Рарытэты і сувеніры ад Ганаровага консула Манголіі ў Рэспубліцы Беларусь

Лента новостей

зоймуць сваё пачэснае месца на паліцах будучага раённага музея. Гэтыя рэчы былі перададзены музейным супрацоўнікам самім консулам Халтархуу Балдбаатарам падчас яго нядаўняга візіту на Бераставіччыну. Дарэчы, візіт такіх высокіх гасцей – а прыехаў Ганаровы консул Манголіі разам з прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта – стаў магчымым, дзякуючы старанням мясцовых музейных работнікаў, якія звярнуліся ў консульства Манголіі і пасольства Кітая з просьбай дапамагчы адшукаць экспанаты, паколькі вядомы вучоны-манголазнаўца, аўтар «Мангольска-руска-французскага слоўніка» і іншых шматлікіх прац па ўсходазнаўству Восіп Кавалеўскі (1801-1878) нарадзіўся ў Вялікай Бераставіцы, у нас шануюць памяць пра гэтага вучонага, вывучаюць яго біяграфію, імкнуцца знай-сці кантакты для абмену гістарычнымі звесткамі пра славутага земляка.
У консульстве Манголіі з цікавасцю і энтузіязмам сустрэлі прапанову мясцовых краязнаўцаў наведаць радзіму чалавека, які адным з першых «адкрыў Манголію Еўропе». І такая сустрэча адбылася. Госці пазнаёміліся з нашым мястэчкам, з той работай, якая вядзецца па захаванні памяці Восіпа Кавалеўскага, паабяцалі прыехаць на ўрачыстае адкрыццё раённага музея.
Сярод падарункаў асаблівую цікавасць выклікае мангольскі нацыянальны музычны інструмент морын хуур (инструмент с лошадиной головой). Морын хуур – адзін з сімвалаў мангольскага культурнага адзінства. Гэты інструмент у 2005 го-дзе па рашэнні ЮНЕСКА атрымаў сертыфікат аб замацаванні яго ў якасці скарбніцы культурнай спадчыны чалавецтва. Цікава, што галоўка грыфа хуура традыцыйна вырабляецца ў выглядзе галавы каня, а гук інструмента ў мангольскай паэзіі параў-ноўваецца з конскім ржаннем ці з подыхам ветру ў стэпе. Адметна, што морын хуур і сёння выкарыстоўваецца ў сучасных мангольскіх нацыянальных аркестрах.
Акрамя гэтага госці прывезлі некаторыя прадметы нацыянальнага посуду (медную піялу) і адзення, шэраг сувенірнай прадукцыі, сярод якой – карціны з мангольскімі краявідамі, кнігі, фотальбомы і інш.
Падчас сустрэчы вялася папярэдняя размова аб наладжванні ў нас ці ў Гродне так званых “кавалеўскіх чытанняў”, а таксама аб далейшым падтрыманні культурных сувязей.
На здымку: апісаць новыя экспанаты – задача дырэктара раённага краязнаўчага музея Аляксандра ГАЛАВАЧА і метадыста па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры райвыканкама Мікалая ПАЦЭНКІ.

Святлана  Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *