Райскі куточак Наталлі Гаспадарац

Лента новостей Человек и его дело

IMG_0013Чалавеку, які мае сялянскія карані, цяжка жыць у гора­дзе. Пасля імклівай маладосці, і асабліва, калі ўжо з’явіцца сям’я, хочацца свайго кавалачка зямлі, каб пасадзіць там раскідзістыя пладовыя дрэвы, агародніну і цудоўныя ружы для душы. Таму многія гараджане любяць у выхадныя і святы выязджаць у вёскі, на дачы, дзе можна дакрануцца да сваіх каранёў і да жывой прыроды. Шчаслівы той чалавек, чыя мара спраўдзілася, у каго ёсць утульны і цёплы дом на зямлі. Нядаўна мне давялося пазнаёміцца менавіта з такой жанчынай, добрым работнікам, выдатнай гаспадыняй і маці.
Бухгалтар па раслінаводству СВК “Цецяроўка” Наталля Гаспадарац выглядае молада, нават не скажаш, што ў яе дзве дарослыя ўжо дачкі і дзве ўнучкі. Работа яе няпростая, яна вядзе увесь улік прадукцыі раслінаводства – кармоў, сенажу, сіласу, збожжа. Ёй кожны месяц паступае інфармацыя ад кладаўшчыкоў па ўсіх складах. Гэты ўчастак работы складаны, тут трэба мець і немалыя матэматычныя здольнасці, сілу волі, уважлівасць. “Сухія лічбы”, як нітачкі, звязваюць асобныя дадзеныя ў адно цэлае, ствараюць сістэму. Уся поўная карціна вытворчасці ў раслінаводстве ў руплівых руках дасціпнага бухгалтара. Тут патрэбен сапраўды моцны характар.
А нарадзілася і вырасла Наталля ў Шчучынскім раёне, пасля школы паступіла ў Маладзечанскі ўлікова — планавы тэхнікум. Дзяўчына захацела, як мама, быць бухгалтарам, і гэта ёй удалося. Колькі радасці было, калі паступіла, а потым, калі атрымала новенькі дыплом.
Са сваім будучым мужам Наташа пазнаёмілася на сваёй малой радзіме, там, дзе жылі бацькі. Малады хлопец прыехаў да свайго брата, які тады працаваў на эксперыментальнай базе “Усход” і быў у добрых адносінах з Наташынымі бацькамі.
— Як было не заўважыць такую прыгожую дзяўчыну? – далучаецца да нашай гутаркі намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Цецяроўка” Марыя Антонаўна Некала.
— Казалі, што сасваталі, — гаворыць Наталля.
— А каб і сасваталі, дык што дрэннага б зрабілі? – усміхаецца Марыя Антонаўна. – Вам жа добра?
— Добра, — згаджаецца Наталля.
Шчаслівую жанчыну можна пазнаць па вачах, па адметным выразе твару. Калі Наталля гаворыць пра сваю сям’ю, дом, дык аж свеціцца. Муж яе закончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны, і тады маладыя паехалі па месцы яго размеркавання, а ў 2000 годзе прыехалі ў Пагранічны. Муж працуе вядучым ветурачом на свінакомплексе. Работы там шмат, пагалоўе вялікае – 22 тысячы свіней, за ўсім трэба глядзець, а зараз яшчэ і дадалася небяспека афрыканскай чумы. Работа яго вельмі адказная.
— Добрая сям’я, — дадае Марыя Антонаўна. – Гаспадарлівыя людзі, нездарма іх прозвішча Гаспадарац. А якая гэта гаспадыня, як яна ўмее гатаваць, пячы! Гаспадары ад Бога, як на рабоце, так і дома. Ды і ў грамадскім жыцці Наталля актыўная, паспяхова праявіла сябе ў сандружыне.
Тады ж, па прыездзе ў наш раён, спачатку маладая сям’я год здымала кватэру, а затым з дапамогай гаспадаркі пабудавала свой дом.
— Можна да Вас у госці наведацца? – пытаюся ў маёй субяседніцы.
Яна з радасцю згаджаецца, і праз некалькі хвілін мы ў райскім куточку. Дом цагляны, прасторны, прыгожы, і акрамя “каробкі”, муж усё зрабіў тут сваімі рукамі. У доме ўсім хапала і хапае месца. У дочак Марты і Юлі, адна з якіх закончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і працуе эканамістам у Гродне, а другая – малады спецыяліст, урач, пасля заканчэння медуніверсітэта па размеркаванні паехала ў Брэсцкую вобласць, былі ўласныя пакоі, а ўсяго іх у доме пяць.
— Калі мы засяліліся, я дачакацца не магла, пакуль працоўны дзень закончыцца і сюды пайду, — расказвае гаспадыня. – І дзеці мае таксама такое адчувалі, і мне гаварылі, як ім пасля ўрокаў хацелася хутчэй у наш прыгожы дом.
Каля дома агарод, парнік, насаджана шмат маліны, ружаў, кветак, у двары альтанка, арэлі з тэнтам і прыстасаванне для барбекю. Упрыгожваюць двор фігуры белых лебедзя і бусліка, быццам яны толькі апусціліся з блакітных нябёсаў на гэты кавалачак з любоўю ўпарадкаванай зямлі. Недалёка пчаліныя вуллі, у гаспадароў ёсць і свой мёд. Як цудоўна адпачываецца тут на свежым паветры пасля работы або ў выхадныя.
Выказваю ад убачанага сваё шчырае захапленне:
— У горадзе такога дома ў вас ніколі б не было!
— Вядома! – згаджаецца гаспадыня.
Вось адзін з кардынальных прыярытэтаў вёскі перад горадам. Як гэта добра – мець свой кавалачак зямлі, укласці ў яго душу і радавацца жыццю разам са сваімі роднымі.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *