Зусім нядаўна мы адзначылі Дзень Перамогі – дзень памяці аб подзвігу беларускага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, аб мужнасці і гераізме абаронцаў Радзімы. І хоць вайна даўно мінула, але абаронцы нашай зямлі, салдаты і афіцэры беларускай арміі, штодзённа стаяць на ахове суверэнітэту Беларусі.
І ў чарговы, веснавы, прызыў каля дзевяці тысяч юнакоў папоўняць рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, каб працягваць слаўныя традыцыі абаронцаў Айчыны. Сярод іх — 34 будучых салдаты з нашага раёна, якіх 13 мая ўрачыста праводзілі на службу ў армію ў актавай зале Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Звяртаючыся да прызыўнікоў, ваенны камісар Бераставіцкага раённага ваеннага камісарыята Сяргей Гішман падкрэсліў, што сучасная беларуская армія аснашчана новым узбраеннем і тэхнікай і надзейна аберагае суверэнітэт дзяржавы. Але ў першую чаргу абароназдольнасць краіны залежыць ад салдат і афіцэраў, якія годна выконваюць свой воінскі абавязак і любяць сваю Радзіму, бо нездарма патрыятызм лічыцца галоўнай умовай бяспекі краіны. Сяргей Уладзіміравіч выказаў упэўненасць, што прызыўнікі з Бераставіцкага раёна таксама справяцца з усімі цяжкасцямі салдацкай службы і годна выканаюць свой воінскі абавязак.
Аб неабходнасці быць вернымі свяшчэннай воінскай прысязе напомнілі прызыўнікам вучні Вялікабераставіцкай сярэдняй школы.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык пажадаў будучым салдатам годна прадставіць свой раён у тых месцах, дзе яны будуць служыць, і абавязкова вярнуцца жыць і працаваць на Бераставіччыну. Ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Віктаравіч асабіста ўручыў прызыўнікам памятныя падарункі.
Аб тым, што служыць у арміі і адказна, і складана, гаварыла ў сваім выступленні перад будучымі салдатамі і старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова. Яна пажадала прызыўнікам, каб іх воінская спецыяльнасць спатрэбілася ім толькі на вучэннях, а над нашай краінай было толькі мірнае неба. Алена Іосіфаўна перадала наказ ад савета ветэранаў – служыць годна і працягваць традыцыі сваіх бацькоў, дзедаў і прадзедаў, якія заўсёды абаранялі родную зямлю.
А са словамі мацярынскага наказу да прызыўнікоў звярнулася маці будучага салдата Алена Акулевіч, якая выказала просьбу ад усіх родных: паспяхова адслужыць і як мага хутчэй вярнуцца дадому, дзе іх чакаюць і любяць.
Шчаслівай службы будучым салдатам пажадала і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Ірына Крывапляс.
Ад імя прызыўнікоў слова ўзяў Павел Гетнер, які папрасіў родных і блізкіх не хвалявацца за будучых салдат, а яны, у сваю чаргу, абяцаюць годна прайсці армейскую службу.
Цудоўныя песні, словы віншаванняў і пажаданняў добрай службы гучалі для прызыўнікоў і ад удзельнікаў святочнай канцэртнай праграмы, якую падрыхтаваў аддзел па рабоце з моладдзю раённага Дома культуры.
Адпраўка навабранцаў на армейскую службу пачалася ў нашым раёне з 15 мая.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара