Радасць аб Хрысце Уваскрослым няхай азарае сэрцы кожнага

Лента новостей Общество

Дарагія браты і сёстры!

Па дабрыні Божай мы зноў радасна сустракаем вялікае свята Светлага Хрыстовага Уваскрасення, і гэта ўрачыстасць аб’ядноўвае нас у адзінадушную лікуючую сям’ю, якая  славіць святую перамогу жыцця над смерцю.

“Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!” – усклікаем мы і не стамляемся паўтараць гэтыя словы, поўныя жыцця і вечнай радасці.

На жаль, у гэтым годзе наша пасхальнае святкаванне некалькі засмучана падзеямі, з якімі сутыкнуўся ўвесь свет, яны закранулі і нашу Айчыну. Але гэта ніколькі не прымяншае нашага свята, бо Уваскрасенне Хрыста – аснова нашай веры, якае сцвярджае каханне і акрыляе малітву.

Сёння мы як ніколі павінны з’яднацца ў малітве да Бога, дараваць адзін аднаму ўзаемныя крыўды і з чыстым сэрцам, выконваючы Запаведзі Хрыстовыя, працягваць ісці па жыцці, успамінаючы настаўленне Збавіцеля свету: “Шануйце ўсё, што Я загадаў вам; і вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку. Амінь.”

Кожны з нас у сітуацыі, якая сёння склалася, прызваны пераасэнсаваць каштоўнасць і нетрываласць чалавечага жыцця. Надышоў час з’яднацца, аб’яднаць сілы, забыцца на спрэчкі, дараваць крыўду, пакрыць любоўю ўсе канфлікты і недамоўкі. Гасподзь чакае ад нас спачування, міласэрнасці, дабрыні да тых, хто знаходзіцца з намі побач.

Ніякія страхі, ніякае засмучэнне не павінна авалодваць нашай свядомасцю ў гэтыя дні. Гасподзь наш Ісус Хрыстос кажа апосталу Пятру, а разам з ім і нам: “Не бойся, толькі веруй!”  З верай у Божую любоў да нас, з малітвай на вуснах, спакойна і разважліва нам належыць здзяйсняць свой жыццёвы шлях. Мы павінны служыць грамадству прыкладам здаровага сэнсу і сацыяльнай адказнасці. Менавіта таму Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы заклікае ўсіх сваіх вернікаў строга прытрымлівацца санітарных нормаў, рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

З заміраннем сэрца да Уваскрослага Госпада віншуем усіх вас, дарагія браты і сёстры, са святам Вялікадня! Радасць аб Хрысце Уваскрослым няхай азарае ў гэтыя светлыя дні сэрцы кожнага з нас! Бу­дзем руплівыя ва ўсім, што служыць захаванню міру, любові, адзінадушнасці, згоды і справядлівасці. Усемагутная дапамога Гасподняя няхай спадарожнічае ўсім добрым распачынанням нашым! Няхай Хрыстос Уваскрослы будзе заўсёды сярод нас  – Сваёй благадаццю і мірам. Хрыстос Уваскрос!

Святары  Бераставіцкага благачыння

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *