26 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы прайшлі вуліцамі гарадскога пасёлка эўхарыстычнай працэсіяй.
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста называюць яшчэ святам Божага Цела, яна адзначаецца ў чацвер пасля Найсвяцейшай Троіцы, таму што менавіта ў чацвер Хрыстос устанавіў сакрамант Эўхарыстыі (у Вялікі чацвер).
Пасля вячэрняй святой Імшы сотні вернікаў разам са святарамі а.Вальдэмарам Слотам і а.Анджэем Іадкоўскім прайшлі вуліцамі райцэнтра, каб публічна падзякаваць Богу за ўсе дары, атрыманыя ад Яго, і вызнаць сваю веру ў прысутнасць Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Працэсія затрымлівалася каля чатырох алтароў, дзе чыталіся фрагменты Евангелля і адбывалася бласлаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам.
Асаблівую ўрачыстасць працэсіі надавала прысутнасць дзяцей, якія прынялі напярэдадні ў нядзелю сакрамант Першай Камуніі, і ў сваіх святочных белых уборах разам с дарослымі праслаўлялі Бога, даючы гэтым не толькі сведчанне сваёй веры, але і заахвочваючы іншых не баяцца паказваць сваю прыналежнасць да Хрыстовага Касцёла.
Ірына Міклаш, фота аўтара