Работнікаў Малабераставіцкай інтэграванай бібліятэкі аб’ядноўвае любоў да кнігі

Лента новостей

Сёння бібліятэкі – гэта не толькі адукацыйныя, навуковыя, інфармацыйныя цэнтры, але і скарбніцы культуры, крыніцы ведаў і духоўнасці. На тэрыторыі раёна гэтую пачэсную ролю выконваюць публічныя бібліятэкі Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, бібліятэкі ўстаноў адукацыі, а таксама Паплаўская і Малабераставіцкая інтэграваныя бібліятэкі. У апошнюю, дарэчы, я і завітала напярэдадні Дня бібліятэк, каб пацікавіцца, чым сёння жыве гэтая бібліятэчная ўстанова. Прыгожая ўтульная бібліятэчная зала. Акуратныя кніжныя стэлажы і паліцы. Своеасаблівая атмасфера цішыні і спакою, якая вельмі спрыяе працэсу пазнання і засваення інфармацыі. Словам, сапраўдны, крыху таямнічы свет кнігі, які ў сённяшні час інтэнсіўнага развіцця электронных тэхналогій і інтэрнэту застаецца прыцягальным яшчэ для многіх і многіх карыстальнікаў. – Хутка празвініць званок з урока, і бібліятэчны пакой напоўніцца дзіцячымі галасамі, – гаворыць загадчыца Малабераставіцкай інтэграванай бібліятэкі Галіна Рэйшаль. – Але ненадоўга, толькі пакуль перапынак. Мы, бібліятэкары, і вучні прызвычаіліся ўжо да такога распарадку, бо з 2006 года бібліятэка размяшчаецца ў памяшканні агульнаадукацыйнай школы. І дзеці тут – частыя госці. Галіна Віктараўна – бібліятэкар з васямнаццацігадовым стажам. Яна мае дзве профільныя адукацыі: сярэдне-спецыяльную і вышэйшую, па спецыяльнасці “бібліятэкар-бібліёграф-мене­джар”. У свой час, маючы за плячыма чыгуначнае вучылішча і працу на чыгуначнай станцыі, яна па сямейных абставінах карэнна змяніла сваю прафесію. Хаця любоў да кніг, да чытання жыла ў жанчыне з ранняга дзяцінства, калі яна, яшчэ дзяўчынкай, гадзінамі “прападала” ў мясцовай бібліятэцы, дапамагала расстаўляць кніжкі на паліцах, рамантаваць іх. За час сваёй бібліятэчнай работы спачатку ў Хіляках, а потым у Малой Бераставіцы, Галіна Віктараўна стала сапраўдным прафесіяналам сваёй справы, да якой адносіцца адказна і добрасумленна. Яна пастаянна вывучае чытацкі попыт, добра ведае літаратурны густ карыстальнікаў бібліятэкі, іх інтарэсы. Другі год авалодвае ўсімі тонкасцямі прафесіі і бібліятэкар Марына Заміроўская. Малабераставіцкая бібліятэка ўжо год як функцыянуе ў новым для сябе статусе – бібліятэкі інтэграванай. Працэс інтэграцыі публічных і школьных бібліятэк ідзе ў краіне ўжо на працягу некалькіх апошніх гадоў у рамках аптымізацыі сеткі бібліятэчных устаноў. Закрануў ён таксама і наш раён, у прыватнасці, малабераставіцкія сельскую і школьную бібліятэкі, якія цяпер аб’яднаны ў адну ўстанову. У бібліятэкараў, безумоўна, прыбавілася абавязкаў. Працэс інтэграцыі ў сваім родзе эксперыментальны. Мэтазгоднасць яго і сёння вывучаецца на ўзроўні міністэрства культуры і абласных органаў кіравання. І, безумоўна, патрабуе дэталёвага вывучэння і індывідуальнага падыходу ў кожным канкрэтным выпадку. Дырэктар жа Малабераставіцай сярэдняй школы Вікторыя Кісялеўская задаволена супрацоўніцтвам, якое склалася на сённяшні дзень. Яна характарызуе бібліятэчных работнікаў Галіну Рэйшаль і Марыну Заміроўскую як граматных спецыялістаў, ініцыятыўных і творчых асоб, якія аказваюць кваліфікаваную дапамогу школе ў складаным адукацыйным працэсе. Не забываюць бібліятэкары і пра дарослага сельскага чытача. Работа з гэтай катэгорыяй насельніцтва працягваецца. Па-ранейшаму дзейнічае пры бібліятэцы аматарскае аб’яднанне “Поговорим по душам” для пажылых, карыстаюцца попытам навінкі перыёдыкі. Цяпер вось чытачы ўдзельнічаюць у акцыі “Кніга– бібліятэцы!”. І найбольш актыўныя ўдзельнікі яе – Святлана Сяўко, Ніна Курганская, Надзея Пальяноўская і Наталля Рэйшаль. У асобах Галіны Рэйшаль і Марыны Заміроўскай мы віншуем усіх бібліятэкараў раёна з Днём бібліятэк. Удзячных вам чытачоў!

Святлана Ганчарова, фота аўтара

На здымку (злева направа): загадчыца Малабераставіцкай інтэграванай бібліятэкі Галіна Рэйшаль і бібліятэкар Марына Заміроўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *