Работнікі культуры праводзяць выязныя канцэрты ў аддаленых і маланаселеных вёсках Бераставіцкага раёна

Культура

Аддаленыя і маланаселеныя вёскі… Калісьці ў іх віравала жыццё, было шмат моладзі і дзяцей… Аднак час няўмольны, вёскі “старэюць”,  і сёння  ў іх пражываюць у асноўным людзі пажылога ўзросту. Больш ажыўлена становіцца летам, калі на канікулы да бабуляў і дзядуляў прыязджаюць унукі-праўнукі, ды дачнікі ў выхадныя спяшаюцца з агароднымі клопатамі. А яшчэ … падчас выяздных культурных мерапрыемстваў, якія праводзіць Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці і яго філіялы ў рамках Года малой радзімы.  

Народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” наведаў вёску Бераставічаны. Для нешматлікіх жыхароў вёскі, якія якраз выйшлі да аўталаўкі Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства,  артысты праспявалі свае самыя папулярныя песні. Асобна выступіў і саліст раённага цэнтра Андрэй Аруткін. Яснае вясновае сонейка і задорныя народныя песні ўзнялі вяскоўцам настрой.

– Дзякуй, што завіталі да нас, – кажа Вера Іванаўна Акуліч, стараста вёскі Бераставічаны і былая загадчыца клуба, на ганку якога, дарэчы і праходзіла творчая сустрэча. – Людзей у вёсцы нашай мала, але на культурныя мерапрыемствы мы адгукаемся. Артысты падарылі нам пазітыўныя эмоцыі.

На канцэрце прысутнічала таксама старшыня Бераставіцкага сельвыканкама Марына Карпуць, якая прыехала сюды пагутарыць з вяскоўцамі аб надзённых пытаннях.

Выязныя канцэртныя праграмы з удзелам народных калектываў, удзельнікаў аматарскай творчасці і работнікаў устаноў культуры пройдуць ва ўсіх аддаленых і маланаселеных вёсках Бераставіцкага раёна. Такія творчыя сустрэчы, арганізаваныя філіялам па культурна-дасугавай дзейнасці аг.Макараўцы, ужо адбыліся ў вёсках Рэпавічы і Сямёнаўка.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *