Май – традыцыйны месяц для прыёму ў піянеры. 19 мая Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя будзе адзначаць Дзень піянерскай дружбы – адно з галоўных піянерскіх святаў. І да гэтай даты піянерскія дружыны імкнуцца папоўніць свае рады малодшымі школьнікамі, якія з радасцю і хваляваннем чакаюць гэтага ўрачыстага моманту.
Сёлетні прыём у піянеры ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе прайшоў не зусім звычайна. Справа ў тым, што месцам, дзе чацвёртакласнікам урачыста павязалі гальштукі, стала пагранічная застава “Галынка”, з якой у школы наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва.
Сам па сабе выезд на пагранічную заставу для малодшых школьнікаў ужо падзея, а тут яшчэ такая ўрачыстасць! Хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем чакалі гэтага моманту, каб пабываць на самым рубяжы нашай краіны, сваімі вачыма паглядзець, як ажыццяўляецца ахова Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, і ў гэтым памятным месцы атрымаць піянерскія гальштукі.
Піянерскі збор адбыўся ў прысутнасці ваннаслужачых заставы. З хваляваннем чацвёртакласнікі далі ўрачыстае абяцанне любіць сваю Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, заўсёды трымацца Статута і традыцый Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.
Паколькі прыём у піянеры праходзіў на заставе, права павязаць піянерскія гальштукі было дадзена салдатам-пагранічнікам.
3 наказам да юных піянераў звярнулася старшыня раённага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Таццяна Таберка. Яна пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам з гонарам насіць піянерскі гальштук, быць прыкладам ва ўсім для тых, хто яшчэ збіраецца ўступіць у рады піянерскай арганізацыі, заўсёды быць першымі ў вучобе і працы, сваімі карыснымі справамі і дасягненнямі праслаўляць родную школу.
Свае пажаданні юным піянерам выказаў і начальнік пагранічнай заставы Аляксандр Кот, які яшчэ раз звярнуў увагу на тое, што граніца – гэта святое месца для любой дзяржавы, а людзі, якія тут служаць, надзейна яе ахоўваюць, каб ва ўсіх беларускіх дзяцей была магчымасць жыць і вучыцца пад мірным небам. І бераставіцкія школьнікі павінны ганарыцца тым, што ім выпала магчымасць стаць піянерамі ў гэтым памятным месцы.
Сапраўдным падарункам для малодшых школьнікаў стала экскурсія па пагранічнай заставе, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі азнаёміліся з умовамі службы і быту пагранічнікаў, наведалі сапраўдную салдацкую баню, спартыўную пляцоўку, паглядзелі тэхніку і зброю, з якой ваеннаслужачыя выходзяць на ахову граніцы. Ну а асаблівае захапленне ў іх выклікалі службовыя сабакі, якія таксама нясуць службу на пагранічнай заставе.
Думаю, што юныя піянеры Вялікабераставіцкай школы запомняць свой урачысты прыём у рады піянерскай арганізацыі, а іх стаўленне да вучобы, паводзіны, удзел у добрых і карысных справах будуць служыць доказам таго, што яны годна выканаюць дадзенае на пагранічнай заставе ўрачыстае абяцанне піянераў.
Ірына Міклаш,
фота аўтара