Проста шчаслівы бухгалтар РУСП “Масаляны”

Лента новостей

Гадоў дваццаць таму сапраўд­ным “гімнам” усіх бухгал­тараў, адразу пасля свайго з’яўлення, стала песня “Бухгалтар”, нашумелай у той перыяд жаночай поп-групы “Камбінацыя”. Песня імгненна, як кажуць, пайшла ў народ, а яе ненадакучлівы матыў і запамінальныя словы нават сёння час ад часу можна пачуць на розных, асабліва карпаратыўных, мерапрыемствах.

Амаль як у той песні, пачынаў­ся кожны рабочы дзень і маёй суразмоўцы – бухгалтара РУСП “Масаляны” Аксаны Уладзіміраўны Панцэвіч — чалавека надзвычайна простага, прыветлівага і адкрытага.
Сёння ў працоўным багажы гэтай акуратнай і спраўнай жанчыны ёсць такія каштоўнасці, як вопыт, сумленнасць і адказнасць. Але пятнаццаць гадоў таму, як яна сама прызнаецца, з асваеннем новай, да таго ж яшчэ і няпрофільнай спецыяльнасці, узнікалі пэўныя цяжкасці, таму што скончыла Аксана Ваўкавыскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці “заатэхнік”.
— Адразу неабходна было ра­забрацца з шэрагам тэрмінаў, — дзеліцца мая суразмоўца. – Для гэтага чытала розную навуковую літаратуру, спецыялізаваныя газеты і часопісы, дапамагалі трапнымі падказкамі і калегі. Так паступова ўцягвалася ў сутнасць усіх спраў. Памятаю, як даводзілася затрачваць безліч часу толькі на адно звядзенне дэбету з крэдытам. А такіх абавязкаў у бухгалтара шмат. І ўсё трэба было выканаць тэрмінова. Гэта цяпер, дзякуючы ўкараненню новых тэхналогій, праца работніка бухгалтэрыі значна аблегчылася, з’явілася магчымасць працаваць якасней і аператыўней. Зразумела, калі ты бухгалтар, то пазбегнуць манатоннасці ў гэтай дзейнасці не атрымаецца. Цябе заўсёды праследуюць разлікі, запаўненне адпаведнай дакументацыі, але, як ні дзіўна, мяне гэта цікавіць і, ў нейкім сэнсе, нават захапляе.
А спектр абавязкаў, які выконвае Аксана Уладзіміраўна разам са сваімі калегамі-бухгалтарамі з РУСП “Масаляны”, сапраўды шырокі. Неабходна сфарміраваць і прадставіць поўную і дакладную бухгалтарскую інфармацыю аб дзейнасці арганізацыі, яе прыбытках і выдатках, забяспечыць законнасць, своечасовасць і правільнасць афармлення дакументаў… Усяго тут не пералічыць, ды і навошта. Не ўдаючыся больш у падрабязнасці працы, мяне цікавілі іншыя моманты.
Як аказалася, нарадзілася і вырасла мая субяседніца ў Вялікай Бераставіцы. Пасля дзявятага класа паступіла на вучобу ў Ваўкавыскі тэхнікум. Установу скончыла з адзнакай, наперадзе чакала размеркаванне ў Смаргонскім раёне. Пасля наведвання свайго будучага месца адпрацоўкі дзяўчына вырашыла працягваць вучобу. Так яна стала студэнткай адразу трэцяга курса зааінжынернага факультэта цяпер ужо Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Пасля яго заканчэння вярнулася на Бераставіччыну, у сельгаспрадпрыемства, у якім неаднаразова праходзіла практыку падчас вучобы. Былы дырэктар РУСП “Масаляны” Дзмітрый Голец адразу прапанаваў маладому спецыялісту пасаду брыгадзіра малочнатаварнага комплексу, але ў справу ўмяшаўся выпадак: у дэкрэт ішла бухгалтар…
Жыццё чалавека ўвогуле рэч непрадказальная. Але без сумненняў мы творым яго самі, паступова, пазл за пазлам складаючы ў цэласную карціну. Цікава, але менавіта на працоўным месцы мая гераіня пазнаёмілася са сваім мужам Уладзімірам, які, дарэчы, будучы хлопцам мясцовым, пасля заканчэння каледжа прыехаў таксама працаваць у гэтае ж сельгас­прадпрыемства бухгалтарам.
Сёння Аксана не толькі шчаслівая жонка, але і матуля двух разумных дзетак – сямікласніцы Дар’і і пяцікласніка Мікіты.
— Яны ў мяне малайчынкі, — лагодна ўсміхаючыся, зазначае жанчына. – Дашцы, канешне ж, да душы справы дзявочыя – вышыванне крыжыкам, вязанне кручком, а вось Мікіту ўсё больш “зацягваюць” сучасныя тэхналогіі. Так, калі раней ён марыў стаць ваенным, то зараз перавагі змяніліся – вабіць IT-сфера. У любым выпадку памкненні сваіх дзяцей мы з мужам падтрымліваем, і канешне, падказваем, накіроўваем.
Захапленнем жа Аксаны Уладзі­міраўны і Уладзіміра Генрыха­віча з’яўляюцца кветкі, якія пара лічыць сапраўдным падарункам прыроды, што напаўняе свет натуральнымі яркімі фарбамі.
Мне ж у сваю чаргу хочацца пажадаць, каб жыццё гэтай шчырай жанчыны і яе дружнай сям’і было такім жа “рознакаляровым”, як тыя кветкі, што атуляюць і ўпрыгожваюць іх дом.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *