Належная электрыфікацыя любой з галін сельскай гаспадаркі вельмі важная для аптымальнай выніковай работы. Без яе немагчыма ўявіць ні адзін вытворчы аб’ект – напрыклад, сучасны малочнатаварны комплекс або птушкафабрыку. Уся работа будзе паралізавана, калі здарыцца якая-небудзь нечаканая непаладка. Таму на вытворчых аб’ектах працуюць дасведчаныя спецыялісты, у непасрэдныя абавязкі якіх уваходзіць пільны кантроль за тэхналагічным працэсам, спраўнасцю абсталявання і яго электразабеспячэннем. З такім спецыялістам і цікавым чалавекам мне нядаўна давялося пагутарыць. Інжынер-электрык Анатолій Конік – наш зямляк, родам з Бераставіччыны, які з 1983 года працуе на Бераставіцкай птушкафабрыцы. Гэта адзін з тых людзей, якія складаюць тут моцны “касцяк” калектыву. На вачах Анатолія Уладзіміравіча і пры яго непасрэдным удзеле стваралася сённяшняя сучасная вытворчасць, праводзілася эфектыўная мадэрнізацыя птушкафабрыкі.
А прафесію і занятак сабе на ўсё жыццё гэты сціплы чалавек і наш зямляк выбраў, як кажуць, “адзін раз і назаўсёды”. Пасля дзесяці класаў Цецяроўскай сярэдняй школы Анатолій паступіў у Пружанскі тэхнікум, зацікавіўся электрыфікацыяй сельскай гаспадаркі. У школе ў яго добра “ішлі” дакладныя прадметы, напрыклад, фізіка, таму ў тэхнікуме здольнаму юнаку вучыцца было няцяжка, усё схватваў, як кажуць, “на ляту”. Тэарэтычныя і практычныя веды далі яму грунтоўную базу для авалодання будучай прафесіяй. Такая прафесія не даруе лёгкіх да яе адносін, дробязей там не бывае, гэта студэнты ў тэхнікуме засвойвалі з першых заняткаў. І ў быту, і на вытворчасці трэба ўмець папярэджваць небяспечныя сітуацыі, як і ў любой сферы жыцця тут таксама вельмі важная прафілактыка. Лагічнае мысленне, асцярожнасць, прадбачлівасць, добрая рэакцыя – таксама неабходныя пры рабоце з электрычнасцю.
Пасля вучобы і службы ў арміі Анатолій вярнуўся ў родныя мясціны. Ён з цёплай усмешкай успамінае сваю маладосць, бо чакала яго з арміі жонка, прыгожая медсястра. А каханне, сям’я вельмі шмат значаць для чалавека, гэта яго тыл, стымул добра працаваць, старацца рэалізаваць сябе ў любімай прафесіі.
Пра птушкагадоўлю Анатолій расказвае, што нават у гады існавання Савецкага Саюза гэта была ўжо адна з самых механізаваных і развітых на той час галін сельскай гаспадаркі. На птушкафабрыках значна менш было цяжкай ручной працы, чым у паляводстве ці жывёлагадоўлі ў калгасах. Але птушка – істота далікатная, за ёй патрэбен вельмі добры догляд, спецыяльны мікраклімат і належная тэмпература паветра ў цэхах. У вялікіх вытворчых маштабах задача вельмі ўскладняецца. Дабіцца поспехаў тут няпроста. Збоі ў рабоце абсталявання недапушчальныя.
Калі тэхналогіі захоўваюцца, вытворчы працэс пад пастаянным кантролем, куры добра нясуцца. На нашай птушкафабрыцы даўнія добрыя традыцыі. Нават у гады існавання Савецкага Саюза яйкі з Бераставіцы вазілі прадаваць у далёкія гарады, а зараз такія традыцыі паспяхова прымнажаюцца. Бераставіцкая птушкафабрыка пастаянна сярод лепшых у рэспубліцы. Супрацоўніцтва з гандлёвымі партнёрамі ў бераставічан ўзаемавыгаднае.
На інжынеры-электрыку пастаянна ляжыць вялікая адказнасць. Расслабляцца тут нельга. Такі спецыяліст павінен ведаць асновы эканомікі, арганізацыі вытворчасці, правілы і нормы аховы працы і тэхнікі бяспекі. Без працы гэтага вопытнага спецыяліста не можа быць зладжанага і бяспечнага вытворчага працэсу. Анатолія Коніка ведаюць тут як выдатнага прафесіянала і добразычлівага чалавека. У сваю чаргу, ён гаворыць самыя цёплыя словы ў адрас людзей, з якімі кожны дзень працуе побач. Далейшае развіццё вытворчасці людзям па плячу, лічыць ён.
На апошнім восеньскім кірмашы ў гарадскім пасёлку ажыўлена было і каля прылаўка з яйкамі з нашай птушкафабрыкі. Гэта натуральная, карысная і недарагая прадукцыя, таму і куплялі людзі яйкі ахвотна. У вяскоўцаў восенню і зімой куры нясуцца менш, таму попыт на яйкі павышаецца ў такі сезон. А ў тым, што раён забяспечваецца яйкамі бесперабойна, у любы сезон, летам і зімой, а таксама імі гандлююць у самых розных месцах, умацоўваючы дабрабыт прадпрыемства, ёсць і вялікая заслуга адказнага інжынера-электрыка. Анатолій Уладзіміравіч – вопытны спецыяліст, які падае добры прыклад маладым, як будаваць свой лёс сваімі рукамі, рэалізаваць свой патэнцыял.
Ніна Наддэ,
фота аўтара