Піліпаўскі пост

Культура Лента новостей

92665bc8e1564697bf9d78f019436b64.0У праваслаўнай традыцыі шасцітыднёвы Піліпаўскі пост (па-мясцоваму Філіпаўка – 27 лістапада адзначаецца дзень апостала Філіпа) папярэднічае Нараджэнню Хрыстову. Ён доўжыцца з 28 лістапада па 6 студзеня і па строгасці набліжаецца да Апостальскага (Пятрова) посту. У каталіцкай традыцыі ў адпаведнасці з храналагічным падзелам касцёльны год распачынае Адвэнт – посны перыяд, перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і працягваецца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні.

Па старадаўніх традыцыях падчас посту кожная сям’я, за выключэннем немаўлят, не ўжывала скаромнай ежы. Але посныя стравы былі разнастайнымі і смачнымі – гатавалі галушкі, грыбны квас, ламанцы, саладуху, клёцкі, зацірку, капусту з грыбамі, крупнік, буракі з бульбай, агуркі салёныя, бульбу з ільняным семем, з алеем, рыбу і іншае.
Падчас посту ў мужчын было багата работы па гаспадарцы. Але самым важным было абмалаціць збожжа да пачатку Каляд: “Калі да Каляд не вымалаціць гаспадар збожжа, ён – не гаспадар. Ужо яму па Калядах мышы хвастамі збожжа малоцяць”. (Соф’я Анісімовіч, в.Шаляпкі)
З наступленнем Піліпаўскага посту асноўным жаночым абавязкам было прадзенне, у якім удзельнічалі ўсе жанчыны, уключаючы дзяўчат, пажылых жанчын і нават дзяўчынак. Большую частку апрацаванага лёну імкнуліся спрасці да пачатку Каляд. У параўнанні з работамі па апрацоўцы лёну, прадзенне было больш чыстай работай, якая патрабавала пэўных навыкаў, спрытнасці, цярплівасці. Прадзенне займала ўвесь вольны ад астатняй працы час. Пралі ў буднія дні (за выключэннем пятніцы), а таксама раніцай у суботу. Забарону на прадзенне ў пятніцу звязвалі з пакутамі Маці Боскай ці Іісуса Хрыста. Але ў пятніцу можна было займацца іншымі работамі – шыць, вышываць, вязаць, плесці карункі: “Толькі пёнткам не пралі, не скакалі, вечарушак не было. У суботу днём пралі, а вечарам – ужо не. Раніцай і ўдзень усе жанчыны сям’і пралі звычайна ў сваёй хаце. Увечары ж за прадзеннем у хаце заставаліся толькі жанчыны, а дзяўчаты сыходзілі з работай на вячоркі”. (Яніна Панасюк, аг.Макараўцы)
На Бераставіччыне вечаровыя (і дзённыя) зборы дзяўчат называлі “папрадухі”, “кудзельніцы”, “вечарушкі”: “Калі ішлі на цэлы дзень, казалі – прадзём на ку-дзельках. Пад вечар вярталіся дадому, каб дапамагчы ўправіцца, і гадзін у шэсць збіраліся ізноў – на “вячоркі”. (Яніна Панасюк, аг.Макараўцы)
Адметным для дзявочых працоўных вечароў, якія праводзіліся ў нашым рэгіёне, было тое, што збіраліся дзяўчаты па чарзе адна ў адной. Такія вячоркі праходзілі пад прыглядам дарослых і вызначаліся строгасцю.
Прыходы хлопцаў на вячоркі былі неад’емнай часткай жыцця вясковай моладзі. Паводзіны хлопцаў і дзяўчат былі амаль супрацьлеглыя. Дзяўчаты былі занятыя работай, а хлопцы, скончыўшы хатнія справы, бавілі час у размовах і жартах. Прысутнасць хлопцаў перашкаджала дзяўчатам выконваць работу, але без іх вячоркі страчвалі сваю прывабнасць у вачах моладзі: “Шпулечку, бывала, толькі і напрадзеш. І яшчэ добра, як гэта ўдасца. Бо хлопцы скідалі з калаўрота шнур, і пакуль яго паправіш, вельмі шмат часу пройдзе”. (Вера Ядэйка, в.Жабры) Падчас такіх сумесных вечароў завязваліся новыя адносіны паміж моладзю, вызначаліся ўзаемныя сімпатыі. “На гэтых вячорках хлопцы часта прыходзілі пад вокны ды пужалі нас, пераапраналіся, рогі рабілі, возьмуць гарбуз, выражуць сярэдзіну, зробяць у гэтым гарбузе вочы, рот, нос, свечку туды паставяць і падыдуць пад вакно. Страшна.” (Яніна Панасюк, аг.Макараўцы)
Паколькі традыцыя посту дыктавала стрыманасць у паводзінах, дзяўчаты і хлопцы стараліся пазбягаць вясёлых гульняў, танцаў. Але і постам моладзь знаходзіла час для такіх вось нявінных забаў.
Падрыхтавала
Марыя Юшкевіч,
метадыст РМЦ НТ па этнаграфіі і фальклору



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *