Педагагічны калектыў Макараўскага ясляў-сада– сярэдняй школы актыўна ўключыўся ў рэалізацыю інавацыйнага праекта «Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі».
Уся выхаваўчая дзейнасць установы адукацыі накіравана на стварэнне ўмоў для развіцця духоўнасці падрастаючага пакалення, самаразвіцця асобы, жыццёвага самавызначэння, маральнага, грамадзянскага і прафесійнага станаўлення – выхавання паспяховай асобы дзіцяці. Прыярытэтнымі сталі актыўныя формы работы: круглыя сталы, трэнінгі, дыспуты, квест-гульні, дзелавыя гульні і інш. З мэтай развіцця індывідуальных лідэрскіх якасцяў, неабходных для паспяховай сацыялізацыі, у школе шырока развіта вучнёўскае самакіраванне, якое дапамагае разбудзіць у навучэнцаў пачуццё гаспадара сваёй краіны, прывіць уменне ўключацца ў справы, дапамагае развіваць ініцыятыву.
Ва ўстанове адукацыі дзейнічае Школьная Рэспубліка ДОМ, а яшчэ вучнёўскае самакіраванне рэалізуецца праз дзейнасць ГА “БРСМ”, ГА “БРПА”, атрады “ЮСВП”, “ЮСР”, “ЮСП”, цімураўскі і валанцёрскі атрады.
На працягу апошніх двух гадоў добра зарэкамендаваў сябе антынаркатычны атрад “ВЕК”.
Дэвізам работы дзіцячых і маладзёжных арганізацый з’яўляецца “Праяўляй ініцыятыву і дзейнічай!”. Вопыт работы ў гэтым напрамку паказвае, што дзіцячыя ініцыятывы даюць свабоду выбару, стымулююць ініцыятыву, развіваюць пачуццё гонару і адказнасці, дапамагаюць вупускнікам школы паспяхова адаптавацца ў соцыўме, у дарослым жыцці. Гэтаму садзейнічаюць шматлікія акцыі, працоўныя дэсанты і аперацыі: “Чарнобыльская свечка”, “Чысты двор”, “Абеліск”, “Вы заўсёды з намі”, “Ветэранам працы – наш клопат”, “Чысты лес”, “Захаваем Зямлю блакітнай і зялёнай!”, “Зямля — наш дом”, “Квітней, Беларусь!”, “Дзень зямлі”, “Кінь цыгарэту, вазьмі цукерку!”, “Цуды на Каляды”, “Чырвоная рукавічка”, “Місія – жыць!”, “Я люблю, цябе жыццё!”, “Місія – жыць – выканана!”, “Моладзь супраць наркотыкаў “, “Наша піянерская праца табе, Айчына!”, “Дзякуй за жыццё!” і іншыя.
Штогод ва ўстанове праводзяцца выбары Прэзідэнта школьнай рэспублікі. Кожны вучань мае адзін голас, такі самы голас мае і класны кіраўнік, які ўдзельнічае ў працэсе абмеркавання і галасавання нароўных. Галасаванне праходзіць тайна. Абранымі лічацца тыя, хто набраў большасць галасоў.
З гэтага навучальнага года прыступілі да рэалізацыі праекта па арганізацыі шостага школьнага дня «Тэрыторыя поспеху». Мерапрыемствы праекту «Тэрыторыя поспеху» дапамагаюць задаволіць запыты навучэнцаў і бацькоў і стварыць умовы не толькі для якаснай арганізацыі вольнага часу дзяцей, але і для фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі вучняў, якая спалучае ў сабе высокія маральныя якасці, дзелавітасць, творчую індывідуальнасць, пазітыўнае стаўленне да міру.
Працуючы па праекце, плануем стварыць свой брэнд, дзе ўстанова адукацыі стане месцам развіцця паспяховасці кожнага навучэнца. Унутры нашага брэнда кожны вучань будзе паспяховым для сябе, для сям’і, школы і дзяржавы. Наш выпускнік будзе валодаць такімі якасцямі, як ініцыятыўнасць, дзелавітасць, які зможа праявіць сябе, прынесці карысць Радзіме, будзе карыстацца аўтарытэтам у грамадстве. Задача педагога — брэнд-менеджэра — раскрыць і развіць здольнасці, таленты, навучыць дасягаць пастаўленай мэты. І толькі пры цесным узаемадзеянні сям’і, школы і соцыума мы зможам дабіцца выніку.
З мэтай павышэння самаацэнкі навучэнцаў i заахвочвання іх актыўнасці ў маі праведзена свята «Школьны Алімп» з узнагароджаннем настаўнікаў, бацькоў і дзяцей, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у інтэлектуальнай, творчай, грамадскай дзейнасці. Адным з мерапрыемстваў па рэалізацыі праекта з’яўляецца прэзентацыя – фестываль “Вясёлка талентаў”, якое прайшло ў пачатку верасня. Навучэнцы прэзентавалі дзейнасць атрадаў, аб’яднанняў па інтарэсах, дзіцячых і моладзевых арганізацый, якія працуюць ва ўстанове адукацыі.
Фарміраванне паспяховай асобы фарміруецца і ў летні перыяд. Лета – час адпачынку і новых адкрыццяў, час знаёмстваў і падарожжаў. На працягу дзевяці дзён лагер “Юны следапыт” для вучняў 7 – 9 класаў працаваў па праграме “Кемлівасць, творчасць і смех — неад’емны поспех”. Асноўная ідэя змены лагера — сюжэтна-ролевая гульня «Падарожжа следапытаў па акіяне поспеху». Кожны вучань быў задзейнічаны ў розных відах дзейнасці, ніхто не застаўся пасіўным назіральнікам.
Хутка праляцеў час адпачынку ў лагеры “Юны следапыт”, які прынёс шмат новых ведаў, яркіх уражанняў, пазітыва. Пакідаючы лагерную змену, кожны хлопчык і дзяўчынка змаглі дабіцца маленькай ці вялікай мэты, а гэта і ёсць новая прыступка на лесвіцы поспеху.
Нашы вучні з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі раённых конкурсаў, школьных алімпіяд, наведваюць гурток “Поспех”, “Лідар”, якія працуюць ад Бераставіцкага ЦТДМ.
Паказчыкам работы па праекце ў 2016/2017 навучальным годзе з’яўляюцца прызавыя месцы ў раённых конкурсах (+3 да 2015/2016 навучальнага года). Акрамя таго, павысілася колькасць прызавых месцаў у абласных этапах конкурсаў (+2 да 2015/2016).
Вядома, што вялікі поспех — гэта сума маленькіх крокаў, якія мы робім штодзень, гэта вера ў сябе, вера ў свае сілы, уменне правільна паставіць мэты і знайсці шляхі яе дасягнення. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў у дзяцей усё атрымоўваецца, а гэта і ёсць вялікая радасць, радасць ад выкананай справы.
Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы