Сям’я Аляксандра і Вольгі Марцён з Вялікай Бераставіцы маладая – сямейны стаж яшчэ толькі чатыры гады. Але ўжо сваім уласным “вуглом” абзавесціся паспелі: амаль год таму пабудавалі кватэру дзякуючы льготнаму крэдыту, які дзяржава выдзяляе на будаўніцтва і набыццё жылля. Для маладой сям’і такі крэдыт — рэальная магчымасць мець уласнае жыллё, хоць частку сродкаў прыйшлося адкласці самім, дапамаглі і бацькі, але цяпер радуе сям’ю прасторная двухпакаёвая кватэра. Для маладых гэта вельмі важна, бо толькі ў сваёй кватэры яны сталі адчуваць сябе самастойнымі, адказнымі, сапраўднай сям’ёй, гэта зусім не тое, што здымаць кватэру ці жыць у бацькоў. Разам уладкоўваюць сваё жыллё, ствараюць сапраўдную выгоду і камфорт, куды хочацца вяртацца пасля працоўнага дня. Падабаецца новая кватэра і 3-гадовай Насцечцы – гэтая маленькая пацеха расце на радасць і бацькам, і бабулям з дзядулямі. Вельмі жывая, актыўная, яна ні хвілінкі не сядзіць без справы, імкнецца пазнаваць свет і з дзіцячай непасрэднасцю сустракае кожны новы дзень.
Вядома, уласная кватэра – гэта вельмі важна, але не толькі яна адна — аснова шчаслівага сямейнага жыцця. У сям’і Марцён пануе каханне, узаемаразуменне і падтрымка, маладыя людзі стараюцца саступаць адзін аднаму, знаходзяць кампраміс.
З асаблівай цеплынёй успамінаюць яны сваё знаёмства: Сашы спадабалася прыгожая і вясёлая дзяўчына, з якой тады яшчэ працавалі ў адным калектыве, і ён вельмі стараўся заваяваць яе сэрца. І Оля захапілася хлопцам, які быў такі ўважлівы, клапатлівы, так добра да яе адносіўся.
Год маладыя людзі сустракаліся, наладжвалі адносіны, потым пажаніліся, і вось цяпер год за годам, як яны жартуюць, “цаглінка за цаглінкай” складаюць падмурак сваёй сям’і, умацоўваюць яго, каб разам ісці па жыцці, акружаючы адзін аднаго каханнем, даверам і павагай.
Ірына Міклаш