Піянерская арганізацыя ў Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе існуе з 1950 года. На працягу ўсяго часу нашы піянеры вучацца быць першымі, быць прыкладам для другіх. Даследуючы летапіс сваёй дружыны навучэнцы выявілі, што дружына заўсёды была на добрым рахунку ў раёне. Піянеры ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, актыўна супрацоўнічалі з пагранічнай заставай “Русакі”. Супрацоўніцтва з заставай працягваецца і цяпер. І сёння, у дзень нараджэння піянерыі, па добрай традыцыі піянерская дружына “Юнацтва” папоўнілася новымі членамі. А адбыўся піянерскі збор на пагранічнай заставе: пастроены атрады, здадзены рапарт, унесены сцяг піянерскай дружыны. Наступае ўрачысты момант, будучыя піянеры даюць абяцанне: добра вучыцца, быць працавітымі, паважаць і дапамагаць старэйшым, годна служыць Радзіме і адстойваць інтарэсы піянерскай арганізацыі. І самая хвалюючая хвіліна — ваенаслужачыя заставы павязваюць акцябратам чырвона-зялёныя гальштукі. Піянеры атрымоўваюць віншаванні з вуснаў сваіх старэйшых сяброў, пагранічнікаў. Гучаць урачыстыя гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Збор скончаны.
Пасля ўрачыстага збору ўсіх піянераў чакала цікавая экскурсія па заставе. Дзецям паказалі вальеры з сабакамі, як затрымваюць парушальніка мяжы, як сабакі праходзяць паласу перашкод, пазнаёмілі з жыццём ваенаслужачых на пагранічнай заставе.
Свята атрымалася светлым, прыгожым і цікавым.
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы