“Прыйшлі Пакровы, пытаюць, ці да зімы гатовы?”

Лента новостей

Паводле праваслаўнага календара свята Пакроў Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі мае пастаянную дату святкавання – 14 кастрычніка (у каталіцкім календары адсутнічае). Хрысціянскае свята ўстаноўлена ў памяць славутай падзеі, якая адбылася ва Улахернскім храме ў Канстанцінопале ў 910 годзе. У час малення вернікаў у храме аб выратаванні горада ад нашэсця сарацынаў святы Андрэй убачыў Божую Маці, якая пакрывала сваім амафорам хрысціян, што маліліся, абараняючы іх ад бачных і нябачных ворагаў. На наступны дзень горад быў выратаваны.
Пакровы – значнае восеньскае свята беларускага народнага календара, якое вельмі шануецца не толькі на Беларусі, але і ва ўсіх усходнеславянскіх краінах. Пакровы (Пакроў, Пакравы) з’яўляліся храналагічным рубяжом, які падзяляў год на дзве паловы: летнюю і зімовую. З гэтага часу сяляне пачыналі падрыхтоўку да зімы. “Бывае, што на Пакровы і снег ляжа. Да Пакроў, кажуць, з поля ўсё далоў, ужо і капусту высякуць. Адныя свінні ходзяць і рыюць у агародах”. У гэты дзень уся хатняя жывёла пераводзілася на стойлавае ўтрыманне. І на Пакровы гаспадары расплочваліся з пастухамі. “Хто зярном ці сцягном барана, хто грашыма, хто з адзежы што-небудзь даваў”. Асноўным заняткам жанчын і дзяўчат пасля Пакроў была апрацоўка вырашчанага лёну і падрыхтоўка да прадзення: “На Пакровы лён падабраны. Устаем рана і печ застаўляем лёном, сушым яго. Потым пачынаюць лён церці, трапаць і прасці”. Гаспадары займаліся ў асноўным абмалотам прывезеных з поля снапоў: “Мужчыны за малацьбу становяцца: малоцяць жыта, каб да Каляд памалаціць усю ярыну”. (Вера Ядэйка в. Жабры, 2007 г.).
На Пакровы ў многіх мястэчках і вёсках ладзіліся так званыя гадавыя кірмашы, куды з’язджаліся з усяго наваколля: “Гадавыя базары былі на Узвіжанне, на Багача і Пакровы. На пакроўскі кірмаш людзі ехалі здалёк. Везлі прадаваць скаціну, гаршкі, слоікі, збаночкі, міскі, церла – мак церці. Ганчары раней харошыя збанкі рабілі. Продалі таксама берда, кубельчыкі, бейкі, цабры. Яўрэі прадавалі булкі, абаранкі, сялёдку, рыбу розную. На вуліцах вёсак і мястэчак у фэставы дзень віраваў людскі натоўп. У многіх сем’ях чакалі сватоў. Па-святочнаму апранутыя людзі дзяліліся на групы. Старэйшыя гутарылі, успаміналі жыццёвыя здарэнні, падлеткі распачыналі розныя гульні, а маладыя хлопцы і дзяўчаты ладзілі танцы. Там дзе быў кірмаш, на кожным падворку стаяў фурманак, на якім прывозілі дзяцей, унукаў. Потым ладзілі застолле, абавязкова з песнямі”. (Соф’я Анісімовіч, в.Шаляпкі, 2008 г.)
Народныя метэаралагічныя веды жыхароў раёна грунтаваліся на шматгадовых назіраннях за з’явамі прыроды: “На Пакровы прыкмячалі, адкуль вецер вее: калі з усходу – то будзе холадна, а як з захаду – то будзе цёплая зіма. І як цёплыя Пакровы, то ўся зіма будзе цёплая. Калі з поўдня свеціць сонца – то зіма звычайная; калі цэлы дзень сонца, значыць, зіма суровая будзе”. (Лідзія Смалей, 1930 г.н., в.Масаляны).
Марыя Юшкевіч,
метадыст РМЦ НТ па
этнаграфіі і фальклору



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *