21 чэрвеня адбылося ўрачыстае закрыццё нашага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей “Сонейка”, што пры Алекшыцкай СШ. На працягу 18 дзён працавалі дзве кінастудыі “Ералаш” і “Смайлік”. Вельмі цікавым было жыццё ў лагеры: усе лагерныя справы ажыццяўляліся па праекце “У кадры я і маё лета”, у выніку ўсе нашы 18 дзён знайшлі адлюстраванне ў відэароліку, створаным сумеснымі сіламі школьнікаў і педагогаў.
Чаго толькі не прыдумлялі нашы выхавацелі, каб зрабіць наш адпачынак разнастайным, напоўненым, карысным! Тут і спартыўныя спаборніцтвы: валейбол, футбол, баскетбол, піянербол, спартландыі; і разнастайныя віктарыны ды конкурсы для эрудытаў; і караоке, і дыскатэкі, і маляванне, і канцэрты, і тэатральныя пастаноўкі. Кожны змог знайсці сабе справу па густу, вызначыць, што ў яго болей атрымліваецца, да чаго ляжыць душа. Я, напрыклад, раней ніколі не ўдзельнічаў у канцэртах, саромеўся выходзіць на сцэну ў смешных пастаноўках, а цяпер мне гэта нават спадабалася. А якія артысты выйшлі з Малашкі Паўла і Савіцкага Яраслава!!! У танцах паказалі клас трэцякласнікі. Аказалася, што Шалесны Андрэй, Васільеў Валера, Эйсмант Павел так ліха танцуюць, што старшакласнікі маглі толькі пазайздросціць. Мы здымалі ролікі і складалі прэзентацыі. Цікавую прэзентацыю пра сваю сям’ю склала Лера Пазняк.
У нашым школьным лагеры дзеці заўсёды весела і змястоўна праводзяць час. Таму прабіцца туды можна толькі па конкурсе. Я выйграў сваю пуцёўку ў гэтым годзе. Восенню я пайду ў 8 клас, а на лета мару зноў выйграць пуцёўку ў школьны лагер “Сонейка”. Я дзякую ўсім педагогам лагера: дырэктару лагера Людміле Іванаўне Садаўнічай, выхавальнікам Аляксандру Анатольевічу Камяку, Ірыне Уладзіміраўне Легашчовай, Наталлі Аляксандраўне Баброўскай, Галіне Вадзімаўне Андрыянавай, Галіне Уладзіміраўне Румак, выкладчыку фізічнай культуры Цалюку Уладзіміру Дзмітрыевічу — за такі цікавы час, праведзены разам.
Палакян Гогі, вучань 7 класа Алекшыцкай СШ