вядома, ніхто не хоча бачыць свайго дзіцяці ў дрэнным святле і падрыхтаваць для яго няшчасную будучыню. Межы дабра вельмі выразна вызначаны Законам Божым (Дзесяць запаведзяў Бога).
«Надзяліць чалавека сродкамі для дасягнення добра» – менавіта гэта і ёсць выхаванне. Хрысціянскае выхаванне – гэта ўказанне праўдзівых і збаўчых сродкаў. Як людзі веруючыя, мы разумеем, што жыццё чалавека мае свой працяг у жыцці вечным. І варта адзначыць, што нас чакае лепшае — вечнае жыццё з Богам.
Каталіцкае выхаванне пачынаецца дома. Дзіця бачыць, як бацькі на каленях моляцца, разам з імі ідзе ў храм. Дзіця пытае пра ўсё, і бацькі, расказваючы аб свеце, не могуць абмінуць той факт, што Бог ёсць Творца ўсяго.
Дзеці павінны наведваць катэхезу, ці ўрокі рэлігіі, з першага класа. Такім спосабам яны пазнаюць Бога, вучацца маліцца, гаварыць з Богам.
Па каталіцкай традыцыі ў 7-10 гадоў дзіця рыхтуецца да Першай Споведзі і Першай Камуніі. Гэта адбываецца ў той момант, калі дзіця ідзе ў школу і ўжо свядома ўспрымае рэальнасць.
Касцёл кажа (Кан. 913 §1): Дзеці тады могуць дапускацца да Святой Камуніі, калі яны маюць дастатковы ўзровень разумення і старанна падрыхтаваныя, каб зразумець таямніцу Хрыста і з верай і адданасцю атрымаць Цела Хрыста.
Таму, каб прыступіць да Першай Святой Камуніі, дзіця абавязкова павінна не менш двух гадоў хадзіць на катэхізацыю і кожную нядзелю быць у касцёле на святой імшы. Першая Святая Камунія з’яўляецца важнай падзеяй у жыцці дзіцяці, таму што яно ўпершыню прымае ў сваім сэрцы Езуса. Можна сказаць, што Святая Камунія для веруючага чалавека, для яго душы, як мёд. Гэта перш за ўсё Цела Хрыста, пажытак для вечнага жыцця. Таму Першая Камунія адбываецца вельмі ўрачыста. Прыязджаюць госці, важна, каб былі хросныя бацькі, бо яны былі на хросце гэтага дзіцяці, бабулі, дзядулі. Таксама рыхтуюцца і падарункі, але важна, каб уся сям’я і родныя ў гэты дзень разам з дзіцём прынялі Святую Камунію.
Наступным важным момантам у рэлігійным выхаванні з’яўляецца прыняцце сакрамэнту Бежмавання (канфірмацыі).
Сакрамэнт Бежмавання мы часта называем сакрамэнтам сталасці, і не толькі асабістай, але ў першую чаргу хрысціянскай. Звычайна гэты сакрамэнт прымаецца па дасягненні 14 гадоў, калі малады чалавек ужо можа адказваць за свае дзеянні і таксама становіцца адказным за свае маральнае паводзіны, свядомым у веры. Падрыхтоўка да Бежмавання таксама адбываецца на працягу двух гадоў.
Пакуль дзіця наведвае школу, яно павінна наведваць і катэхізацыю. Гэтак жа, як у школе больш за 11 гадоў дзіця набывае веды і ўдасканальвае свае навыкі, так і ў духоўнай сферы чалавек павiнен пастаянна ўдасканальвацца.
Калі выхаванне з’яўляецца «надзяленнем чалавека сродкамі для дасягнення добра», то бацькі асабліва павінны паклапаціцца, каб дзіця ведала пра Бога, уверавала ў Яго і жыло з сакрамэнтамі.
Святы Аўгустын сказаў, што сэрца чалавека да таго часу неспакойна, пакуль не спачне ў Богу. Рэлігійнае выхаванне з’яўляецца ўказаннем дзіцяці праз бацькоў таго, што для яго самае важнае ў жыцці. Указаннем яму Бога.
а. Дзмітрый ЛАБКОЎ, памочнік настаяцеля касцёла Перамянення Гасподняга г.п.Вялікая Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *