Разумнікі і разумніцы

Актуально

30 хлопчыкаў  і дзяўчынак адпачывалі ў чэрвені ў профільным лагеры “Навука”. Усе яны пераможцы прадметных алімпіяд або проста таленавітыя дзеці, а ў лагер прыйшлі, каб не толькі аздараўляцца, але і папаўняць і без таго ўжо добрыя веды. На працягу 9 дзён школьнікі праводзілі свой час весела, а галоўнае — карысна. Мяркуйце самі: па-першае, для дзяцей было арганізавана 5-ці разавае харчаванне, зарадка, ранішнія і вячэрнія  прагулкі, “Сцежка здароўя” (рабіць гэта было нескладана, бо дзеці жылі побач з лесам, у аздараўленчым    лагеры    “Бераставіцкі”), па-другое, кожны дзень быў напоўнены рознымі заняткамі, цікавымі сустрэчамі і вясёлымі мерапрыемствамі. Вось    што расказала нам начальнік лагера Т.І.Кавальчук: “Першая палова дня для разумнікаў і разумніц праходзіла вельмі насычана: спачатку школьнікі наведвалі заняткі па інтарэсах (гэта ўрокі матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, рускай і беларускай мовы, працоўнага навучання), потым гурткі і клубы. Так, напрыклад, дзейнічалі спартыўныя секцыі, можна было наведаць камп’ютэрны клас, у псіхалагічных майстэрнях працавалі школьныя псіхолагі. Гурткі і заняткі па інтарэсах у большасці праходзілі на базе Вялікабераставіцкай СШ, а група “Юных тэхнікаў” наведвала заняткі А.А.Камяка, настаўніка працоўнага навучання, у Алекшыцкай СШ. Наогул, у лагеры праводзілася шмат мерапрыемстваў для развіцця інтэлектуальных магчымасцей дзяцей. Выхавацелі А.В. Апанасік, В.А. Більдзя, Т.А. Ільючак і Ю.В. Карповіч цікава арганізоўвалі культурна-масавыя мерапрыемствы. Бераставіцкія школьнікі сустракаліся разам са сваімі аднагодкамі з Малабераставіцкага лагера працы і адпачынку, сумесна юнакі і дзяўчаты разважалі на тэму здароўя і падрыхтавалі інфармацыйны калаж “Мы за здаровы лад жыцця”. Праводзіліся ў лагеры інтэлектуальныя марафоны “Дарогу адолее той, хто ідзе”, “Хачу ўсё ведаць”, гульня “Што? Дзе? Калі?”, арганізоўваліся паходы, гульні на свежым паветры,  гульня-вандроўка  “Экалагічны калейдаскоп”. Вельмі карыснай была паездка ў Гродна ў Цэнтр прафарыентацыі. Мне здаецца, вучні засталіся задаволены, бо мы імкнуліся зрабіць адпачынак не толькі цікавым, але і запамінальным.”

Падрыхтавала
Алена Рыжко, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *