Раённы семінар прайшоў на базе СВК «Цецяроўка»

Лента новостей

IMG_0059 IMG_0065 IMG_0069Раённы семінар — вучоба па тэме “Выкананне правіл шынамантажных работ – залог бяспечнай працы” адбыўся 16 ліпеня на базе СВК “Цецяроўка”. У ім прынялі ўдзел галоўныя інжынеры і спецыялісты па ахове працы гаспадарак. Мерапрыемства набыло асаблівую актуальнасць у сувязі з няшчаснымі выпадкамі ў цэлым па рэспубліцы і пачаткам масавай уборачнай кампаніі. Прафілактыка – лепшы сродак, каб не азмрочыць паўсядзённую напружаную працу.

Практычная частка семінара пачалася з наведвання шынамантажнага цэха аўтазаправачнай станцыі №1 “Газпрамнафта”. Уезд з мяжы — сапраўдная візітная картка нашай краіны. Менавіта па такіх аб’ектах у замежных гасцей складваецца першае ўражанне пра рэспубліку і раён. Тэрыторыя тут прыгожая і дагледжаная. Адпавядае гэтаму і сервіс. Прыезджы вадзіцель за сімвалічную плату можа нават прыняць душ. Ужо такая, здаецца, дробязь складае добрае ўражанне ў лю­дзей. Удзельнікам семінара была паказана аўтаматычная нямецкая мыйка для легкавых і грузавых машын, запатрабаваная паслуга каштуе нядорага. Мыццё якаснае, выкарыстоўваюцца нават спецыяльныя шампуні і сродкі. Паслуга асабліва патрэбная, калі падвяло надвор’е, а выгляд машыны тэрмінова трэба прывесці ў парадак.
Цікава было пагля­дзець і на выстаўку тэхнікі – дамкраты, гідраўлічны кран і іншае. Нешта ўдалае і прыдатнае захавалася тут яшчэ з савецкага часу, ёсць і імпартнае абсталяванне. Удзельнікам семінара быў паказаны дэмантаж — мантаж шын сельгастэхнікі. Прадэманстравалі такі від работ слесары. Была прадстаўлена карысная інфар­мацыя, як зрабіць працу бяспечнай.
Затым адбыўся агляд мех­майстэрні “Кватары” і зернесушыльнага комплексу ў СВК “Цецяроўка”. На іх сучасны выгляд можна палюбавацца. Пра людзей паклапаціліся, бытавыя ўмовы добрыя. Кацельня ў майстэрні працуе на мясцовых відах паліва. Абсталяваны пункт накачкі шын, пляцоўка для захавання металалому, новы прыемны выгляд набыў кабінет па ахове працы. Тут ёсць яркія плакаты, стэнды, можна азнаёміцца з інструкцыямі па выкананні ўсіх відаў работ у сельгаскааператыве. Асабліва пільнымі трэба быць на жніве, пры зварачных работах, пры працы на вышыні, а таксама звязанай з электрычнасцю, сродкамі аховы раслін, хімікатамі і многім іншым. У полі зроку павінна быць супрацьпажарная бяспека. Каб пазбегнуць пажараў у час уборкі, загадзя ў сельгаскааператывах прызначаюцца адказныя асобы за адпаведную падрыхтоўку машын і агрэгатаў, правядзенне інструктажу камбайнераў, машыністаў зернесушыльных комплексаў, вадзіцеляў, механізатараў. У час практычнай часткі вучобы быў прадэманстраваны камбайн, абсталяваны ўсімі належнымі сродкамі на выпадак пажару. Кожны працаўнік павінен зразумець, што строгае выкананне адпаведных правіл у першую чаргу ў яго інтарэсах.
Канструктыўная гутарка працягвалася ў зале адміністрацыйнага будынку СВК “Цецяроўка”. На слайдах былі прадэманстраваны наглядныя парушэнні супрацьпажарнай бяспекі, якія маюць месцы ў рэспубліцы і раёне. Напрыклад, стан праводкі, завалы ў вытворчых памяшканнях, калі няма свабоднага доступу да выхаду, могуць стаць прычынай няшчасных выпадкаў. На сітуацыі з санітарна — бытавымі ўмовамі ў мехмастэрнях гаспадарак Бераставіччыны і патрабаваннях да арганізацыі працы спыніўся галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Іван Ляпешка. Не ўсюды яшчэ навялі такі парадак і так праяўляюць клопат пра людзей, як на месцы правядзенні мерапрыемства. Наглядныя заняткі на камп’ютары з праекцыяй на шырокі экран правяла спецыяліст па ахове працы Бераставіцкага філіяла Гро­дзенскага аблспажыўтаварыства Тамара Літвін. Яна падрабязна расказала пра электронны модуль атэстацыі працоўных месцаў з небяспечнымі і шкоднымі ўмовамі працы. Інфармацыя была вельмі карыснай. Падвяла вынікі раённага семінара — вучобы намеснік старшыні райвыканкама Ала Заміроўская. У прыватнасці, яна яшчэ раз падкрэсліла, што тэма вучобы выбрана не выпадкова, а ўяўляе зараз асаблівую актуальнасць. Прафілактыка вытворчага траўматызму з’яўляецца важнай задачай, патрабуе адказнасці і не прадугледжвае вялікіх фінансавых выдаткаў. Таму “чалавечы фактар” тут незаменны.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *