Прызёры “Крыштальнай Альфы” з Бераставіцкага раёна

Лента новостей

На восеньскіх канікулах школьнікі не толькі адпачывалі, але і мелі магчымасць прадэманстраваць свае веды і даследчыя навыкі па розных вучэбных прадметах.

30 кастрычніка на базе гімназіі №4 г. Гродна адбыўся юбілейны Х абласны конкурс (канферэнцыя) даследчых работ па вучэбных прадметах навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі «Крыштальная Альфа — 2018», арганізатарамі якога традыцыйна выступаюць Галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі.

Падчас канферэнцыі была арганізаваная праца 15 секцый, дзе свае даследчыя работы абаранялі больш за 200 юных навукоўцаў з усіх вугалкоў Гродзеншчыны.  Да ўдзелу у “Крыштальнай Альфе” былі запрошаны і юныя даследчыкі з нашага раёну.

Па інфармацыі загадчыка сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі райвыканкама Валянціны Апунік, на вочную абарону было дапушчана 7 даследчых работ, выкананых навучэнцамі сярэдняй школы аг.Пагранічны, Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Малабераставіцкай    і Вялікаэйсмантаўскай  сярэдніх школ.

Па выніках абласнога конкурсу ў секцыі “Нямецкая мова” даследчая работа вучаніцы 11 класа Макараўскага ясляў-сада сярэдняй школы Караліны Ігнатовіч “Deutsche Briefmarken: Spiegelbilder der Landeskunde”, якую яна выконвала пад кіраўніцтвам сваёй настаўніцы Н.П.Панкевіч, была адзначана Дыпломам I ступені.

Яшчэ адну ўзнагароду на “Крыштальнай Альфе” для нашага раёна здабыла і дзесяцікласніца Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Караліна Анджэеўская. Яе даследчая работа “Эвалюцыйны шлях пункціраў у лірыцы Алеся Разанава (на прыкладзе зборнікаў “Назаўжды”, “Дождж: возера ў акупунктуры”, “Воплескі даланёю адною” адзначана Дыпломам III ступені ў секцыі «Беларуская літаратура” (кіраўнік – І.І.Швек).

 

Праз веды – да пазнання свету

Яшчэ два дыпломы ў скарбонку дасягненняў нашага раёна здабылі і ўдзельнікі абласнога конкурсу даследчых работ і творчых праектаў «Я пазнаю свет», які праводзіўся Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтрам дзяцей і моладзі.

1 лістапада   на базе гэтай  установы адукацыі  прайшоў заключны, вочны,  этап абласнога конкурсу «Я пазнаю свет», у якім прынялі ўдзел пераможцы адборачнага этапу.  Наш раён на гэтым конкурсе прадстаўлялі навучэнцы Алекшыцкай і Вялікабераствіцкай сярэдніх школ. 

Па выніках конкурсу вучаніцы 5 класа Алекшыцкай сярэдняй школы Маргарыта Карпач і Кіра Хілюта  ўзнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў.  Тэма іх даследчай працы: «Школьная хімчыстка», выконвалі яны яе пад кіраўніцтвам настаўніцы А.У.Курчыцкай.

Ва ўзроставай  катэгорыі 7-10 гадоў Дыпломам ІІІ ступені узнагароджаны Арцём Валашчук, чацвёртакласнік Вялікабераставіцкай  сярэдняй школы. У секцыі “Свет жывёл” ён прадставіў  даследчую работу «Розеллы пенантовые. От яйца до попугая» (кіраўнік – В.С.Болбат).

Ірына МІКЛАШ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *