Пра гэта раскажа новая кніга

Лента новостей

Падрыхтавана і здадзена ў друк кніга “Доўгія вёрсты вайны”, сігнальны экзэмпляр якой вось-вось выйдзе ў свет. Сёння я гутару з адным з аўтараў гэтага праекта, складальнікам і галоўным рэдактарам кнігі Мікалаем Іванавічам Пацэнкам.

— Скажыце, калі ласка, як узнікла ідэя складання кнігі?
— Справа ў тым, што ў сувязі з датамі, якія мы адзначалі летась – 65-годдзе Вялікай Перамогі, 67-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а сёлета, як вядома, такі сумны юбілей, як 70-годдзе з дня пачатку вайны, — узнікла думка сабраць усе ўспаміны землякоў-франтавікоў і расказы пра іх. Яны друкаваліся ў бераставіцкай, пачынаючы з 1945 года, і свіслацкай газетах (у 1963-1966гг. Бераставіччына адносілася да Свіслацкага раёна). Вельмі многае было знойдзена ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і ў гродзенскіх архівах, ёсць запісы школьнікаў і членаў арганізацыі раённага савета ветэранаў. Увогуле, хачу сказаць, што па-за ўвагай не застаўся ніводзін матэрыял, у якім гутарка ідзе пра вайну. Дык вось, узнікла жаданне ўсё гэта, сістэматызаваўшы, надрукаваць і размножыць з такім разлікам, каб кніга пра франтавікоў і пра ўсіх землякоў, чый лёс балюча абпаліла вайна, абавязкова трапіла ў кожную школу, у кожную бібліятэку. І каб стала, перш за ўсё, для маладога пакалення Бераставіччыны, яшчэ адным напамінкам пра тыя гераічныя і трагічныя падзеі, якія прайшлі праз лёсы нашых землякоў.
Гэта незвычайная кніга. Сімвалічна кажучы, яна стваралася 70 гадоў, пачынаючы з трагічнага 41-га… На фронт пайшлі амаль 2 тысячы бераставічан, і толькі палова з іх вярнуліся дамоў. Загінуў амаль кожны другі. Больш за тысячу мужчын, юнакоў, дзяўчат і дзяцей былі вывезены ў фашысцкую Германію.
— З якіх раздзелаў складваецца кніга?
— У раздзеле “Вогненны чэрвень 41-га ” відавочцы ўспамінаюць пра пачатак вайны. А ў раздзеле “Доўгія вёрсты франтавых дарог” змешчаны ўспаміны франтавікоў. Запісаны яны ў розныя гады, у тым ліку і ў першыя пасляваенныя, калі цела і душа яшчэ крываточылі ад тых успамінаў… Думаецца, цікавым будзе не толькі для юных чытачоў, але і для сталых раздзел “Лісты з фронту”. А такі, як “У змрочныя дні акупацыі”, раскажа пра долю нашых землякоў, вывезеных у Германію, тут жа — успаміны бераста-вічан пра парадкі, што ўсталявалі акупанты на нашай зямлі. “Бераставіччына змагаецца” – у гэтым раздзеле аповед ідзе пра партызан і падпольшчыкаў, якія змагаліся ў нашых мясцінах, і пра бераставічан, якія ваявалі ў іншых атрадах Беларусі. Апошні раздзел кнігі называецца “И помнит мир спасённый, мир вечный, мир живой…” – ён як бы рэквіем па загінуўшых і памерлых, якія цаною жыцця свайго і ран здабылі гэты мір і – зварот да жывых не забывацца пра гэта.
— Мікалай Іванавіч, хто ўнёс значны ўклад у стварэнне кнігі?
— Гэта, перш за ўсё, дзясяткі журналістаў раённай газеты, многіх з якіх, на жаль, ужо няма сярод нас. У пачатку кнігі друкуюцца прозвішчы ўсіх аўтараў. Вялікі ўклад у стварэнні кнігі – членаў рэдакцыйна-выдавецкага савета С.Я.Чыкуна (старшыня савета), А.М.Раманік (намеснік старшыні савета), А.Ц. Хоміч, В.І.Ляховіча, З.В.Самковай, а таксама журналістаў, якія сёння працуюць у «раёнцы».
У кнізе 500 старонак, дзясяткі фотаздымкаў. Усю работу па камп’ютарным наборы, вёрстцы, шматразовым рэдактаванні тэксту і дызайне кнігі выканала А.Ц.Хоміч, прычым, часта ў свой вольны час. Цяпер кіраўніцтва раёна і асабіста старшыня рэдакцыйна-выдавецкага савета С.Я.Чыкун прыкладваюць намаганне на тое, каб кніга выйшла значным тыражом.
— З нецярпеннем будзем чакаць гэтага своеасаблівага летапісу жыцця роднай Бераставіччыны і яе жыхароў у гады ваеннага ліхалецця.
Гутарыла Марыя ДРАПЕЗА



2 комментария по теме “Пра гэта раскажа новая кніга

  1. Скажите, а можно ли приобрести эту книгу?

  2. Скажите, как приобрести эту книгу???

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *