Сярод прафесійных святаў, на якія багатая залатая восень, большасць прысвячаецца людзям мастацтва. У верасні ўшаноўваюць бібліятэкараў. У пачатку кастрычніка — музыкантаў. А падагульняе восеньскія ўшанаванні творчых людзей Дзень работнікаў культуры — свята, якое заўтра будуць адзначаць у раёне каля 180 чалавек, звязаных з культурай прафесійнымі адносінамі, і шэраг удзельнікаў мастацкай самадзейнасці, якія дапамагаюць ім уносіць у наша паўсядзённае жыццё яркія фарбы прыгажосці, пазітыўныя эмоцыі, узнёслы настрой.
Палітра творчага жыцця ўстаноў культуры нашага раёна разнастайная: канцэрты, фестывалі, агляды-конкурсы, выставы, агеньчыкі, вечары адпачынку, семінары, сустрэчы — не пералічыць усіх тых форм клубнай работы, якія выкарыстоўваюцца работнікамі культуры з рознымі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва: дзецьмі, падлеткамі, моладдзю, сярэднім і старэйшым пакаленнем. А каардынуе і накіроўвае гэтую работу калектыў раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці (РМЦ НТ) аддзела культуры райвыканкама (на здымку).
У абавязкі гэтых людзей уваходзіць аказанне прафесійнай метадычнай і практычнай дапамогі клубным установам; аналіз, абагульненне і ўкараненне ў практыку перадавога вопыту; пошук і прапаганда новых эфектыўных форм работы; арганізацыя і правядзенне раённых мерапрыемстваў; падтрымка адораных людзей; народных майстроў, мастацкіх калектываў; прафесійная вучоба клубных работнікаў і г.д. Дзякуючы ініцыятыўнасці метадыстаў РМЦ НТ, іх неабыякавым адносінам да справы, мы, гледачы, маем магчымасць назіраць за новымі культурнымі праектамі, знаёміцца з новымі імёнамі мясцовых талентаў, развівацца духоўна, спасцігаючы фальклорную і гісторыка-культурную спадчыну Бераставіччыны.
А яшчэ мы добра ведаем гэтых людзей як таленавітых, надзвычай творчых асоб, актыўных удзельнікаў раённых святаў і канцэртных праграм. Дырэктар РМЦ НТ Алена Місюля, метадыст па вакальна-харавому жанру Ганна Кавалевіч і малады спецыяліст, метадыст па арганізацыі вольнага часу насельніцтва Алена Пастушок—удзельніцы народнага ансамбля народнай песні РДК “Бераставіцкія музыкі”. Метадыст па фальклору і этнаграфіі Марыя Юшкевіч—стваральнік гэтага любімага бераставічанамі і вядомага далёка за межамі раёна калектыву, доўгі час—яго кіраўнік і ідэйны натхняльнік. Цяпер Марыя Пятроўна збірае і абагульняе багаты фальклорны матэрыял нашага рэгіёна. А вывучэнне гісторыі роднага краю—справа метадыста па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Мікалая Пацэнкі. Метадыст па арганізацыі работы аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах Андрэй Аруткін і рэжысёр святаў і абрадаў Ангеліна Гуліна—выдатныя вакалісты, якія маюць сярод жыхароў раёна сваіх прыхільнікаў.
Калектыў РМЦ НТ—дружны, аб’яднаны агульнымі мэтамі і задачамі творчы саюз аднадумцаў. Тут заўсёды пануе атмасфера шчырасці, узаемаразумення і ўзаемавыручкі, ініцыятыва і натхненне. А гэта вельмі спрыяе актыўнаму працэсу развіцця культуры і традыцыйнай творчасці ў раёне.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара