“Расці патрыётам сваёй Беларусі”

Культура Лента новостей

У філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка” патрыятычнаму выхаванню падлеткаў і моладзі надаецца асаблівая ўвага. Для чытачоў тут ладзяцца розныя тэматычныя мерапрыемствы. Адно з такіх прайшло 30 ліпеня на пляцоўцы каля мясцовага клуба. Гэта было чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання для дзяцей “Клёпа” пад назвай “Расці патрыётам сваёй Беларусі” ў рамках Года народнага адзінства.

Паколькі ў час летніх канікулаў амаль усе масавыя мерапрыемствы праходзяць на свежым паветры, да нас прыходзяць дзеці разам са сваімі бацькамі, дзядулямі і бабулямі. І гэта надае яшчэ большы каларыт кожнаму мерапрыемству, адкрываецца больш магчымасцяў для яго правядзення.

На чарговую сустрэчу з юнымі чытачамі былі запрошаны ваенаслужачыя 8-ай пагранічнай заставы “Сямёнаўка”. Яны прадэманстравалі ўдзельнікам аматарскага аб’яднання тэхніку зборкі і разборкі зброі, чым вельмі зацікавілі не толькі падлеткаў, але і дарослых, якія прыпомнілі свае далёкія армейскія будні. Былі праведзены спаборніцствы па зборцы зброі. Перамагла маладосць. Лепшым стаў вучань 10 класа Алекшыцкай сярэдняй школы Максім Паўловіч. Ён з лёгкасцю выканаў нарматыў.

На сустрэчы адбылося знаёмства і са службовай аўчаркай Хангай. Кінолаг расказаў пра асаблівасці догляду за сабакам і яго навучання, а таксама прадэманстраваў магчымасці сваёй армейскай сяброўкі. Дзеці і дарослыя з зацікаўленасцю глядзелі, як выконвае каманды Ханга: бярэ след, знаходзіць па паху розныя прадметы.

На сустрэчы прысутнічаў старшыня Алекшыцкага сельвыканкама Віталій Галавач, які расказаў пра гады сваёй армейскай службы.

Мерапрыемства пакінула пазітыў­нае ўражанне, усім спада­баліся госці-пагранічнікі, якія паказалі сябе грамат­нымі, адказнымі, добра ведаючымі сваю справу ваенна­служачымі. Мы ўпэўнены, калі такія спецыялісты служаць на граніцы, яна – пад надзейнай аховай.  Супрацоўніцтва з пагранічнай заставай і мерапрыемствы ваенна-патрыятычнага накірунку выхоўваць у падрастаючага пакалення пачуццё патрыятызму і гонару за сваю Радзіму, жаданне ў патрэбны час стаць на абарону сваёй Айчыны. Дзякуй за гэта начальніку пагранічнай заставы “Сямёнаўка” капітану Дзянісу Каханоўскаму і начальніку Гродзенскай пагранічнай групы палкоўніку Канстанціну Моластаву.

Зоя Хлебнікава, бібліятэкар філіяла “Алекшыцкая сельская бібліятэка” 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *