Агні вялікага горада спакон вякоў прывабліваюць людзей, асабліва маладых. І як матылёк ляціць на агеньчык і яму здаецца, што гэта і ёсць здзяйсненне яго жадання, так і многія юнакі і дзяўчаты спяшаюцца ў гарады за ўвасабленнем сваёй мары. У кожнага яна свая, але безліч магчымасцей, хуткі тэмп жыцця і яшчэ шмат іншых прыкмет сучаснага мегаполіса — вялікая спакуса для моладзі. Аднак сказаць, што ў вякі ўрбанізацыі вёску паўсюдна пакідаюць маладыя людзі, усё ж нельга. Таму што ў кожнай гаспадарцы можна знайсці спецыялістаў, якія паспяхова рэалізуюць сябе. І калі гэта чалавек яшчэ малады, пагаварыць з ім удвайне цікава.
Вітаутас Янкаускас (на здымку) – заатэхнік — селекцыянер СВК “Малабераставіцкі элітгас”. Вельмі прыязна выказаўся пра гэтага маладога чалавека з незвычайным і, бадай, адзіным такім прыбалтыйскім у нашых мясцінах імем дырэктар Цэнтра селекцыі і генэтыкі па Бераставіцкаму раёну РУСП “Гроднаплемпрадпрыемства” Павел Анатольевіч Буткевіч. А меркаванне яго заўсёды грунтуецца на тым, наколькі чалавек сапраўдны прафесіянал у сваёй справе, наколькі вынікова працуе і “выкладваецца” у нялёгкай прафесіі. А што работа заатэхніка — селекцыянера няпростая і “лёгкага хлеба” там не бывае, пацвердзіць можа кожны аграрый.
Да дванаццаці год Вітаутас, а прасцей Віця, як называла яго беларуска-мама, родам са Свіслацкага раёна, пражыў з сям’ёй у ваенным гарадку ў Латвіі. Бацька яго быў ваенны, а па нацыянальнасці літовец. Вывучаў хлопчык у школе і латышскую мову. Затым сям’я пераехала ў Беларусь, але ў Прыбалтыцы ў іх засталіся сваякі. А з адным стрыечным братам, Рамунасам, ён у 2007 годзе сустрэўся ў Англіі, куды ездзіў папрацаваць у фермера. У той час ён вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце па спецыяльнасці “заатэхнія”. Брат і зараз там жыве, займаецца будаўнічым бізнесам, а сустрэцца тады быў вельмі рады, ды і дапамагчы таксама.
У свае маладыя яшчэ гады хлопец ужо пабачыў свет, бывае і ў Літве. Цікавіцца інтэрнэтам. Можа параўнаць калектыўнае гаспадаранне ў нашай краіне і фермерства ў заходніх, таму што не толькі бачыў гэта сваімі вачамі, але ў англійскага фермера і працаваў. Той фермер быў сапраўдны мільянер, а займаўся вырошваннем некалькіх гатункаў салаты. Вельмі цікава было паглядзець на інтэнсіўныя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы.
– Колькі там хіміі выкарыстоўваюць, — расказвае Вітаутас. – Салата вырастае вельмі хутка. Збіраюць яе ўручную. Мінімальная зарплата ў гадзіну была 12 долараў. Папрацаваць на канікулах прыязджалі студэнты з розных краін, найбольш з Балгарыі, Украіны.
Але і ў нас ёсць свае перавагі. Маляўнічая прырода, спакойнае жыццё ў вёсцы, прыязныя людзі – добрая альтэрнатыва гарадскому тлуму. А СВК “Малабераставіцкі элітгас” – гаспадарка моцная, кіруе ёю вопытны і гаспадарлівы чалавек Анатоль Паўлавіч Коханаў. Ён ведае, як зацікавіць і прывабіць сюды на працу маладых.
— Чалавек добразычлівы, паважае і разумее людзей, і я яму вельмі за гэта ўдзячны, — гаворыць Вітаутас пра старшыню. – Ды і калектыў у нас падабраўся добры. Мэта работы звяна па ўзнаўленні статка – атрымаць больш цялят, адпаведна больш будзе і малака. Мая работа мне падабаецца. Усе дапамагаюць. З калегамі Алегам Карпачом, Канстанцінам Рагалевічам, Міхаілам Пяньковым і Аляксандрам Якутам прыемна працаваць. З імі адчуваеш падтрымку калектыву.
Жонка Вітаутаса – па спецыяльнасці ветурач, а зараз яна ў дэкрэтным адпачынку. У маладой сям’і падрастае маленькая дачка Ангеліна.
Уражанне ад размовы з гэтым заатэхнікам-селекцыянерам у мяне засталося вельмі добрае. Адчуваецца-такі ў ім і нешта прыбалтыйскае – ураўнаважанасць, сур’ёзнасць. Зразумела, што як і ў кожнага з нас, ёсць у гэтага маладога чалавека і свае турботы, і клопаты. Але адчуваецца, што Вітаутас стараецца, ёсць у яго вачах агеньчык зацікаўленасці сваёй справай, работа яму па душы, ды і характар у яго памяркоўны і добры.
У “элітгасе” пра свайго заатэхніка –селекцыянера выказваюцца вельмі станоўча.
Ніна Наддэ, фота аўтара