Работа ў яе руках спорыцца

Лента новостей

IMG_0030Самыя цёплыя і добрыя словы давялося мне пачуць у адрас аператара па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы РУСП “Масаляны” Наталлі Горбач (на здымку). Па выніках мінулага года яна занесена на Дошку гонару гаспадаркі. Тут дынамічна развіваецца жывёлагадоўля, вытворчасць вядзецца па сучасных эфектыўных тэхналогіях. Па паказчыках гаспадарка пастаянна сярод лепшых у рэспубліцы.
Наталля з мужам прыезджыя. Пераехалі сюды са Свіслацкага раёна сем гадоў таму, сям’ю забяспечылі жыллём, далі двухпакаёвую кватэру. Муж працуе даглядчыкам жывёлы на новым малочнатаварным комплексе. А на радзіме ў Наталлі Аляксандраўны была зусім іншая прафесія, яна працавала ў дзіцячым садзе. Адзінае, што нагадвае зараз ранейшую работу, гэта тое, што і да цялят, да маладняку яна ставіцца з душою і клопатам, як некалі да дзяцей,
— А ўспомніце, калі ласка, свой першы працоўны дзень на ферме, — прашу.
— О, гэта запом­нілася надоўга! – не хавае сваіх эмоцый Наталля. – Цялушак на ферме ў той дзень мне даручылі глядзець вялікіх, ужо гатовых да пакрыцця. І быў іх цэлы вялізны статак. Было нават страшна!
Я разумею яе пачуцці. Жанчына невысокая, так і хочацца сказаць пра яе статную фігурку “слабы пол”. Але з абавязкамі сваімі, а іх нямала, спраўляецца яна выдатна. Кармы развозяцца, паенне аўтаматычнае, але трэба сачыць, каб цялушкі добра пад’елі, а значыць, падпіхваць бліжэй да іх ежу, каб кожная ўволю паласавалася. Ад пільнага догляду, падтрымання належнага санітарнага стану залежаць далейшыя прывагі, якія кантралююцца кожны месяц.
— У кароў і цялушак пры інтэнсіў­най жывёлагадоўлі ўжо няма мянушак, як гэта было раней. А Вы пазнаеце кожную, Наталля Аляксандраўна?
— Так. І калі нейкая захварэе, гэта адразу бачна. Тады паведамляю ветэрынарам.
Даглядае аператар маладняк узростам ад 12 да 18 месяцаў. Дасягненне тэхналагічных параметраў жывёлай вельмі важнае. Не сакрэт, што на многіх фермах у сельгаска­аператывах краіны да асемянення дапускаюцца цялушкі, у якіх нават далёка няма патрэбнай для гэтага вагі. І якая карова будзе з такой цялушкі? І ці будзе цялятка здаровым ад такой маці? Атрымліваецца замкнутае кола, выправіць заганныя недахопы ў якім вельмі цяжка. У РУСП жа “Масаляны” назапашаны выдатны перадавы вопыт. На высокім узроўні тут вядзецца селекцыйная работа, раскрываецца генетычны патэнцыял жывёлы. Для кожнай з груп распрацаваны неабходны рацыён, каб задаволіць надзённыя патрэбы арганізму. Ёсць і вялікая аддача ад жывёлагадоўлі, малочныя рэкі тут не толькі не мялеюць, але і спраўна папаўняюцца.
Вядома, каб такі калаўрот што­дзённай працы быў зладжаным, кожны чалавек на сваім месцы павінен разумець сваю адказнасць, перажываць за агульную справу. Наталля Аляксандраўна паказвае сваімі адносінамі да справы добры прыклад. Можна з упэўненасцю сказаць, што клапоціцца яна пра жывёлу, як пра сваю. Для спагадлівага чалавека няма розніцы, ён заўсёды шкадуе жывую істоту.
Вынік працы Наталлі Аляк­сандраўны, яе выдатнай напарніцы Юліі Каровінай, а таксама многіх іншых людзей бачны тут і па сытых прыгожых цялушках, і па ахайнай тэрыторыі старой фермы, на якой праводзіцца далейшая рэканструкцыя. Аднаўляюцца будынкі, работа кіпіць. За агароджай пад свавольным ветрыкам хвалямі пераліваюцца аксамітныя зялёныя травы. Пабываць тут і паглядзець на ўсё гэта сваімі вачыма прыемна, складваецца вельмі станоўчае ўражанне ад гаспадарлівасці масалянскіх жывёлаводаў.
Двух дачок і сына выгадавала Наталля Аляксандраўна. У яе ўжо тры ўнукі – яе радасць і ўцеха. Твар жанчыны літаральна свеціцца, калі яна гаворыць пра іх.
І надалей хочацца пажадаць масалянскім жывёлаводам шчодрай аддачы ад іх нялёгкай працы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *