Работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заўсёды дапамогуць

Лента новостей

5 студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць  людзі, значнасць якіх цяжка пераацаніць. Прафесія сацыяльнага работніка і надзвычай патрэбная, і ў вышэйшай ступені высакародная: ён аказвае дзейсную дапамогу тым, хто апынуўся ў няпростай жыццёвай сітуацыі і без такой дапамогі проста не можа абысціся. Ад прафесіяналізму, кампетэнтнасці, высокіх асабістых якасцей, і перш за ўсё ад ўмення спачуваць, дарыць шчырую ўвагу і душэўную цеплыню, у многім залежыць якасць жыцця мільёнаў людзей у нашай краіне.
У нашым раёне такую дапамогу пажылым людзям і інвалідам аказваюць работнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. З дырэктарам Цэнтра Святланай Валчок мы і гутарым сёння.

2– У нашым Цэнтры працуе восем сацыяльных работнікаў на поўную стаўку і семдзесят шэсць – на ўмовах няпоўнага рабочага часу, – расказвае Святлана Мікалаеўна. – А на абслугоўванні знаходзіцца 251 састарэлы жыхар раёна.
Сярод сацыяльных работнікаў ёсць дастаткова вопытныя людзі, якія аддалі сваёй справе ўжо многа гадоў. Гэта Наталля Казімірчык з аграгарадка Кватары, Вольга Шапавалава з Вялікай Бераставіцы, Ларыса Янушкевіч з аграгарадка Пагранічны. Маладым у іх можна многаму павучыцца, бо жанчыны выдатна ведаюць і вельмі любяць сваю няпростую і нялёгкую справу, аддаюць ёй не толькі шмат часу, але, без перабольшвання, укладваюць і душу.
Адначасова з фізічнай дапамогай састарэдым людям аказваецца і маральная, псіхалагічная падтрымка. Нашы работнікі валодаюць неабходнымі навыкамі, а яшчэ, што вельмі важна, умеюць паважаць старасць, быць уважлівымі, цярплівымі і далікатнымі ў зносінах. Больш таго, для сваіх падапечных яны становяцца амаль роднымі людзьмі: бабулі і дзядулі з нецярпеннем чакаюць іх не толькі ў будні, але і ў святы, ахвотна дзеляцца сваімі радасцямі, праблемамі, раяцца.
– Якая яшчэ дапамога аказваецца работнікамі Цэнтра пажылым людзям?
– Самая рознабаковая. У нас функцыяніруюць аддзяленнні першаснага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання, тэрміновага сацабслугоўвання, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, дзённага знаходжання інвалідаў, а таксама аддзялення кругласутачнгага знаходжання састарэлых грамадзян і інвалідаў у аграгарадку Алекшыцы. Пры неабходнасці ім аказваецца тут і сацыяльна-медыцынская дапамога. Сёння ў аддзяленні знахо­дзяцца шаснаццаць пастаяльцаў.
– Святлана Мікалаеўна, наколькі ведаю, паслугі разавага характару па сацыяльна нізкіх цэнах, якія аказваюцца пажылым работнікамі Цэнтра, па-ранейшаму застаюцца папулярнымі. У 2014-м іх колькі было аказана?
– Так, разавая дапамога такога характару па сацыяльна нізкіх цэнах, а ў найбольшай ступені гэта касметычны рамонт жылых памяшканняў, праполка агародаў, уборка ўраджаю і іншае запатрабавана штогод. Канкрэтна ў мінулым годзе сацыяльныя работнікі аказалі 465 такіх паслуг.
– Пры ўкараненні ў краіне новых тэхналогій сацыяльнай работы і новых відаў паслуг асаблівая ўвага надаецца забеспячэнню даступнасці сацабслугоўвання для сельскіх жыхароў. Скажыце, калі ласка, а ў нас на Бераставіччыне летась з’явіліся якія-небудзь новыя віды паслуг?
– У нашым раёне даступнасці сацабслугоўвання таксама надаецца пастаянная ўвага, укараняюцца новыя віды аказання дапамогі. Так, у мінулым годзе з’явіліся дзве прыёмныя сям’і для пажылых лю­дзей, а яшчэ – дом узаемадапамогі і ўзаемападтрымкі.
– Раскажыце, калі ласка, пра гэта больш падрабязна.
22– Такая форма сацабслу­гоўвання, як прыёмная сям’я, уяўляе сабой сумеснае пражыванне сацработніка і яго падапечнага і вядзенне імі агульнай гаспадаркі. Што датычыцца дома ўзаемадапамогі і ўзаемападтрымкі, то прынцып яго стварэння наступны: акрамя гаспадара ў яго хаце пражывае яшчэ адзін або некалькі чалавек, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Разам яны фарміруюць агульны бюджэт, з якога аплочваюць камунальныя і іншыя паслугі, арганізоўваюць харчаванне.
– У лёсах пажылых і нямоглых састарэлых зацікаўлены ўдзел прымаюць, наколькі мне вядома, не толькі прадстаўнікі сацыяльнай службы, але і іншыя нераўнадушныя людзі, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў. Цэнтр пастаянна адчувае іх падтрымку?
– Дзякуй за гэтае пытанне, бо мне прыемна гаварыць на такую тэму. У нас сапраўды нямала спонсараў, якія з ахвотай і пастаянна клапоцяцца пра тое, каб жыццё адзінокіх дзядуль і бабуль было як мага больш камфортным і цікавым. Да прыкладу, гэта СВК “Алекшыцы” (старшыня В.Э.Паўлюкевіч), РУСП “Масаляны” (дырэктар А.В.Антушэвіч), СВК імя Варанецкага (старшыня І.І.Колас), індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Лазарчык, кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў “Явар-Бер” Тамара Малахава і “Артхагруп” Наталля Малецкая, а таксама фермерскія гаспадаркі Юрыя Лутака і Сяргея Ліхмана. Вялікі ўсім дзякуй!
Карыстаючыся выпадкам хачу пажадаць работнікаам Тэрытарыяльнага цэнтра і ўсім, пра каго мы клапоцімся, добрага здароўя ў новым годзе, шчасця, дабрабыту. Няхай 2015-ы прынясе кожнаму паболей светлых дзён, радасці, прыемнага настрою.
На здымку: для жыхаркі гарадскога пасёлка Ніны Іванаўны Вокар сацыяльны работнік Вольга Шапавалава надзейная памочніца, добрая субяседніца і шчырая дарадчыца.

Гутарыла Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *