Пра гістарычныя назвы бераставіцкіх вуліц

Лента новостей Общество

У гродзенскім архіве знайшоў план Вялікай Бераставіцы 19 стагоддзя. Зацверджаны ён будаўнічым аддзяленнем Гродзенскага губернскага праўлення 22 жніўня 1873 г. На плане прадстаўлена мястэчка ў тагачасных юрыдычных межах з планіроўкай і назвамі вуліц, зямельнымі пляцамі, мясцовай гідрасістэмай. Цэрквы, касцёл, млын, ратуша, гандлёвыя рады на плошчы, местачковыя могілкі з капліцамі – усё гэта ёсць на плане.

Архіўная знаходка падштурхнула мяне звярнуцца да тэмы бераставіцкай тапаграфіі-тапанімікі і яшчэ раз ўзгадаць гістарычныя назвы вуліц, якія існавалі у мястэчку ў 19 – пачатку 20 ст..

Паводле плана у цэнтры мястэчка знаходзілася плошча прамавугольнай формы. Перыядычна на ёй праводзіліся кірмашы і святочныя фэсты, таму яна называлася Базарнай. Пры Польшчы (20-30 гг. 20 ст.) плошча стала звацца Рынкавай або Рынак (Płac Rynkowy). Побач з Базарнай плошчай пазначаны шэраг самастойных будынкаў.

 Ад ўсходу вылучаецца пабудова ў форме лацінскага крыжа. Гэта Стары касцёл. У той час гэта была царква Хрыста Збавіцеля (Спаская), прыхадская, перабудаваная з касцёла і асвечаная ў 1868 г. Побач праз дарогу ад царквы цягнуцца гандлёвыя рады з лаўкамі. Іх уладальнікамі былі пераважна мясцовыя яўрэі. Хрысціянскіх крамаў тады было непараўнальна менш. Цяпер на гэтым месцы сучасныя пабудовы з рэстаранам „Колас” і спажывецкай крамай.

З поўдня да плошчы прымыкаў прадаўгаваты будынак былой Ратушы. Некалі Бераставіца карысталася магдэбургскім правам і мела свой уласны орган самакіравання – магістрат. Размяшчаўся ён акурат у гэтай ратушы. У сярэдзіне 19 ст. царскія ўлады пазбавілі мястэчка гэтага права, а будынак здалі ў арэнду. На яго першым паверсе адкрыліся крамы, а другі паверх засялілі яўрэйскія сем’і. Кожны гандляр меў кватэру прама над сваёй крамай. Пры Польшчы жыхары Бераставіцы называлі будынак “абэржай”. Ратуша згарэла ратуша і была разабрана ў час Другой сусветнай вайны.

Як відаць на плане, ад Базарнай плошчы у розных напрамках разыходзіліся 5 асноўных вуліц мястэчка:

  • ГРОДЗЕНСКАЯ (Grodzieńska) – самая доўгая вуліца мястэчка. Пры Польшчы яна не змяніла сваёй назвы. А вось у савецкі час стала называцца вуліцай Леніна. Напрамак – на поўнач, у бок Гродна, на тракт праз Алекшыцы, Індуру. Варта адзначыць, што Бераставіца некалі знаходзілася ў Гродзенскім павеце. У 1912 г. у канцы вуліцы на сядзібнай зямлі Касакоўскіх быў узведзены Новы касцёл, а будынак яго дададзены на план мястэчка. 
  • ЛУНЕНСКАЯ. Напрамак у бок мястэчка Лунна. Паводле статыстычных дадзеных, Лунна было найбліжэйшым ад Бераставіцы рачным прычалам на Нёмане, таму многія бераставіцкія сяляне вазілі прадаваць свой тавар менавіта ў гэты населены пункт. У часы польскай дзяржавы вуліцу назвалі Хадкевічоўскай (Chodkiewiczowska) у гонар былых уладальнікаў мястэчка. У наш час яна носіць імя Фелікса Дзяржынскага.
  • ВАЎКАВЫСКАЯ (Wołkowyska). Напрамак у бок Ваўкавыска, на тракт праз Бераставічаны, Шылавічы. Пры Польшчы назву не змяніла. Толькі невялікі яе адрэзак ад Рынка да развілкі са Свіслацкай, агулам каля 200 м., называўся вул. Св. Яна, Святаянскай (Świętojańska). Акурат на самой развілцы стаяла старажытная каплічка з фігурай Св. Яна Непамука. Магчыма з ёй звязана і назва вуліцы. Сёння Ваўкавыская вуліца называецца Чырвонаармейскай.
  • ПРАБАШЧОЎСКАЯ (рус. Пробощская, польск. Proboszczowska). Пры Польшчы назву не змяніла. У наш час носіць імя савецкага лётчыка Валерыя Чкалава. Верагодна гістарычная назва вуліцы звязана з касцельнымі маёмасцямі, зямельнымі пляцамі, будынкамі, якія тут размяшчаліся ў старажытнасці. Вядома што аж да 1939 г. на гэтай вуліцы быў дом касцельнага арганіста з памяшканнем для рэпетыцый хору.
  • БЕЛАСТОЦКАЯ (Białostocka). Цягнецца ад Базарнай плошчы на захад. Мінаючы бераставіцкія могілкі, выходзіць на тракт праз Шаляпкі і Галынку ў бок Беластока. Пры Польшчы назва вуліцы не змянілася. Яна па-ранейшаму называлася Беластоцкай. А вось ў часы савецкай улады вуліца стала не толькі называцца Савецкай, але і часткова змяніла свой накірунак. Цікава, што ў некаторых архіўных дакументах 19 ст. яна называецца яшчэ Варшаўскай.

І яшчэ некалькі вуліц мястэчка, пазначаных на плане:

1) СВІСЛАЦКАЯ (Świsłocka). Пачыналася ад Святаянскай развілкі (рог з вул. Ваўкавыскай) і злучалася з шашой у бок Свіслачы. Пры Польшчы назву не змяніла. Менавіта з гэтай вуліцы пачыналася традыцыйнае шэсце калоны на свята Божага Цела. Цяпер вуліца называецца Партызанскай.

2) ДОЛЬНАЯ (Падольная, польск. Dolna). Ляжала ўпоперак вул. Гродзенскай, цягнулася паралельна р. Бераставічанцы, потым паварочвала ўправа і выходзіла на бераг ракі. Знаходзілася ніжэй узроўня гістарычнага цэнтра мястэчка. Адсюль назва „Дольная”. Паводле архіўных дакументаў 19 ст. асноўнай адметнасцю вуліцы ў той час была яўрэйская малітвеная школа “Хеўра Ціелім”, адна з трох бераставіцкіх сінагог. У наш час вуліца носіць назву Кастрычніцкая.

3) МУХАЎСКАЯ. Паходжанне назвы патрабуе дадатковага вывучэння. Магчыма назва звязана з нейкім геаграфічным арыенцірам, напрыклад, з ручаём ці балотцам. Цікава, што ў Бераставіцы быў яшчэ і Мухаўскі завулак. Як відаць на плане, ён упоперак перасякаў аднайменную вуліцу. Цяпер гэта частка вуліцы Савецкай. Мухаўская пачыналася ад царквы Св. Міколы Угодніка і заканчвалася ля могілак. Пры паляках яе перайменавалі ў  Школьную (Szkolna). Тут быў будынак гміннага праўлення і польская пачатковая школа, якая перад вайной згарэла, а новую тады не паспелі дабудаваць. Сучасная назва вуліцы – Камсамольская.

Гэта ўсё, што датычыцца асноўных вуліц Бераставіцы. Безумоўна, у мястэчку іх было больш. У архівах сустракаліся мне такія назвы як Касцёльная, Пякарская, Тадэвуша Касцюшкі. Месца знаходжання іх пакуль яшчэ не вызначана. На заканчэнне хачу звярнуць увагу на адну недарэчнасць, якае прысутнічае на плане:

складальнік яго чамусьці пераблытаў месцамі праваслаўныя і каталіцкія могілкі.

Сяргей Лушчык, краязнаўца

Фота Сяргея Хілюты



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *