Пра майстра “залатыя рукі”, паездку ў Ірландыю і не толькі

Лента новостей

Мехмайстэрня СВК імя Варанецкага – адна з лепшых у раёне, а магчыма, і ў вобласці. Тут дружны калектыў лічыць справай свайго гонару, каб тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці ў гаспадарцы было “на вышыні”. І ёсць тут чалавек, сціплы і непрыкметны, які з’яўляецца сапраўдным каардынатарам і арганізатарам штодзённага зладжанага працэсу. Ён не толькі выдатны спецыяліст, добры сем’янін, але і цікавы субяседнік. Гэта загадчык мехмайстэрні Іосіф Калантай.
А “разгледзеў” яго некалі тагачасны старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч Зданчук, які быў зацікаўлены, каб маладыя кадры выбіралі вёску. У мясцовага хлопца бацька працаваў у майстэрні, яму было цікава прыходзіць туды. Таму пытанне “Кім быць?” Іосіфа не турбавала, без ценю сумнення ён падаў дакументы ў сапраўдную кузню тэхнічных кадраў — Жыровіцкі сельгастэхнікум, дзе якраз і вучылі механізацыі. З прадметаў запомніліся земляробства, электразварачная і токарная справы. Там навучыўся юнак вадзіць трактар і машыну, авалодаў многімі сакрэтамі рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі.
Назаўсёды запомніўся Іосіфу яго першы працоўны дзень, хаця прайшло з таго часу амаль 35 гадоў. Якую радасць адчуваў юнак, што вярнуўся ён ў родныя мясціны ўжо самастойным чалавекам! Пачынаў хлопец механікам вытворчага ўчастка ў Вялікіх Эйсмантах. Сачыў тады за выпускам трактароў на лінію, займаўся рамонтам. Вядома, тэхніка тады была не такая, як зараз.
Механізатары Дзмітрый Сушко, Мікалай Касцюк, Аляксандр Ярмак і іншыя, з якімі малады механік пачынаў свой працоўны шлях, сталі яму надзейнымі памочнікамі. А загадчыкам мехмайстэрні Іосіф Калантай стаў 8 гадоў таму. Моцная каманда спраўляецца з важнай задачай і на сяўбе, і на жніве, а таксама на іншых работах тэхніка не падводзіць. Калі самі спецыялісты на месцы не могуць справіцца са складаным рамонтам, ўзнікаюць якія – небудзь цяжкасці, тады агрэгаты і рухавікі адпраўляюць на рамонт на заводы. А што датычыцца запчастак, гаворыць Іосіф Калантай, дык праблем з імі заўсёды хапала. Калі ён толькі пачынаў свой працоўны шлях, грошай савецкіх у калгасе было ў дастатку, але справу псаваў дэфіцыт, зараз жа сітуацыя зрабілася амаль процілеглай — можна купіць усё, што душа пажадае, толькі цэны высокія. Таму, як і тры дзясяткі гадоў таму, знайшлі людзі адзінае рацыянальнае рашэнне: трэба быць сапраўднымі гаспадарамі, берагчы тое, што ёсць.
У полі зроку Іосіфа Калантая яшчэ і тэхніка бяспекі, і многія іншыя пытанні, а працуюць з ім побач токары, зваршчыкі, аўтаэлектрыкі, слесары, інструментальшчыкі. Кожнага ён умее падтрымаць добрым словам, заахвоціць. Вялікая адказнасць ляжыць на гэтым чалавеку, таленавітым кіраўніку.
У гаспадарцы пастаянна клапоцяцца пра паляпшэнне ўмоў працы. Калі чалавек адчувае, што кіраўніцтва нераўнадушнае да яго праблем, ён будзе старацца. У вырашэнне многіх пытанняў уносіць свой уклад менавіта Іосіф Калантай. Працуе кацёл на мясцовых відах паліва, у майстэрні ёсць гарачая вада, для мыцця спецадзення ўстаноўлена пральная машына.
Кожны год пасля палявых работ тэхніка ў СВК імя Варанецкага своечасова ставіцца на захаванне, усе патрабаванні выконваюцца. А фота Іосіфа Калантая можна ўбачыць на раённай Дошцы гонару. Заслужыў! Па працы яму і пашана.
Жонка Іосіфа Станіслававіча Данута Міхайлаўна працуе ў СВК імя Варанецкага бухгалтарам. Калі больш за тры дзясяткі гадоў таму яна прыехала сюды са Шчучына працаваць, праз некаторы час заўважыла, што часта прыходзіць у бухгалтэрыю адзін мясцовы хлопец. То кола яму трэба выпісаць, то яшчэ нейкія прычыны ў яго знаходзіліся. Не адразу зразумела дзяўчына, што гэта ўсё з-за яе. Негаваркі, сціплы, просты хлопец. Спадабаліся адзін аднаму, закахаліся.
У сям’і выраслі двое дзяцей. Сын вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, зараз жыве ў Ірландыі, працуе там менеджэрам, яго жонка — прадаўцом. Добра вывучыў англійскую мову, спачатку нават з рэпетытарам займаўся. У сям’і двое дзетак, старэйшы хлопчык ужо пайшоў у школу. За даступны крэдыт сям’я купіла прасторны двухпавярховы дом у горадзе, які знаходзіцца ў паўтары гадзінах язды ад Дубліна. Пашчасціла пабываць у гасцях у дзяцей і Іосіфу Станіслававічу, і Дануце Міхайлаўне, праўда, паасобку. Уражанні ў іх ад краіны і мясцовых жыхароў вельмі добрыя.
— Там усе з табой вітаюцца, незнаёмыя, хто ідзе насустрач па вуліцы і нават на другім баку, — расказвае жанчына. – Я ж нікога там не ведаю. А яны мне ўсміхаюцца! Вельмі прыязныя людзі ірландцы. Прыгожая прырода там, узгоркі. Мы ездзілі нават на ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна. Столькі ўражанняў было!
А Іосіфа Станіслававіча цікавіла сельская гаспадарка. У Ірландыі хутары і развітае фермерства. Гаспадарку вядуць рацыянальна, па самых сучасных тэхналогіях. Кожны жыве па сродках, пралічвае свой бюджэт. Там можна многаму павучыцца. Пабачылі свет нашы землякі, зараз з дзецьмі і ўнукамі па скайпу размаўляюць. Сын запрашае пераехаць да сябе і бацькоў. Прыемна, што дзеці іх так любяць, а наконт пераезду, дык наўрад ці ў такіх гадах нехта пакіне свой дом і куточак. А ў мяне свая думка – чалавек працавіты ўсюды прыгадзіцца. Калі рукі залатыя, яму ўсюды будзе добра!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *