Веру Станіславаўну Шостак ведаю многа гадоў. Яшчэ з той пары, калі пасля заканчэння Ашмянскага сельгастэхнікума яна прыехала ў наш раён на працу. Родам жанчына са Свіслаччыны. Адтуль і яе муж, Васіль Пятровіч, які працуе вадзіцелем у ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”. Працаўнік ён вопытны і старанны, пра што красамоўна сведчыць, да прыкладу, той факт, што летась калектыў механізаванай калоны вылучыў кандыдатуру Васіля Пятровіча на раённую Дошку гонару.
Вера Станіславаўна ні ў веданні сваёй справы, ні ў старанні мужу не ўступае. А любімая справа ў яе – бухгалтарская, вось ужо 32 гады жыве на працы сярод “мора лічбаў” і адчувае сябе тут камфортна.
– Ні ў якой іншай прафесіі сябе і не ўяўляю, – прызнаецца жанчына. – Хаця выбрала яе, можна сказаць, зусім выпадкова: паехала паступаць на бухгалтара за кампанію з аднакласніцамі. Аднак у час вучобы зразумела, што прафесію выбрала цікавую і, без перабольшвання, для душы.
На працу Веру накіравалі на Бераставіччыну, у цэнтралізаваную бухгалтэрыю сельгасупраўлення. Працавала спачатку рэвізорам, потым галоўным бухгалтарам. Аднак жыццё ёсць жыццё: у сям”і падрасталі дзеці, а значыць, раслі і расходы. Чакаць жа дапамогі Шосткам не было асабліва адкуль, муж і жонка спадзяваліся на ўласныя сілы. І калі, дзякуючы запатрабаванасці сваёй прафесіі, Вера Станіславаўна атрымлівала больш цікавыя для сябе прапановы, то разглядвала іх. Жанчына працавала намеснікам бухгалтара ў ААТ ”Бераставіцкая ПМК-141”, а таксама галоўным бухгалтарам ААТ ”ВБВ-Інтэрсервіс”. У той час, калі мала хто з бухгалтарскіх работнікаў працаваў за камп’ютарам, яна ўжо досыць добра авалодала ім. Працавала і адначасова завочна вучылася, скончыла інстытут імя Куйбышава ў Мінску.
– Гэта цяпер мне лёгка гаварыць: маўляў, працуючы, атрымала вышэйшую адукацыю, – заўважае Вера Станіславаўна. – А колькі ж тады на гэта высілкаў спатрэбілася! Акрамя работы і вучобы клопатаў чакалі дзеці-школьнікі, хатнія справы, а яшчэ зямля на дачным участку, які для нашай сям’і заўсёды з’яўляецца сапраўдным падспор’ем.
Жанчына паспявала ўсюды, бо з самага дзяцінства засвоіла жыццёвую мудрасць, што стараннаму і Бог дапамагае. Яна, дарэчы, чалавек глыбокаверуючы і жыве так, як падказвае ёй яе вера.
Апошнія дзевяць гадоў Вера Станіславаўна працуе галоўным інспектарам у раённым аддзеле абласнога ўпраўлення Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Тут свая спецыфіка, свае нюансы. Асноўная функцыя аддзела – збор страхавых узносаў, якія прызначаны для фінансавання пенсійнага забеспячэння, дапамог, санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва і іншых выплат. Прычым, плацяжы павінны быць сабраны строга ў вызначаны тэрмін. За 9 месяцаў бягучага года ў бюджэт Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва з раённага аддзела паступіла звыш 61 мільярда рублёў. Канкрэтна Вера Станіславаўна займаецца ў аддзеле зборам сродкаў ад прадпрымальнікаў, якіх у раёне больш чым 200, і фермераў – іх 21.
– На жаль, – канстатуе мая субяседніца, – некаторых даводзіцца літаральна адшукваць з дапамогай адрасна-даведачнага бюро і затым звяртацца ў суд.
Але не толькі работа з прадпрымальнікамі і фермерамі ўваходзіць у кола яе абавязкаў. Вера Станіславаўна займаецца і назначэннем дадатковых прафесійных пенсій – на сёння яны налічаны ўжо 103 чалавекам. Ёсць у работніцы і іншыя шматлікія абавязкі. І з усімі жанчына спраўляецца з уласцівым ёй стараннем.
– На ўчастку работы Веры Станіславаўны праблемных пытанняў, як правіла, не ўзнікае, – кажа начальнік раённага аддзела аблупраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Алена Міхайлаўна Клімуць. – А між тым заканадаўства па назначэнні дапамог па часовай непрацаздольнасці, персаніфікаванаму ўліку, прафесійным пенсійным страхаваніі – чым, уласна, і займаецца Вера Станіславаўна – часта мяняецца, у сілу ўступаюць новыя законы і палажэнні. І граматны, старанны спецыяліст без цяжкасцей унікае ва ўсё новае, умее разабрацца ў любой, самай складанай сітуацыі.
Цэняць работніцу і ў вобласці. У мінулым годзе яна была ўзнагароджана граматай абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. І гэта для жанчыны дарагая ўзнагарода.
Марыя Драпеза,
фота аўтара