Рэгініна шчасце

Лента новостей

%d0%b1%d0%be%d1%8f%d1%80%d1%87%d1%83%d0%ba-%d1%80%d0%b5%d0%b3%d0%b8%d0%bd%d0%b0Чацвёртая, самая прасторная ў хірургічным аддзяленні райбальніцы палата, жыве сваім звычайным жыццём. З ложкаў тырчаць, бы дубальтоўкі, загіпсаваныя і ўбінтаваныя рукі і ногі: хоць здымай новую версію кінафільма “Неверагодныя прыгоды італьянцаў у Расіі”. Адну такую “гераіню” доктар Міхаіл Скрундзеўскі накіраваў на кансультацыю ў Гродна – пералом складаны, не выключана, што патрэбна аперацыя. Родныя пакацілі яе ў калясцы ў легкавушку, а мы, хворыя, пачынаем гадаць, каго ж пакладуць на апусцелы ложак.
Пакуль гадалі ды размаўлялі, “каляжанка” паведаміла з Гродна: абласны хірург высока ацаніў работу нашага Михаіла Іванавіча. Косці зламанай у трох месцах нагі састаўлены так удала, што аперацыя, хутчэй за ўсё, нават і не спатрэбіцца. Калі Міхаіл Іванавіч у чарговы раз заглядвае ў палату, паведамляем яму гэтую прыемную навіну і хвалім за прафесіяналізм. Доктар махае рукамі: маўляў, не кажы гоп, пакуль не пераскочыш, бо выпадак складаны, лячэнне прадстаіць працяглае. І з уласцівым яму гумарам жартам дадае: “Пэўна, мы з пацыенткай не надта вялікія грэшнікі”.

Новенькая
… І тут санітаркі ўкочваюць у палату каляску з бабуляй.
– Во, людцы, палюбуйцеся: катаюць мяне як, не раўнуючы, каралеўну якую, – кажа яна, раз-пораз войкаючы. І мы разумеем: сумна не будзе.
Бабуля “прайшла” ўжо праз рукі Міхаіла Іванавіча, пабывала і на рэнтгене. І хваліць усіх, з кім мела справу: надта ж прыхільнымі да яе былі!
Пацыентку ўладкоўваюць на ложак, а маладзенькая медсястрычка Валечка робіць ёй укол. Боль у назе прыціхае, бо неўзабаве бабуля з цікавасцю абводзіць нас на дзіва маладымі, з хітрым прыжмурам вачамі.
– Мо, ніколі не бачылі дурніцы? – пытаецца. – То во яна, палюбуйцеся. Ну, насыпалася тая бульба ў склеп стрыжанем, то няхай бы так і ляжала: сухая ж, чысценькая. Не, трэба палезці і разраўняць. І во…, – бабуля лёгенька пагладжвае распухлую ступню. – Калі ты старая качарга – дык і не лезь у печ. Бо ад ранейшага спрыту след даўно прастыў.
– Як паеду, мае вы міленькія, – працягвае, – па той бульбе, дык абаранкам і скруціла ўсю: ні варухнуцца. Шчасце, што голас пры мне застаўся. Давай лямантаваць, каб суседка Света – яна цераз дарогу жыве – пачула. Залаты гэта чалавечак, часта наглядае на мяне: ці жывая, ці на сваіх нагах тупаю. Мы з ёю зрадніліся як маці з дачкою.
Бабуля змаўкае. Мусіць, зноў перажывае той страшны момант, калі не ўтрымалася на бульбе. Потым працягвае-разважае:
– Як выцягвалі з таго склепу на ганак, а адтуль у “скорую” пакавалі, то думала: ну, зламала сабе ўсё, што толькі можна было зламаць. Аднак у кожнага свой анёлак ёсць. Вось і мой не драмаў, не дапусціў да вялікай бяды. Але ж як, скажыце, сынам і ўнукам прызнацца пра сваё глупства? Не, пакуль буду маўчаць…
Слухаць бабулю проста асалода. Шкадую, што няма дыктафона, бо нячаста натрапіш на такія залатыя моўныя россыпы. У прамежках паміж урачэбнымі абходамі і медыцынскімі працэдурамі з маналогаў-карацелек, бы з каляровых шкельцаў, выкладваецца някідкі ўзор бабулінага жыцця.

На ўсё свой час
– А як вас, дзяўчаткі, называць? – цікавіцца.
Мы прысаромлена спахапляемся:
– Прабачце, і самі не назвалі сябе, і пра ваша імя не спыталіся.
– А я Рэгіна Баярчук, – прадстаўляецца ахвотна і з годнасцю. Пры гэтым удакладняе: – Не Рэня, не Рэнька, а – Рэгіна. Не толькі ў хаце, але і ў вёсцы з маленства так клічуць. І, ведаеце, мне маё імя вельмі падабаецца! За тое, што гучнае, звонкае, у любой кампаніі пашанацыю дае.
– І вы мяне Рэгінай называйце, не прыбаўляйце нават па бацьку “Міхайлаўна”, – кажа.
Нам цікава, колькі бабулі Рэгіне гадоў.
– А на колькі выглядаю? – хітра прыжмурвае вочы.
Мяркуем, што на восемдзясят з “хвосцікам”.
– А таму “хвосціку” цэлых восем гадкоў! – смяецца. – Як узяцца ўсе падлічваць – ой, многа. А паразважаю – дык ці варта пра тое маркоціцца? На ўсё нам Бог дае час: у лялькі гуляць, на танцы бегаць, дзяцей гадаваць. І працаваць да сёмага поту, і “на печы ляжаць” – недарэмна ж жартам кажуць, што чалавек пражывае “век конскі” і “век кашэчы”. Дык вось, па-мойму, усякая пара жыцця і прыгожая, і непаўторная, і неацэнная. Старасці баяцца не трэба. Бо гэта сапраўды залаты век: настае пара рахункаваць нажытую мудрасць. І кожны год за тваімі плячамі – што залаты каштоўны злітак. Бо жыццё кожнага многаму вучыць, дае вопыт. Узважвай, ацэньвай гэтае сваё багацце, дзяліся ім з унукамі-праўнукамі.

Краўчыха
Рэгіна Міхайлаўна пераканана, што ў кожнага чалавека свой талент. Ніхто без яго на свет не нараджаецца. Пра сябе кажа, што ёй з малых год карціла ведаць, як гэта вопратка шыецца. Вось і аддаў татка на мадыстку вучыцца.
– На краўчыху? – удакладняем.
– На яе. Купіў машынку “Зінгер” і тры гады вучылася рамяству ў жанчыны на станцыі Бераставіца.
Мы дзівімся: цэлых тры гады?!
– А што вы думалі? – не разумее бабуля Рэгіна. – Умець пашыць любую вопратку – і на дзіця, і на кабету, і на мужчыну – гэта не жартачкі. І крой асвоіла, і шытво. З усяе акругі людзі шыць прыносілі, нават з Малой Бераставіцы. І начавалі, бывала. Каму абнова патрэбна спешна, то кажу: “За ноч скончу, а на ранку забярэш”.
– Я любіла шыць, – заўважае.
– Дапасоўвала, каб вопратка ляжала пекна, здатна. Фігуры ж у людзей розныя, а ты на тое і краўчыха, каб прыхаваць які хіб. Думаеце, гэта лёгкая ці надта зайздросная работа? Падчас, калі не клеіцца, здаецца, кінуў бы ўсё ў куток ды збег куды. З часам шыла толькі прыхваткамі. Машынка “Зінгер” і цяпер у хаце стаіць. А вось сядзець за ёю не магу: хутка стамляюся, – смяецца, – і валюся на бок.
Ну, а яшчэ ў складзе рабіла, збожжа лапаціла і чысціла, – тлумачыць Рэгіна Міхайлаўна:
– Мае сястра і брат дык у інстытуце асвойвалі навуку на зямлі працаваць. Сястра ў Гродзенскім раёне галоўным аграномам была, брат – старшынёй саўгаса. І, бачыце, мне ў калгасе таксама даверылі са збожжам упраўляцца.

“Бабулечка, родненькая…”
Неўзабаве мы даведваемся, што вырасла бабуля Рэгіна ў Дзіневічах, а замуж выйшла – рукой падаць – у Непарожнеўцы.
– Мой сорак тры гады на “Беларусу” адрабіў, – хваліць мужа. – Жылі з ім добра, паважалі адзін аднаго. Усяляк было: падчас ледзьве канцы з канцамі зводзілі. Бо і дзяцей гадавалі, і будаваліся. Муж быў адзін у маці, і чакаць дапамогі надта не было адкуль. Але калі ў сям’і лад ды згода, то памаленьку ўсё пераадольваецца. Двое сыноў маю. Віця ваенны, палкоўнік. Ён у Мінску з сям’ёю жыве. А Лёнік – побач, у Паплаўцах. Не хачу моцна хваліцца, аднак усё ж скажу: масцеравы ён у мяне, Лёнік. Рукі мае залатыя: на што гляне, што задумае – тое і зробіць. Гляджу, а ўжо новыя шафы на кухні вісяць.
– Ці дорага купіў? – пытаюся.
– Навошта купляць? – смяецца. – Сам зрабіў.
І так любую рэч. Балкон вунь як абуладкаваў.
Слухаем і, бачачы, як свецяцца бабуліны вочы, радуемся за яе.
А старая праз некаторы час зноў дзеліцца сваім шчасцем.
– Унукі-праўнукі мае ў Мінску, у Ленінградзе, у Малой Бераставіцы. Усе горнуцца да мяне: “Бабулечка, родненькая, ты толькі жыві…”. Да таго Ленінграда вунь як далёка, але і адтуль прыязджаюць, праведваюць. Адна – урач, другая ў судзе працуе. Не так даўно тая, што ў судзе, прыязджала легкавушкай – сама за рулём – абняла мяне і пытаецца: “Як ты тут, бабулечка Рэгіна?”.
– А ў той бабулечкі сэрца ад радасці аж млее…, – прызнаецца. – Нагаворымся ўдоваль, нараімся. Што гэта, як не шчасце? Ці ж не варта было, скажыце, да яго такі доўгі век тэпаць?
– Хварэць-то я асабліва і не хварэла, – кажа бабуля Рэгіна. – Па бальніцах не валялася. “Скорай”, праўда, во другі раз забралі. Уцэльваю, як гаворыцца, хоць рэдка, але метка, – горка жартуе. – Першы раз дык спіну скруціла. Ці ж магла падумаць на такое? Во, паслухайце.
– Мой Міхаіл Пятровіч тады ўжо моцна хварэў. Я, лічы, і не адыходзіла ад яго. А тут бачу, аўталаўка з прадуктамі прыехала. Трэба бегчы, а чалавек мой ссунуўся на край ложка – як яго так пакінеш? Лёніка якраз няма, і мужчын-суседзяў таксама. Узяла пад рукі і пацягнула на падушкі. А тут як стрэліць у спіну! Аж у вачах пацямнела. Не чую ні рук ні ног. Тады і трапіла ў рэанімацыю: нейкія дыскі ў пазваночніку зрушыліся.
Потым яшчэ доўга дактары са мной цацкаліся. І неўролаг, і тэрапеўт дахаты прыязджалі. Падлечвалі, падчас у бальніцу клалі.
Муж доўга і не пажыў, і асірацела я ў нашай з ім хаце. Чатырнаццаць гадкоў з той пары мінула. Горка во так адной застацца. Але куды падзецца? Мусіць чалавек прывыкаць да такой жыткі, якая ёсць.

Непарожнеўцы
– Выкараскалася тады я, – зноў вяртаецца Рэгіна Міхайлаўна да балючай для яе тэмы, – але з таго часу не ўсякую хатнюю работу магу рабіць. Хаця хіба гэта бяда? Памагчы ж ёсць каму. Ды і Света, суседка, заўсёды на выручку прыйдзе. Шчасце, што яна жыве побач. А нашы Непарожнеўцы, лічы, ужо амаль пустыя. Не магла калісьці і падумаць, што будзе такое. Як жа сумна гэта… З таго канца бабулька, якая жыве адзінока, часам пагутарыць прыходзіць.
Але што ты зробіш? Многія паўміралі, нямоглых дзеці да сябе пазабіралі. Зусім адзінокім старым цяпер, аднак, няма страху. Прыедуць з сацыяльнай службы, і, калі ты не супраць – у прытулак прапануюць паехаць. Там, ведаем, догляд добры і кормяць смачна.
Я таксама ўжо зіму ў свайго Лёніка зімавала. Не ведаю, як яно цяпер будзе.
…Неяк пасля вячэры бабуля Рэгіна здзівіла:
– А ці ведаеце вы, што я “памежніца”?
Сказала і, гледзячы на нашы здзіўленыя твары, шчыра рассмяялася. Жарт удаўся, і гэта развесяліла старую.
– Ад нашых Непарожнеўцаў да Польшчы рукой падаць, – тлумачыць. – Глянеш – і бачыш, што, скажам, на тым баку мяжы чалавек едзе на возе. І як на вышцы наш памежнік стаіць. Салдацікі па службе таксама часта міма хаты праходзяць. Набяру, бывае, у калодзежы вады – падбяжыць каторы і кажа: “Давайце, бабуля, данясу вядро да хаты”. Добрыя хлопчыкі, спагадлівыя. Паважаюць старасць.
– А калі маладыя побач, то і жывецца весялей, – заключае субяседніца, і зноў жартуе: – Так што і я, лічыце, “памежніца”: усё бачу, дзе што дзеецца.

Старасць
у пашане
– У нашых Непарожнеўцах калодзежаў некалькі, – вяртаецца бабуля Рэгіна да “воднай” тэмы. І нам ужо няцяжка здагадацца, што ёй зноў хочацца падзяліцца нечым для яе важным.
– Вада ў нас някепская. А на тым канцы, дзе бабуля адзінокая жыве, дык – чыстае серабро. Мо, там крынічны ключ які б’е? – разважае.
– Ёсць калодзеж і каля мае хаты. І вось пачала прымячаць, што вада мяняецца – не такая чыстая і не такая смачная, як раней. Я – да старшыні сельсавета Аляксея Грынюка: “Рабіце якую раду”.
Прыехаў, паглядзеў. А хутка каля мае хаты з’явіліся нейкія незнаёмыя хлопцы.
– Вось, Рэгіна Міхайлаўна, спецыялісты з Мастоў. Правераць, што з тваім калодзежам, пачысцяць, калі трэба.
Тыя аблачыліся ў спецыяльную вопратку ды – уніз. А калодзеж жа мой няплыткі, на дзевяць цамбравін. Перажываю, каб хоць не патапіліся. Корпаліся, чысцілі. А ў канцы дасталі штосьці такое, чаму здзівіліся і самі, і я, і старшыня сельсавета. Корч ні корч, кветкі ні кветкі з дрэва ці з чаго іншага. Не ўдалося разгадаць ні суседцы, ні маім родным. Як яно туды трапіла? Ляжыць тая загадка пад кустом і хай сабе ляжыць. А вада паступова ачысцілася і зноў стала смачнай…
Удзячна я Аляксею Грынюку. Ці ж мала ў яго спраў? А і для мяне, старой, знайшоў час. Добра, калі старасць у пашане.
Х Х Х
Неўзабаве высветлілася, што пералома ў бабулі Рэгіны няма, а ёсць праблемы са звязкамі. Узрадавалася і яна сама, і яе ўстрывожаныя сыны, якія абодва прымчаліся да маці. Рэгіна Міхайлаўна, асцерагаючы пасінелую ступню, пачала пакрысе тупаць каля ложка, хаця спачатку не адважвалася нават спусціць нагу ўніз.
– Мо, яшчэ й станцаваць змагу? – жартуе.
Яе аптымізм уздымае настрой і ўсім, хто побач. Ад гэтай звычайнай вясковай бабулі сыходзіць надзвычай станоўчая і нейкая вельмі спрыяльная энергетыка. Яе жывы інтарэс да жыцця і такія мудрыя, па-свойму філасофскія адносіны да яго не могуць не “заразіць”.
Пажылы ўзрост бабуля лічыць залатым векам чалавека. І сёння, на Дзень пажылых людзей, хочацца пажадаць шаноўнай Рэгіне Міхайлаўне, каб яе век быў як мага больш доўгім і светлым.

Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *