Распачаўся новы навучальны год. Якім ён будзе? У першую чаргу гэта залежыць ад моладзі і дзяцей, але таксама ў значнай ступені і ад іх бацькоў. Бо ўсім вядома, што дзецям або маладым людзям школьнага ўзросту лягчэй і прыемней глядзець тэлевізар, гуляць у камп’ютарныя гульні ці сядзець у Інтэрнэце (як змяняецца час – ужо нават сябры не на першым месцы!). І менавіта тут патрэбна свядомасць бацькоў у правільным выхаванні дзяцей, якія, на жаль, часта забываюць аб гэтым. Гаворачы пра абавязак бацькоў займацца выхаваннем сваіх дзяцей, мы не можам ігнараваць і абавязак па рэлігійнаму выхаванню дзяцей.
Другі Ватыканскі Сабор Каталіцкага Касцёла ў многіх сваіх дакументах асабліва падкрэслівае місію бацькоў як першых і галоўных выхавальнікаў, якіх нялёгка замяніць: “Бацькі, якія далі жыццё сваім дзецям, у вышэйшай ступені абавязаны выхоўваць сваё патомства, і таму павінны разглядацца як першыя і галоўныя педагогі». Іх выхаваўчая місія заключаецца не толькі ва ўвядзенні дзяцей у сферу чалавечых каштоўнасцей, але і далучэнні іх да духоўных каштоўнасцей. Бацькі адыгрываюць ключавую ролю ў першай перадачы веры і ў пачатку хрысціянскага жыцця сваіх дзяцей.
Бацькі, дзейнічаючы на службе перадачы веры, з’яўляюцца — як іх апісаў благаслаўлёны Ян Павел II — першымі катэхетамі сваіх дзяцей. Ажыўлёныя верай, якая была ім перададзена, яны павінны абуджаць у сваіх дзецях адчувальнасць да евангельскай весткі і ўсведамляць ім ролю кожнага чалавека ў захаванні справядлівасці і пакою.
Праз ласкі сакрамэнту шлюбу бацькі атрымліваюць заданне і прывілей евангелізацыі сваіх дзяцей. Як мага раней яны павінны далучаць сваіх дзяцей да таямніц веры, бо менавіта бацькі з’яўляюцца першымі яе веснікамі. Як гэта зрабіць? Маліцца з дзецьмі, чытаць ім слова Божае, хадзіць разам на святую Імшу, далучаць іх да жыцця Хрыста і Яго Касцёла. Праз гэта бацькі становяцца бацькамі ў поўным сэнсе слова, а не толькі тымі, хто даў дзецям фізічнае жыццё.
Вось чаму хрысціянскія бацькі павінны пастаянна прыкладаць намаганні і не траціць стараннасць, каб падрыхтавацца да катэхізацыі сваіх дзяцей. Першым і неабходным элементам з’яўляеца канкрэтны прыклад і жывое сведчанне веры імі самімі. Толькі молячыся разам са сваімі дзецьмі, бацька і маці пранікаюць у глыбіню іх сэрцаў, пакідаючы там сляды, якіх не змогуць сцерці ніякія жыццёвыя абставіны.
Наступным крокам з’яўляецца адпраўленне сваіх дзяцей на ўрокі рэлігіі і катэхізацыю. Гэта вельмі важны крок! Вартыя шкадавання тыя бацькі, якія кажуць, што дзіця стамілася, што яму не хочацца і г.д. Благаслаўлёны Ян Павел II казаў: «Патрабуйце ад сябе, нават калі ніхто ад вас гэтага не патрабуе». Дзеці, у большасці выпадкаў, яшчэ не ўмеюць ад сябе нічога патрабаваць, для гэтага, між іншым, у іх ёсць бацькі. Дзеці, якія выхоўваюцца ў веры і любові сваіх бацькоў, маюць выдатны старт дарослага жыцця. Тата, мама! Дапамажыце сваім дзецям вырасці добрымі людзьмі! Будзьце адказнымі і свядомымі гэтага, таму што некалі Бог спытае вас, як вы выхоўвалі сваіх дзяцей.
а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер, вікарый касцёла Перамянення Пана г.п.В.Бераставіца