Мама, мамачка, мілая любая мая… Гэтыя словы прыемна пачуць кожнай жанчыне.
Самыя пяшчотныя, клапатлівыя, самыя родныя, каханыя, добрыя – Мамы.
Святкаванне самага шчырага свята для кожнай сям’і, Дня маці, адбылося ў Малабераставіцкай сярэдняй школе.
На працягу ўсяго тыдня дзеці малявалі, стваралі віншавальныя паштоўкі матулям, вучылі вершы, песні, рыхтаваліся да святочнага канцэрта.
З любоўю и пяшчотай дзеці падрыхтавалі віншавальную газету “Любай матулі!” для сваіх мам, якія працуюць у КСУП “Малабераставіцкі элітгас”.
Дзеці, якія выхоўваюццца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу Артамонавых, запісалі трапяткое відэавіншаванне для сваёй матулі Людмілы Уладзіміраўны.
Акцыя “Дзясятка для маёй матулі” стала для дзяцей спаборніцтвам. Усім хацелася стаць лідэрам і падараваць сваім любым матулям жаданую “10”. Актыўнай удзельніцай акцыі, пераможцай стала вучаніца 5 класа Ксенія Даўгучыц, якая падарыла матулі ажно пяць дзясятак.
Традыцыйна Тыдзень маці завяршыўся канцэртнай праграмай “Пра тую, хто даруе нам жыццё і цяплыню!”.
Падчас трансляцыі віншавальнага інфармацыйнага канала матулі маглі праявіць свае інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. Конкурсы суправаджаліся музыкальнымі, танцавальнымі, тэатральнымі нумарамі.
Вучні падрыхтавалі для матуль спецыяльныя рэпартажы з вядомых тэлеперадач “Вуснамі немаўляці”, “Угадай мелодыю”, “Мінута славы”, “Танцы з зоркамі”.
Перад канцэртнай праграмай каля выставы сумеснай творчасці матуль і дзяцей было мнагалюдна. Тут можна было ўбачыць букеты, якія дзеці з вялікай любоўю рыхтавалі для сваіх матуль, цудоўныя вырабы саміх матуль, а таксама творчыя работы дзяцей. Ні што так не аб’ядноўвае сям’ю, як сумесная праца. Яна стварае не толькі пазітыўны настрой, але і выхоўвае павагу, любоў да матулі, сям’і.
Вялікі дзякуй Вам, паважаныя матулі і бабулі, за Вашы добрыя сэрцы, за жаданне пабыць побач з дзяцьмі, падарыць ім душэўную цеплыню!
Наталля Сіцько, педагог сацыяльны Малабераставіцкай СШ